Украінскі палітолаг: У Крамлі ўпэўненыя, што перамога Трампа прывядзе да палярызацыі амерыканскага грамадства


Сёння ёсць нямала алармісцкіх чаканняў наконт магчымага прыходу Дональда Трампа на прэзідэнцкую пасаду ў Злучаных Штатах, бо гэта можа справакаваць цэлы шэраг сур’ёзных зменаў у палітыцы гэтай дзяржавы: пачынаючы ад выхаду ЗША з НАТО да спынення дапамогі Украіне ў вайне з Расеяй. Але наколькі сур’ёзна варта адносіцца да гэтых размоваў? Спыталі ва ўкраінскага палітычнага аналітыка Віталя Портнікава.

Былы прэзідэнт ЗША і кандыдат у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп выходзіць на сцэну на мітынгу перад першаснымі выбарамі ў Нью-Гэмпшыры, ЗША, 19 студзеня 2024 года.
Фота: ELIZABETH FRANTZ / Reuters / Forum

Рабіць прагнозы немагчыма

Па-першае, на думку Віталя Портнікава, мы не можам сёння рабіць нейкія прагнозы адносна прыходу Трампа на прэзідэнцкую пасаду ў 2025 годзе, бо «яшчэ не перажылі 2024-ы».

Па-другое, Віталь Портнікаў лічыць, што прадказаць наступствы прыходу Дональда Трампа да ўлады ў ЗША немагчыма – з той простай прычыны, што ў гэтага палітыка, як гэта было падчас ягонага прэзідэнцтва ў ранейшы перыяд, «выключна свая карціна свету, якая ніяк не карэлюецца з рэальнасцю».

«Мы ж памятаем, – адзначае Віталь Портнікаў, – як ён спрабаваў настойліва дамовіцца з Кім Чэн Ынам, нават тады, калі было зразумела, што гэты дыялог наогул ні да чаго добрага не прывядзе, бо сам дыялог быў памылкай. Але Трамп стараўся яго праводзіць насуперак разумнаму сэнсу».

Праблемай, якая абазначылася ўжо на сённяшні дзень, Віталь Портнікаў лічыць тое, што Трамп відавочна зацікаўлены ў тым, каб Украіна была як мага больш падатлівай да тых варыянтаў, якія ён можа прапанаваць.

«І таму мы бачым, як рэспубліканцы, арыентаваныя на яго [Трампа. – Заўвага Белсат] у кангрэсе Злучаных Штатаў, практычна тармозяць вылучэнне дапамогі Украіне. Гэта якраз звязана не з тым, што можа адбыцца ў выпадку яго абрання прэзідэнтам, а з тым, што ўжо адбываецца. Таму што замаруджванні з дапамогай, якія яшчэ незразумела, чым скончацца, – гэта прамое наступства вось гэтага ўяўлення, што павінна адбывацца ў 2025 годзе [калі раптам да ўлады прыйдзе Дональд Трамп. – Заўвага Белсат]», – адзначыў Віталь Портнікаў.

Крамлю выгадны хаос у Злучаных Штатах

У свой час у Крамлі вельмі радаваліся абранню Трампа 45-м прэзідэнтам ЗША. «Але наколькі можна казаць пра тое, што Трамп – гэта палітык, схільны ісці на саступкі Маскве?» – спыталі мы ў украінскага палітычнага аглядальніка.

На думку Віталя Портнікава, Маскву цікавілі не саступкі, іх цікавіў хаос у Злучаных Штатах, і наш суразмоўца лічыць, што яна ў пэўнай ступені дамаглася сваёй мэты.

6 студзеня 2021 года тысячы прыхільнікаў Трампа сабраліся Капітолія ЗША, калі Сенат ЗША павінен быў зацвердзіць Джо Байдэна ў якасці прэзідэнта ЗША, а пасля таго, як некаторыя пратэстоўцы штурмавалі Капітолій, паліцыя ўжыла слезацечны газ.
Фота: AP Photo/Julio Cortez, APTOPIX

«Ці мы не можам з вамі канстатаваць хаатызацыі амерыканскай палітыкі? Ці не пры Трампе адбыўся штурм Капітолію? І зараз яны [расейцы. – Заўвага «Белсат»] зацікаўленыя ў хаосе. Яны абсалютна ўпэўненыя, што абранне Трампа прэзідэнтам прывядзе да далейшай дэградацыі супрацоўніцтва паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі, далейшай палярызацыі амерыканскага грамадства, і яны збіраюцца на гэтым гуляць», – кажа Портнікаў.

На думку палітычнага аналітыка, Расея дакладна разумее, што ў яе няма палітычных і эканамічных магчымасцяў гуляць на адным узроўні з ЗША. Але калі перавесці Злучаныя Штаты на адзін узровень з сабой, то можна ўжо пачаць такую гульню. «То бок Расейская Федэрацыя аб’ектыўна зацікаўленая ў дэградацыі палітычнага жыцця Злучаных Штатаў. Вось і ўсё», – рэзюмаваў палітычны аналітык.

Ці можа Трамп стаць прэзідэнтам?

Выбары прэзідэнта адбудуцца ў Злучаных Штатах у лістападзе 2024 года. Дональд Трамп назваў сваю перадвыбарчую кампанію «крыжовым паходам» супраць кіраўніка дзяржавы Джо Байдэна і «злачынцаў у ягонай адміністрацыі».

У сваю чаргу Джо Байдэн на першай перадвыбарнай прамове сказаў, што «Трамп – фундаментальная пагроза дэмакратыі».

Тым не менш пакуль да канца не зразумела, ці зможа Дональд Трамп удзельнічаць у выбарах. Бо напрыканцы снежня 2023 года некаторыя штаты ЗША забаранілі яму браць удзел у першасных выбарах, якія пройдуць 5 сакавіка 2024 года. Сярод іх – штаты Мэйн і Каларада.

Падставай для гэтага стала тое, што Трамп нібыта распаўсюджваў непраўдзівую інфармацыю і заклікаў сваіх прыхільнікаў здзейсніць марш на Капітолій. Такім чынам, паводле дзяржаўнай сакратаркі штату Мэйн Шэны Бэлаўз і Вярхоўнага суду Каларада, была парушаная 14-я папраўка Канстытуцыі ЗША, што забараняе балатавацца ўдзельнікам мяцяжу. Дональд Трамп намагаецца аспрэчыць пастанову Вярхоўнага суду Каларада.

Аналітыка
Крок да вялікай вайны ці яе перадухіленне? Якія наступствы будуць мець удары ЗША ў Емене
2024.01.12 17:03

На 8 лютага 2024 года Вярхоўны суд ЗША прызначыў пасяджэнне, на якім будзе вырашацца, ці зможа Трамп прыняць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША будзе абавязковым для ўсіх штатаў, таму фактычна інстанцыя пастановіць, ці зможа Трамп зноў балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Пры гэтым 16 студзеня стала вядома, што Трамп з вялікім адрывам перамог на выбарах кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі ў штаце Аява – гэта было першае ўнутрыпартыйнае галасаванне. Лідарства Трампа сярод рэспубліканцаў прызнаў нават Джо Байдэн.

Пасля сваёй перамогі ў Аяве Трамп заявіў, што ён вельмі хутка вырашыць канфлікт ва Украіне, бо «вельмі добра ведае» Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага, таму зможа «звязаць іх» для вырашэння канфлікту. Аднак у СМІ з’яўляюцца звесткі, што ЗША могуць перастаць аказваць дапамогу Украіне ў выпадку перамогі Трампа.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў