«BELPOL»: Мінабароны Беларусі «пілуе» мільёны долараў на продажы верталёта ў Расею


Бліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка павінен зацвердзіць дакументы адносна продажу ў Расею цяжкога вайскова-транспартавага гелікоптара Мі-26Т. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў аб’яднанні былых сілавікоў «BELPOL». Пры гэтым там мяркуюць, што Міністэрства абароны з карупцыйных прычынаў значна занізіла кошт верталёта.

Верталёт, які прадавала Міністэрства абароны Беларусі.
Фота: nashaniva.by

Гелікоптар Мі-26Т – найбуйнейшы на свеце і можа перавозіць грузы масай да 20 т або 82 дэсантнікі са зброяй і амуніцыяй. Таксама яго можна выкарыстоўваць у якасці санітарнага ці пажарнага.

Верталёт, які плануецца прадаць, мае завадскі нумар 34001212461, другую катэгорыю лётнай прыдатнасці і знаходзіцца на балансе Міністэрства абароны Беларусі. Яго ўжо пяць гадоў спрабавалі прадаць праз РУП «Белспецкантракт»: спачатку за $ 6,5 млн, затым – $ 4,5 млн, але ў выніку дамовіліся з пакупніком на $ 1,5 млн.

Паводле «BELPOL», такі кошт продажу Лукашэнка абгрунтавалі тым, што «Белспецкантракт» нібыта правёў маркетынгавыя даследаванні і абраў пакупніка, які прапанаваў найбольш высокую цану. Гэты пакупнік – расейская камерцыйная структура, ТАА «Альфа Скай», што спецыялізуецца на перапродажы авіяцыйнай тэхнікі, але рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем верталётаў не займаецца.

«Гэта значыць, гэта проста фірма-пасярэдніца, або «жуллё», як любіць выказвацца аграфюрэр», – падкрэслілі ў «BELPOL».

Абвестку пра продаж гелікоптара ўжо выдалілі з сайту «Белспецкантракту». Але верталёт ужо з’явіўся на расейскай электроннай гандлёвай пляцоўцы «Tehclub», што спецыялізуецца на рэалізацыі авіяцыйнай тэхнікі. І прадаюць яго больш як у чатыры разы даражэй – за $ 6,5 млн. Пры першапачатковым размяшчэнні ў 2020 годзе абʼявы пра яго продаж на гэтым жа сайце цана верталёта складала $ 10,9 млн. Беларускі бок яго тады ацаніў на $ 4,5 млн.

Гелікоптар, які прадаецца на платформе «Tehclub».
Фота: tehclub.site

У тым, што гэта адзін і той жа верталёт, лёгка пераканацца, параўнаўшы рэкламныя матэрыялы Мінабароны Беларусі, «Белспецкантракту» і «Tehclub». Супадае ўсё: год вырабу – 1991, налёт – 1437 гадзінаў, перыяд правядзення капітальнага рамонту – верасень 2015 і нават фотаздымкі верталёта звонку і ўнутры ідэнтычныя і зроблены на беларускім вайсковым аэрадроме «Мачулішчы», адзначылі ў «BELPOL».

Паводле арганізацыі, няясна, хто «распілаваў» розніцу ў кошце вайсковага верталёта – $ 5 млн. На думку «BELPOL», гэта можа быць міністр абароны Віктар Хрэнін, які асабіста падпісаў дакументы аб яго продажы за $ 1,5 млн і перадаў іх на подпіс Лукашэнку, або «камандуючы ВПС і СПА Андрэй Лукʼяновіч, або іх падначалены – начальнік службы ва ўпраўленні ўзбраення ВПС і СПА Ігар Кічыгін, які афармляў пакет дакументаў. Усе яны або этнічныя расейцы, або маюць грамадзянства Расеі.

У «BELPOL» спадзяюцца, што «карныя структуры рэжыму ўжо найбліжэйшым часам дадуць адказ на гэтае пытанне».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў