Гісторыя паўтараецца. Як Расея 100 гадоў таму ўжо зазнавала ганебную паразу на зямлі і моры


50 дзён таму Расея пачала вайну з Украінай, якая практычна не мае флоту, але ўжо другі раз вялікі вайсковы карабель РФ гіне ці як мінімум надоўга страчвае баяздольнасць. 13 красавіка ўсчаўся вялікі пажар на флагманскім караблі Чарнаморскага флоту РФ – ракетным крэйсеры «Масква». Але ж гэта не першы раз, калі Расея зазнае паразу на моры ад дзяржавы, якую не ўспрымала ўсур’ёз.

Крэйсер «Масква» – той самы «расейскі ваенны карабель», які ў пачатку вайны спрабаваў атакаваць востраў Змяіны.
Фота: Mil.ru

На крэйсеры «Масква» выбухнуў боезапас, пасля чаго карабель быў цалкам пакінуты экіпажам – гэта тая інфармацыя, з якой згодныя і прадстаўнікі Украіны, і расейскія прапагандысты. Як стала вядома пазней, карабель пайшоў на дно. Паводле адной з версіяў, «Маскву» падбілі ўкраінскім супрацькарабельным комплексам «Нэптун».

Лёс «Масквы» ў агні варты ўвагі, аднак гэты факт не выключны ў расейскай ваеннай гісторыі. Расея прыблізна 100 гадоў таму ўжо зазнавала ганебную паразу на зямлі і моры ад дзяржавы, якая адносна нядаўна ступіла на шлях глыбокіх рэформаў.

«А што там у макак?»

Так ці прыблізна так мог пытаць пра навіны з Японіі апошні імператар Расейскай імперыі Мікалай ІІ у 1904 годзе. З ягонага пункту гледжання, ён мог сабе дазволіць так ставіцца да ўсходняга суседа: азіяты ўсяго гадоў 30 таму пачалі рэформы ў еўрапейскім духу.

Японцы практычна з нуля пачалі ствараць сучаснае войска, флот, дзяржаўную адміністрацыю, фінансавую сістэму, дыпламатыю, асвету, прамысловасць.

Як і пазней, расейскія шавіністы лічылі, што галоўны вораг – Вашынгтон і Лондан. Расейскі плакат часу расейска-японскай вайны

«Гасудар быў, вядома, вельмі ўпэўнены, што Японія, хоць, можа, і з нейкімі высілкамі, будзе цалкам разбітая. Што ж датычыць грошай, то баяцца няма чаго, бо Японія цалкам верне праз кантрыбуцыі. У першы час звычайным выказваннем яго ў рэзалюцыях было «гэтыя макакі». Потым гэты назоў пачалі выкарыстоўваць гэтак званыя патрыятычныя газеты, якія ў сутнасці ўтрымліваліся на дзяржаўныя грошы», – пісаў у сваіх сваіх успамінах царскі міністр Сяргей Вітэ.

Расея з Японіяй спачатку мірна падзялілі паміж сабою Карэю на сферы ўплыву, аднак Мікалаю ІІ і групе бліжэйшых дарадцаў гэтага аказалася мала – сталі з’яўляяца праекты стварэння новай тэрыторыі, цалкам падпарадкаванай Расеі. Без жартаў: яе хацелі назваць Жаўтаросія.

Партрэт расейскага міністра ўнутраных справаў Вячаслава Плеве, які першы ўжыў выраз «Нам трэба маленькая пераможная вайна». Аўтар – І. Рэпін

Пад выглядам аховы чыгункі і расейскіх прадпрыемстваў Расея стала ўводзіць усё большыя вайсковыя кантынгенты на спрэчныя тэрыторыі Кітаю і Карэі.

Японцы спрабавалі дыпламатычна развязаць пытанне расейскіх «іхтамнетаў», аднак не ўдалося. Больш за тое, расейскае кіраўніцтва жадала вайны – менавіта ў той час самі расейцы і прыдумалі выраз пра патрэбу «маленькай пераможнай вайны».

У пачатку 1904 года гэтая «маленькая пераможная» вайна і пачалася.

Сюрпрыз за сюрпрызам

У той час яшчэ ніводная нееўрапейская краіна, акрамя ЗША, не лічылася роўнай – ваенна ці эканамічна – нейкай вялікай дзяржаве Старога Свету. Хіба што нямецкія і брытанскія вайсковыя інструктары ды інжынеры маглі нешта рэалістычна сказаць пра тое, як пакажа сябе вельмі маладая японская армія і яшчэ больш малады флот у баі з еўрапейскім праціўнікам.

І японцы сябе паказалі.

Спачатку яны высадзілі войска ў Карэі і ўзялі ў аблогу расейскую крэпасць Порт-Артур. Расейскія войскі і флот не здолелі парыраваць гэтых дзеянняў. Расейская ваенна-марская эскадра ў Порт-Артуры была блакаваная і зазнавала ўсё большыя страты.

Калі спачатку расейцы яшчэ маглі спадзявацца на нейкую перамогу над японскім флотам, то пасля таго як на японскай міне ўвесну падарваўся флагман эскадры, браняносец «Петропавловск», на якім загінуў камандуючы адмірал Сцяпан Макараў, шанцы на нейкі поспех амаль прапалі.

На сопцы пасля штурму. 1904–1905 гады. Аўтар – М. Самокіш

На зямлі справы былі не лепшыя: японскія генералы аказаліся не горшымі, а можа, і лепшымі стратэгамі ды арганізатарамі за расейцаў. Дадаткова ім дапамагаў той вядомы ўсім факт (пра які расейцы забыліся), што японцы могуць вазіць і забяспечваць свае войскі па моры, а расейскае войска вісіць на танюсенькай і адзінай чыгуначнай галінцы тады яшчэ кволага Транссібу.

Японскія генералы ды афіцэры паказвалі не толькі свой высокі баявы дух і прафесіяналізм, які быў вынікам гатовасці і жадання вучыцца новаму, але большую ініцыятыўнасць, чымся ў праціўніка. І расейская армія амаль усю вайну толькі адступала і ніяк не магла прыйсці на дапамогу Порт-Артуру.

У выніку фартэцыя здалася пасля доўгай і крывавай аблогі ў канцы 1904 года. У палон трапілі 23 тысячы расейскіх жаўнераў – першы такі выпадак у вайне вялікай дзяржавы таго часу з азіяцкаю краінаю.

Цусімская катастрофа

Найбольш ганебным для Расеі стаўся лёс эскадры, якую Расея паслала на дапамогу сваім маракам на Ціхім акіяне аж з Балтыйскага мора. Гэта было вельмі моцнае, хоць і некалькі неаднароднае ваенна-марское злучэнне, якое не тое каб прынцыпова саступала тым японскім сілам, якія ўжо перамаглі расейскую эскадру ў Порт-Артуры.

Японцы мелі галоўную перавагу – досвед вайны, упэўненасць у сваіх сілах пасля ўжо некалькіх поспехаў, добрую арганізацыю, сувязь і блізкасць сваіх партоў для абслугоўвання караблёў.

Мапа Цусімскага пабоішча. Крыніца: wikipedia.org

У траўні 1905 года расейская эскадра нарэшце дайшла да раёну ваенных дзеянняў. Порт-Артур даўно здаўся, і дапамагаць было няма каму, але караблі ішлі наперад.

І менавіта каля выспы Цусіма паміж Японіяй і Карэяй расейская эскадра была цалкам разгромленая.

Японцы страцілі толькі тры невялікія мінаносцы. Пры гэтым затануў 21 расейскі карабель, у тым ліку некалькі магутных браняносцаў (разам з флагманскім браняносцам «Князь Суворов»), а 5 караблёў здаліся ў палон.

Ганьба была на ўвесь тагачасны свет. Ніхто не чакаў такога выніку ад сутыкнення вялікай дзяржавы з нейкімі там японцамі.

Гэта быў нечуваны разгром – і ад каго? Ад краіны, з якой у Расеі смяяліся, з якой здзекаваліся. Ад народу, які адкрыта прыніжалі і ў кабінетах ураду, і ў вулічнай прэсе.

Няўдалая для Расеі вайна – шанец для беларусаў

Ніякіх асаблівых санкцыяў супраць Расеі (ці супраць Японіі) не было, але ўжо першы год вайны стаўся цяжкім для самаўладнай Расеі. Шавіністычны запал хутка мінуў, і аказалася, што вайна не нясе ніякіх поспехаў, толькі трупы з фронту ды эканамічныя праблемы ў тыле.

У расейскай «патрыятычнай» прапагандзе царскія жаўнеры толькі перамагалі. Плакат 1905 года. Крыніца: wikimedia.org

У Расеі паступова пачаліся страйкі работнікаў, масавыя выступы сялянаў, дэманстрацыі, а потым і магутныя паўстанні – у тым ліку сярод вайскоўцаў. Хоць царскія войскі часам вельмі крывава знішчалі паўстанцаў ці любых падазроных, ігнараваць настроі грамадства было ўжо немагчыма.

Ціск левых і ліберальных арганізацыяў паступова прывёў да таго, што цару давялося пайсці на адносную дэмакратызацыю і лібералізацыю. Стварылі першы расейскі парламент, самаўладдзе цара было абмежаванае, былі дазволеныя партыі ды прафсаюзы і г. д.

Што цікава для нас, паўсталі першыя беларускія легальныя палітычныя арганізацыі.

Дазволілі друк на мовах нацыянальных меншасцяў. У 1906 годзе пачала выходзіць першая легальная беларускамоўная газета – «Наша ніва».

Без усякага сумневу, немагчыма раўняць падзеі 2022 года з падзеямі 1904–1905, аднак значнае падабенства, на наш погляд, існуе.

Дакладна тое, што адзін вялікі дэсантны карабель расейскага флоту і флагманскі крэйсер Чарнаморскага флоту «Масква» патанулі. І сам факт патаплення галоўнага карабля Чарнаморскага флоту хіба што адна з найбольш сурʼёзных ваенна-марскіх паразаў у расейскай гісторыі за шмат дзесяцігоддзяў.

Магчыма, як і параза 100-гадовай даўніны, параза ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны выкліча глыбокі крызіс і рэформы ў самой Расеі, што дасць магчымасць на новае развіццё і беларусам.

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў