«Калі здымаю сюжэты ў Літве, заўсёды думаю: а ці трэба гэта тым, хто працягвае жыць у Беларусі?»


Журналістку Алену Дубовік гледачы «Белсату» памятаюць з рэпартажаў на вострыя сацыяльныя тэмы з розных куткоў Беларусі. Цяпер яе можна ўбачыць у сюжэтах з Літвы. На радзіме Алена перажыла Акрэсціна, збіццё і лякарню пасля вызвалення.

Сям’я журналісткі распалася: муж не зразумеў адданасці прафесіі ва ўмовах небяспекі. Праз пераслед і пагрозы нашая калега была вымушаная з’ехаць з Беларусі. Мы паразмаўлялі з Аленаю пра ейны шлях у журналістыцы, жыццё ў новай краіне і тое, ці лёгка беларусам працаваць з эміграцыі.

Алена Дубовік.
Фота: Белсат

«Праца была як хобі, настолькі мне падабалася тое, што я раблю»

Алена, як ты прыйшла ў журналістыку?

– У мяне няма журналісцкай адукацыі, я скончыла філалагічны факультэт, вывучала расейскую і беларускую філалогію. Два гады адпрацавала ў школе. Потым на 7 гадоў сышла ў дэкрэтны адпачынак. Пасля нараджэння трэцяга дзіцяці працавала на фрылансе капірайтарам, потым мяне запрасілі журналісткай на TUT.by у раздзел Rebenok.by. Паступова я стала рэдактаркай. Але праз малое дзіця сышла.

У 2019 годзе праходзіў набор у Школу журналістыкі імя Барыса Нямцова ў Празе. Там быў вельмі вялікі конкурс, каля 30 чалавек на месца, здаецца. Я падалася і прайшла. На месяц з’ехала ў Прагу вучыцца. Там я вырашыла, што застануся ў журналістыцы, але ў тэкставай – пра тэлежурналістыку я ведала мала. Аднак, калі я скончыла гэтую школу, мяне запрасілі працаваць на «Белсат».

– Што цябе найбольш зачапіла ў журналістыцы?

– Напэўна, гэта для мяне добры спосаб самавыяўлення. А яшчэ – магчымасць распавядаць праўду. Калі я толькі ўвайшла ў журналістыку, мне вельмі хацелася на ўвесь свет крычаць пра тое, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне.

Фота: АШ / Facebook

Шмат займалася сацыяльнаю журналістыкай і дасюль найбольш люблю гісторыі звычайных людзей. Агулам, калі без пафасу, мой прыход у журналістыку – збег акалічнасцяў. Так сышліся зоркі, склаліся карты. Паспрабавала, зразумела, што падабаецца, атрымліваецца, – і ўсё.

Да пачатку перадвыбарчай кампаніі, у траўні 2020 года, у мяне не было адчування, што я працую. Гэта было як хобі, настолькі мне падабалася тое, што я раблю. Я ўставала раніцаю і хацела некуды ехаць, здабываць інфармацыю, здымаць. Кайф ад працы заставаўся нават тады, калі стала небяспечна і пачаліся затрыманні. Вось гэта мяне найбольш зачапіла: што я не проста зарабляла грошы, а атрымлівала задавальненне ад таго, што раблю.

«Мяне траўмавала не ўласная гісторыя, а вялізная колькасць жорстка збітых мужчынаў на Акрэсціна»

– Ты ж напэўна ведала пра пераслед белсатаўцаў, калі прыйшла працаваць. Не было страшна? Ты была падрыхтаваная да таго, што можа адбывацца?

– Мне вельмі хацелася працаваць у медыях без аніякай цэнзуры, цалкам незалежных ад уладаў. Дзе мяне не будуць прасіць узгадняць каментароў з чыноўнікамі, а прэс-сакратары гэтых чыноўнікаў не будуць потым патрабаваць прыбраць артыкул. Ведала пра пераслед, але тады быў перыяд нейкага зацішша. Былі штрафы, але моцнага прэсінгу не было. А яшчэ для мяне гэта была адзіная магчымасць уваходу ў тэлежурналістыку. Акрамя таго, я ведала, што «Белсат» папулярны ў беларусаў, яго глядзяць у вёсках. Мне гэта падабалася, і жаданне працаваць у такім СМІ было мацнейшым за страх.

– Распавядзі, калі ласка, пра свой 2020 год.

– Упершыню працаваць зрабілася страшна. Першы раз мяне затрымалі ў чэрвені на выездзе з Бабруйску, пасля стрыму са збору подпісаў за Ціханоўскую. У мяне быў шок. У Бабруйскім УУС амапаўцы вадзілі мяне па калідорах, ставілі да сцяны, не давалі вады. Мяне ўратавала тое, што за два месяцы да гэтых падзеяў я праходзіла трэнінг па бяспецы, дзе нам распавядалі, як супрацоўнікі органаў ціснуць, запужваюць, як гэтаму супрацьстаяць. Увесь час у УУС я згадвала гэты трэнінг, каб супакоіцца і не дазволіць сябе запужаць.

Потым нас сталі спыняць пасярод дарогі, не давалі даехаць да месца здымак ці стрыму. Але тады яшчэ закон нібыта працаваў, была ўпэўненасць, што праз тры гадзіны адпусцяць. І адпускалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Журналісты і карэспандэнты працуюць у Менску. 2 лістапада 2020 года.
Фота: Белсат

А потым здарылася Акрэсціна, куды я трапіла 10 жніўня. Там мяне білі, трое содняў правяла ў сапраўднай катавальні. Пасля вызвалення я трапіла ў лякарню. Аднак асабістая гісторыя дзіўным чынам не стала для мяне траўмаю. Больш уразіла тое, што я там убачыла і пачула. Тады зразумела, наколькі страшныя рэчы робяцца ў нашай краіне.

Памятаеш зліты аўдыязапіс, на якім чуваць удары і мужчыны крычаць: «Мама!»? Гэта было якраз у той дзень, калі мы там былі. Гэтых мужчынаў збівалі над намі.

А ў дзень майго вызвалення, 13 жніўня, пасля суда пра мяне забылі ва ўнутраным дворыку ІЧУ. Я тры гадзіны там сядзела і глядзела, як выводзілі і ставілі да сцяны мужчынаў – вельмі жорстка збітых, асабліва пабітыя ў іх былі ногі і галовы.

У той час шмат казалі, што Лукашэнка пратрымаецца максімум да зімы, а мне пасля Акрэсціна было відавочна, што з той арміяй сілавікоў, якія гатовыя збіваць, забіваць свой народ, ён пратрымаецца доўга, і нам усім будзе вельмі цяжка.

«Было страшна, небяспечна, але хацелася працаваць назло»

– Як перажытае змяніла тваю працу і цябе?

– Пасля збіцця ў ізалятары была мікрагематурыя – кроў у мачы. Месяцы два было балюча хадзіць у прыбіральню. Пасля таго, як мінулі фізічныя наступствы, накрыла псіхалагічна. У сакавіку 2021 года я пайшла да псіхатэрапеўта, бо разумела, што не выцягваю.

Былі думкі пакінуць прафесію. Больш праз дзяцей. Я думала, што будзе з дзецьмі, калі да мяне ўломяцца. Але адначасова было жаданне справядлівасці. Вера, што твая праца хоць і маленькая кропелька ў моры, але дапаможа нешта змяніць.

Перыяд з сакавіка да ліпеня 2021 года стаў самым цяжкім часам, калі працаваць было найбольш страшна. Тады ў мяне і пад домам міліцыянты стаялі, і ўчастковы шукаў, суседзяў распытваў. Потым пачалі дасылаць пагрозы з ананімных акаўнтаў. У сакавіку нас затрымалі ў Берасці. Аператара не чапалі, а мяне завялі ў пакой, раздзелі цалкам, вырвалі з маёй байкі шнуркі, вывернулі мае майткі…

Алена Дубовік.
Фота: Белсат

Падчас некаторых здымак за намі паўсюль ездзілі. З гораду выязджалі лесам, ляснымі сцяжынамі, бо ведалі, што на трасе затрымаюць. А каб не канфіскавалі тэхнікі, пасля здымак пакідалі яе героям, выязджалі з гораду і, калі разумелі, што ніхто не сочыць, тэлефанавалі герою, і ён падвозіў нам тэхніку.

Гэты ж перыяд быў самы прадуктыўны ў працы. Зрабіла вялікую колькасць сюжэтаў, якія падабаліся. Я рыла носам. Магчыма, гэта быў такі зваротны эфект: чым больш на мяне ціснулі, тым больш я ўпіралася. Хацелася працаваць назло ўсім. Я рабіла сюжэты пра каронавірус, ездзіла ў лякарні, хоць гэта было вельмі небяспечна, на нас выклікалі міліцыю. Пра самвыдат, пра высяканне лесу быў вялікі сюжэт. Было страшна, небяспечна, але мяне гэта толькі больш натхняла працаваць.

«Мая сям’я развалілася. Муж не разумеў, чаму я не кідаю працы»

– Як гэты пераслед перажывалі твае блізкія, сям’я?

– Сям’я развалілася. Муж не разумеў, чаму я не кідаю працы. Ён не вытрымліваў таго, што ён выходзіць паліць, а ля пад’езду стаіць машына, у ёй – людзі ў масках. Адна і тая ж машына штовечар. Майго ад’езду ён не падтрымаў. Думала, што ён прыедзе да мяне, калі я з’ехала, але не прыехаў. Цяпер нам засталося толькі афіцыйна развесціся.

Адзінае, што ўратавала б маю сям’ю, – гэта адмова ад уласных прынцыпаў. Сесці роўна, супакоіцца, не працаваць ці пайсці працаваць у школу, чаго хацелі ад мяне мае сваякі. Мне казалі: у цябе ёсць прафесія, ідзі працуй у школу. Як пайсці туды працаваць пасля выбараў, калі настаўнікі сваймі фальсіфікацыямі спрычыніліся да таго, што потым адбывалася? Для мяне гэта гучала прыблізна як «ідзі працаваць у міліцыю».

Адначасова, калі я выйшла з Акрэсціна, я зразумела, што траўмаваная менш за мужа ці маму. Яны трое содняў не ведалі, дзе я. Муж па коле аб’язджаў РАУСы цягам трох содняў. Я ўяўляю ягоны стан. Ён баяўся за мяне, і я разумею, што гэта магло паўплываць на яго і нашыя далейшыя дачыненні. Мне здаецца, што траўма нашых блізкіх нават мацнейшая за траўму тых людзей, якія там пабывалі. Таму я ні ў чым яго не вінавачу.

– Ты доўга трымалася ў такіх умовах. Што ўсё ж сталася апошняю кропляю, пасля якой ты з’ехала?

– Пасля аднаго з сюжэтаў мае крыніцы мяне папярэдзілі, што па мяне прыйдуць. Хоць яшчэ са снежня 2020 года мне казалі, што я «ў распрацоўцы». Я не вельмі разумела, што гэта значыць. Два ці тры разы я атрымлівала з ананімных тэлеграм-акаўнтаў такое паведамленне. Мяне гэта крыху выбівала з каляіны, але не моцна ўплывала, бо я разумела, што ідзе хваля запужвання. Але калі мне пра гэта сказаў чалавек, які сапраўды меў доступ да такой інфармацыі, якога я ведаю і якому давярала, я зразумела, што ўсё можа быць сур’ёзна.

Алена з дзецьмі.
Фота: АШ / Facebook

Ляцела адна з дваімі малымі дзецьмі – трох і пяці гадоў. Гэта быў дзікі стрэс. На маім рэйсе затрымалі актывістку, наўпрост на пасадцы. Пакуль самалёт не ўзляцеў, нават калі ён набіраў вышыню, я ўвесь час баялася, што яго пасадзяць і забяруць мяне. Была ўпэўненая, што мне не дадуць зляцець. Але, напэўна, я была не такою значнай асобаю, на той момант затрымлівалі больш важных людзей, наконт журналістаў загаду не было.

Праз тыдні два пасля ад’езду па мяне сапраўды прыйшлі.

«Пакуль у Беларусі частка маёй сям’і, я працягну працаваць для радзімы нават за мяжою»

– Што матывуе надалей заставацца ў прафесіі?

– Па-першае, акрамя журналістыкі, я, напэўна, больш нічога не люблю. Цяпер самая вялікая трагедыя ў тым, што я не разумею, як мне далей працаваць, як рабіць журналістыку для Беларусі, калі ты не там, калі ты не можаш выехаць на месца, паразмаўляць з людзьмі. Перыядычна я думаю, навошта гэта трэба і ці не сысці. Але пакуль трымае надзея, што ці я знайду шлях, як працаваць тут, ці мы вернемся.

Напэўна, калі я ўсвядомлю, што не маю доступу ў краіну, журналістам якой я сябе лічу, і гэта надоўга, гэта і стане канцом маіх дачыненняў з беларускаю журналістыкай. Але пакуль я хачу вярнуцца ў Беларусь і там частка маёй сям’і, мой старэйшы сын, я працягну працаваць для Беларусі нават за мяжою, старацца змяніць сітуацыю, наколькі гэта ў маіх сілах.

Мне вельмі бракуе камунікацыі з нашымі звычайнымі людзьмі, іхных праблемаў. У Літве можна рабіць журналістыку пра тых, хто з’ехаў, пра дыяспару, але гэта не сацыяльная журналістыка, гэта не жыццё нашых простых беларусаў. І калі я здымаю тут сюжэты, увесь час думаю: а ці трэба гэта, ці цікава тым, хто застаўся? Навошта я ім распавядаю, як уладкавацца ў Літве ці якія тут цяжкасці? У людзей у Беларусі зусім іншыя пытанні.

Я тут больш за паўгода і адчуваю, што перастаю разумець, як жывуць беларусы. Калі размаўляю з сябрамі, якія засталіся там, я чую іхны страх. Яны выходзяць з дому і баяцца, што па іх прыйдуць. А я разумею, што ўжо праз два месяцы ў Літве я страціла гэтае адчуванне – пастаяннага страху. Калі баішся бусікаў, азіраешся па баках, калі за табою нехта ідзе – і ты спыняешся, каб прапусціць чалавека наперад, бо табе здаецца, што цябе ззаду схопяць…

Новая студыя Белсату
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ДД / Белсат

І я задаю сабе пытанне: як магу рабіць журналістыку для людзей, якія ў Беларусі, калі я ўжо не адчуваю і не ведаю, што яны там адчуваюць, чым жывуць? Наколькі такая журналістыка сумленная?

«Жыву з думкаю, што ўсё тут часова і я вярнуся дамоў»

– Як ты адаптавалася? Ці верыш, што вернешся ў Беларусь?

– Збольшага адаптавалася, не магу сказаць, што мне кепска. Мне тут падабаецца, усе вельмі прыязныя. Самае вялікае пытанне цяпер – фінансавае. Вялізныя кошты на жытло і камунальныя паслугі: у мяне камуналка выйшла 200 еўраў за снежань.

Для мяне Літва – вельмі камфортная, зразумелая краіна. Значную ролю адыгрывае тое, што побач Беларусь, мой сын. Мне цяплей ад гэтага. Мама ў Маладзечне, зусім блізка. Ёй да Менску ехаць столькі ж, колькі да Вільні. Я пастаянна думаю, што, калі адчыняцца межы, мама і сын змогуць да мяне прыязджаць. У Літве цяпер у мяне ёсць сябры, я амаль не адчуваю моўнага бар’еру. Літоўскую пакуль свядома не вучу, хоць разумею, што трэба. Проста, у маім уяўленні, калі ты пачынаеш вучыць мову чужой краіны, гэта як крок да невяртання на радзіму.

А я пастаянна думаю пра тое, што вярнуся. Не адчуваю Літву сваім домам. У мяне ў Менску кватэра, мне ўжо мама і муж кажуць аб продажы, а для мяне гэтыя размовы невыносныя, бо як гэта: я прадам, а куды я буду вяртацца? Я не хачу абрываць каранёў і пакуль жыву з думкаю, што тут усё часова, а маё жыццё пачнецца, калі я вярнуся дадому.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў