Еўрапарламент назваў Лукашэнку суўдзельнікам злачынстваў Расеі супраць Украіны


Еўрапарламент 13 верасня прыняў Рэзалюцыю аб дачыненнях з Беларуссю, у якой самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку прызнаюць суўдзельнікам злачынстваў Расеі ва Украіне, у прыватнасці ў дэпартацыі дзяцей. Рэзалюцыю апублікавалі на афіцыйным сайце Еўрапарламенту.

Пасяджэнне Еўрапарламенту. Страсбур, Францыя. Здымак відэатрансляцыі: europarl.europa.eu

«Забяспечваючы ўмовы для неапраўданай расейскай агрэсіўнай вайны супраць Украіны, рэжым Лукашэнкі стаўся суўдзельнікам злачынстваў, учыненых Расеяй, што прадугледжвае адказнасць за разбурэнні і шкоду Украіне», – адзначаецца ў дакуменце.

У звязку з гэтым «спецыяльны міжнародны трыбунал у справе злачынства агрэсіі, учыненага Расеяй супраць Украіны, павінен мець паўнамоцтвы для расследавання не толькі Пуціна і расейскага вайскова-палітычнага кіраўніцтва, але і кіраўніка Беларусі», гаворыцца ў рэзалюцыі. Таксама сказана аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці беларускіх чыноўнікаў, «датычных да агрэсіі, злачынстваў супраць чалавечнасці і генацыду, якія здзяйсняюцца супраць Украіны».

Адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі дазваляе расейскаму войску заставацца на сваёй тэрыторыі, а таксама дапамагаюць яму боепрыпасамі, тэхнікай і абсталяваннем. Да таго ж прапусцілі ў краіну баевікоў ПВК Вагнэра і трымаюць войскі каля ўкраінскай мяжы.

Акрамя гэтага, паводле рэзалюцыі, улады Беларусі бяруць удзел у прасоўванні Расеяй мовы варожасці, дэзынфармацыі і прапаганды, якая «паўтарае ваяўнічую рыторыку Масквы».

У дакуменце гаворыцца і пра датычнасць рэжыму да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны, некаторыя з якіх былі адпраўленыя ў беларускі лагер «Дубрава», які належыць кампаніі «Беларуськалій». У гэтак званых аздараўленчых лагерах дзяцей прымусова русіфікуюць, з імі вядзецца ідэалагічная праца. Паводле звестак з рэзалюцыі, у Беларусь даставілі больш за 2150 украінскіх дзяцей.

Hавiны
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце: Еўрапейскі Звяз – нашая галоўная мэта
2023.09.13 17:30

У Еўрапарламенце адзначылі, што рэжым Лукашэнкі сістэматычна ажыццяўляе рэпрэсіі і шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека, у прыватнасці пераследуе апазіцыянераў, прыхільнікаў дэмакратычных сілаў, былых палітычных вязняў, а таксама, напрыклад, прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.

На аснове гэтага Еўрапарламент заклікаў Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы міжнароднага ордару на арышт Лукашэнкі, які будзе аналагічным таму, што выдалі ў дачыненні Пуціна і ўпаўнаважанай пры прэзідэнту Расеі ў правах дзіцяці Марыі Львова-Бяловай. У ліпені дэпутаты Еўрапарламенту ўжо заклікалі Міжнародны крымінальны суд разгледзець магчымасць выдачы ордару на арышт Лукашэнкі.

Hавiны
Еўрапарламент прыняў даклад аб Беларусі
2023.09.13 19:28

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў