Байдэн вылучыў для Украіны зброі на 200 мільёнаў долараў. Ці будуць яшчэ пастаўкі?


Злучаныя Штаты Амерыкі падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага паведамілі пра вылучэнне новага пакету ўзбраення і тэхнікі для падтрымання Украіны ад агрэсіі Расеі.

Джоўзэф Байдэн і Уладзімір Зяленскі.
Фота: president.gov.ua

Гэты пакет прадугледжвае пастаўкі зброі і тэхнікі на суму да 200 мільёнаў долараў. Гэта боепрыпасы паветранай абароны, кампаненты сістэмы паветранай абароны, дадатковыя боепрыпасы для высокамабільных артылерыйскіх ракетных сістэмаў, артылерыйскія боепрыпасы (у тым ліку 155-мм і 105-мм), высакахуткасныя супрацьрадарныя ракеты, бар’еры HESCO, запасныя часткі, дапаможнае абсталяванне, паслугі, навучанне і транспарт.

«Злучаныя Штаты і кааліцыя з больш як 50 краінаў, якую мы сабралі, працягваюць надаваць крытычна важную дапамогу ўкраінскім сілам. Аднак, калі Кангрэс не прыме захадаў для надання дадатковага падтрымання, гэта будзе адзін з апошніх пакетаў дапамогі ў сферы бяспекі, якія мы зможам даць Украіне», – гаворыцца ў прэс-рэлізе дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена.

Там таксама заклікалі Кангрэс прасоўваць інтарэсы нацыянальнай бяспекі ЗША, «дапамагаючы Украіне абараніць сябе і забяспечыць сваю будучыню – будучыню, у якой яе народ аднаўляецца і жыве бяспечна ва ўмовах устойлівай і квітучай дэмакратыі».

Ці будзе калядны падарунак Пуціну?

Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з Джо Байдэнам назваў ваенныя мэты на 2024 год: «Пазбавіць Расею перавагі і сарваць яе наступальныя аперацыі. І я думаю, што гэта рэальна». Ён падкрэсліў, што ЗСУ ўдалося аслабіць РФ на Чорным моры і стварыць экспартны калідор.

Зяленскі падзякаваў Байдэну за рашэнні пра супольную вытворчасць зброі і прапанаваў паскорыць працу з замарожанымі расейскімі актывамі, якія мусяць быць выкарыстаныя ў інтарэсах Украіны. Зяленскі запэўніў, што краіна працягне рэфармаваць свае інстытуты.

«Кангрэсу неабходна зацвердзіць дадатковае фінансаванне для Украіны да перапынку на калядныя вакацыі – перш як яны зробяць Пуціну найвялікшы калядны падарунак, які толькі могуць яму зрабіць», – заявіў у сваю чаргу Байдэн.

Прэзідэнт ЗША таксама заўважыў, што ўзімку Расея відавочна мае намер наносіць удары па ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры.

Вялікая дапамога заблакаваная

Рэспубліканская партыя ў Сенаце ЗША заблакавала спробу прыняць законапраект, што прадугледжвае вылучэнне дапамогі Украіне і Ізраілю. Асноўнаю прычынаю сталіся рознагалоссі з дэмакратамі наконт неабходнасці ўмацаваць мяжу з Мексікай і ўзмацніць жорсткасць іміграцыйнай палітыкі.

Пакет агульным коштам $ 110 млрд залучаў $ 61 млрд для Украіны, а таксама сродкі для Ізраілю, на дапамогу Газе і комплекс захадаў для ўмацавання межаў.

Рэспубліканцы настойваюць на тым, што любая дапамога Украіне мае быць увязаная з маштабнымі рэформамі ў сферы іміграцыі і з пераглядам палітыкі давання прытулку ў ЗША.

Пакет ужо месціць захады для запэўнівання бяспекі межаў, але рэспубліканцы патрабуюць больш рашучых рэформаў у правілах давання прытулку і кантролю над іміграцыяй, што ўскладніла перамовы з дэмакратамі.

Hавiны
Сенат ЗША заблакаваў дапамогу Украіне і Ізраілю
2023.12.07 08:28

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў