Карупцыянер, сябар Пуціна і абаронца Лукашэнкі. Топ-5 фактаў пра Сільвіё Бэрлюсконі


Сільвіё Бэрлюсконі быў адным з найбольш яскравых еўрапейскіх палітыкаў канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў. Чалавек з шматмільярднай маёмасцю чатыры разы узначальваў італьянскі ўрад, але карумпаванасць і нястрыманасць ва ўласным жыцці пазбавілі яго ўлады ды прывялі да суду, а сяброўства з дыктатарамі сапсавала і ягоны міжнародны імідж.

Сільвіё Бэрлюсконі.
Фота: Jin Yu / Xinhua News Agency / Forum

12 чэрвеня ў шпіталі роднага Мілана ў веку 86 гадоў памёр былы прэм’ер-міністр Італіі і адзін з самых багатых бізнесоўцаў краіны Сільвіё Бэрлюсконі. Ён хварэў на лейкемію. Некалькі тыдняў таму палітык ужо трапляў у шпіталь праз пнеўманію, і правёў там 45 дзён.

«У Расеі Сільвіё Бэрлюсконі будуць памятаць як паслядоўнага і прынцыповага прыхільніка ўмацавання сяброўскіх стасункаў паміж нашымі краінамі. Ён зрабіў сапраўды неацэнны асабісты ўнёсак у развіццё ўзаемавыгадных расейска-італьянскіх партнёрскіх сувязяў», – гаворыцца ў спачуванні ад імя расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна.

Hавiны
Памёр былы прэм’ер Італіі Сільвіё Бэрлюсконі
2023.06.12 14:10

Кіраўнік РФ адзначыў, што памерлы быў для яго «дарагім чалавекам, сапраўдным сябрам», а яго сыход – «незаменная страта і вялікае гора». Кім жа быў гэты палітык, пра смерць якога так шкадуе абвешчаны ў міжнародны вышук Пуцін?

Мільярдэр з трушчоб

Бэрлюсконі нарадзіўся ў сям’і банкаўскага служачага, але рос у брудным і крыміналізаваным раёне Мілану. Падчас Другой сусветнай вайны маленькаму Сільвіё даводзілася займацца самымі рознымі падпрацоўкамі, каб выжыць у ваеннай Італіі. Тым не менш, ён здолеў скончыць каталіцкі юрыдычны факультэт Міланскага ўніверсітэту, адначасова падпрацоўваючы гандлем, напісаннем курсавых і фатаграфаваннем вяселляў.

У 1960-х Бэрлюсконі заснаваў будаўнічую кампанію, што прынесла яму фінансавы поспех, зрабіла знакамітым на ўсю Італію інвестарам і будаўнічым магнатам. У 1970-я ён жа ўпершыню сутыкнуўся з абвінавачваннямі ў карупцыі. Не пакідаючы будаўнічага бізнесу, Бэрлюсконі выйшаў і на медыйны рынак, скупляючы газеты і тэлеканалы, якія пазней аб’яднаў у холдынг «Mediaset». У сваёй дзейнасці ён часта быў першапраходцам. Менавіта Бэрлюсконі прыўнёс у Італію ідэю гарадоў-спадарожнікаў, а ў медыях здолеў абысці шэраг дзяржаўных абмежаванняў, увесці каляровае тэлебачанне і выйсці на еўрапейскі рынак.

У 1986 годзе да бізнес-імперыі Бэрлюсконі далучыўся і футбольны клуб «Мілан», які пры ім восем разоў перамагаў у чэмпіянаце Італіі і пяць разоў – у Лізе чэмпіёнаў. Належалі яму сеткі супермаркетаў, страхавыя кампаніі, інвестыцыйныя і пенсійныя фонды.

У 2012 годзе Forbes ставіў Бэрлюсконі на шосты радок сярод самых багатых італьянцаў. Агулам у яго налічылі маёмасці і фінансаў на 5,9 млрд долараў.

Чатырохразовы прэм’ер

Бэрлюсконі ўварваўся ў італьянскую палітыку, калі яму было 57 гадоў. Стварыўшы ў студзені 1994 года правацэнтрысцкі палітычны рух «Наперад, Італія», ён ужо ў сакавіку выйграў з ім парламенцкія выбары і ў траўні прынёс прысягу ў якасці прэм’ер-міністра. Палітык стаў першым мільярдэрам на чале ўраду ў Еўропе. Але ў 1995 годзе ўрад Бэрлюсконі, страціўшы саюзнікаў з кааліцыі, сышоў у адстаўку.

Вярнуцца ў прэм’ерскае крэсла ён здолеў у 2001 годзе. Перад тым ягоная партыя здолела паслядоўна выйграць выбары ў Еўрапарламент, мясцовыя і нарэшце парламенцкія выбары. На гэты раз ягонае прэм’ерства было больш доўгім – амаль чатыры гады. Гэта, дарэчы стала рэкордам для пасляваеннай гісторыі Італіі.

Сільвіё Бэрлюсконі выступае на з’ездзе партыі «Forza Italia» у Неапалі, Італія. 21 траўня 2022 года.
Фота: Laporta Salvatore/IPA/ABACA / Abaca Press / Форум

У 2005 годзе, нягледзячы на развал кіроўнай кааліцыі, падзенне асабістага рэйтынгу праз удзел італьянскіх войскаў у інтэрвенцыі ў Ірак у 2003 годзе і праблемы з уводам еўра, Бэрлюсконі ў трэці раз здолеў узначаліць італьянскі ўрад. Але ў 2006 годзе ён прайграў чарговыя выбары і вымушаны быў зноў вярнуцца ў апазіцыю.

У 2008 годзе ў Італіі прайшлі пазачарговыя выбары, якія зноў выйграў Бэрлюсконі. Але праз тры гады ягоны чацвёрты ўрад паў пад ціскам эканамічнага крызісу, скандалаў вакол асобы прэм’ера і народных пратэстаў. Паспяховы прадпрымальнік і мільярдэр не здолеў забяспечыць Італіі росквіт і стабільнасць. Менавіта пры ім краіна разам з Грэцыяй і Іспаніяй справакавала крызіс у еўразоне, а дзярждоўг дасягнуў рэкордных паказнікаў. Пакідаў сваю пасаду ён праз бакавы ўваход.

Прэм’ер-карупцыянер

Агулам у дачыненні да Бэрлюсконі было пачата больш як 60 крымінальных справаў. Але большасць з іх або рассыпалася на стадыі расследавання, або была спыненая за заканчэннем тэрміну даўніны або з прычыны прымірэння бакоў, або завяршалася апраўданнем. Асудзілі яго тройчы, але пасля апеляцыяў у моцы застаўся толькі адзін прысуд. Ягоныя выдаткі на працу адвакатаў ацэньваюцца ў 700 млн еўраў.

Бэрлюсконі вінавацілі ў сувязях з мафіяй, злоўжыванні службовым становішчам, у хабарніцтве, карупцыі, адмыванні грошай, незаконным фінансаванні палітычных партый, подкупе дэпутатаў, падробцы фінансавых дакументаў, падатковым махлярстве, ціску на сведкаў і медыі, сексуальных кантактах з непаўналетняй і іншыя. Нават ягоная жонка казала, што палітык «знаходзіцца ў стасунках з малалетнімі».

Адзіная крымінальная справа, з якой не здолеў выкруціцца палітык са сваімі адвакатамі, датычыла падатковых злачынстваў. За гэта яго ў 2012 годзе асудзілі на чатыры гады пазбаўлення волі, але і тут амністыя скараціла тэрмін да аднаго года. Адбываў пакаранне Бэрлюсконі, даглядаючы раз на тыдзень састарэлых з абмежаванымі магчымасцямі ў каталіцкім прытулку. Таксама яму было забаронена два гады займаць дзяржаўныя пасады, начаваць не ўдома і выязджаць за межы Ламбардыі.

Рэабілітавалі яго ў 2018 годзе сувязі з амністыяй і ўзростам. Дзякуючы гэтаму, у 2019 годзе 83-гадовы палітык змог абрацца ў Еўрапейскі парламент, а ў 2022-м годзе – і ў Сенат Італіі. Дый ягоная партыя зноў увайшла ў кіроўную кааліцыю. Праўда, сам Бэрлюсконі ніякіх пасадаў не атрымаў.

Сябраваў з Пуціным і вінаваціў Зяленскага

Будучы прыхільнікам праамерыканскай палітыкі ў Італіі і Еўропе, Бэрлюсконі пры гэтым заставаўся блізкім саюзнікам Расеі. Яшчэ ў 1994 годзе ён дамогся далучэння Расеі да «Вялікай сямёркі» і ператварэння яе ў «васьмёрку». А ў 2002-м актыўна спрыяў стварэнню Рады Расея – NATO. З абодвух аб’яднанняў Расею выгналі ў 2014 годзе.

З Пуціным Бэрлюсконі пазнаёміўся ў ліпені 2001 года, пасля чаго паміж імі адразу завязаліся блізкія стасункі. Толькі за першыя 19 месяцаў асабістых зносін яны здзейснілі адзін да аднаго восем афіцыйных і працоўных візітаў, без уліку паездак на вілы і дні народзінаў. Услед за асабістымі сустрэчамі раслі і эканамічныя стасункі паміж краінамі. За 1994 па 2013 гады таваразварот паміж Італіяй і Расеяй вырас больш як у 10 разоў. Пры гэтым, як адзначалі медыі, перапляталіся і камерцыйныя інтарэсы саміх кіраўнікоў.

Падтрымліваў Бэрлюсконі Пуціна і ў пытаннях парушэння правоў чалавека ў Расеі, вайны ў Чачэніі і супраць Грузіі, за што атрымаў мянушку амбасадара і рупара Пуціна. Калі італьянскі палітык быў асуджаны, да яго падчас афіцыйнага візіту ў Рым асабіста заехаў расейскі прэзідэнт. Прычым перад візітам да дзейнага прэм’ера Італіі.

Уладзімір Пуцін, Дзмітрый Мядзведзеў і Сільвіё Бэрлюсконі падчас трэніроўкі мужчынскай зборнай Расеі па санным спорце на гарналыжным курорце ля Сочы, Расея. 9 сакавіка 2012 года.
Фота: Dmitry Astakhov / RIA-Novosti/ Presidential Press Service / AP Photo / East News

Пасля анексіі Крыму і абвяшчэння «ЛНР» і «ДНР», Бэрлюсконі заявіў, што ставіцца з разуменнем да гэтага, і раскрытыкаваў палітыку Захаду, кажучы:

«Жыхары Крыму размаўляюць па-расейску, і яны прагаласавалі на рэферэндуме за далучэнне да роднай матухны Расеі. Уводзіць санкцыі – няслушнае палітычнае рашэнне».

У 2015 годзе былы італьянскі прэм’ер нават наведаў анексаваны паўвостраў, за што яму пасля забаранілі ўезд ва Украіну.

У красавіку 2022 года, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, Бэрлюсконі сказаў, што «глыбока расчараваны і засмучаны паводзінамі» Пуціна ды прызнаў віну РФ за злачынствы ў акупаваных рэгіёнах Украіны. На яго думку, Пуцін хацеў змясціць кіраўніцтва Украіны і паставіць прарасейскіх палітыкаў, але сутыкнуўся з жорсткім супрацівам, які падтрымалі краіны Захаду. Таму, заяўляў палітык, Захад мусіць спыніць вайсковую дапамогу Украіне. Адказнасць жа за гібель украінцаў і разбурэнні ён ўсклаў на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Падтрыманне Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з Бэрлюсконі не адзін раз, у тым ліку і ў Менску. Пазнаёміліся яны дзякуючы Пуціну на 300-годдзі Санкт-Пецярбургу. А ўвесну 2009 года Лукашэнка, які на той момант ужо знаходзіўся пад санкцыямі Еўразвязу, наведаў Рым, дзе ў тым ліку сустрэўся і з італьянскім прэм’ерам. Як заяўляла прэс-служба кіраўніка Беларусі, «гутарка доўжылася звыш трох гадзін – значна даўжэй за запланаваны час, і насіла вельмі канструктыўны характар».

Увосень таго ж году ўжо сам Бэрлюсконі паляцеў у Менск. Лукашэнка ацаніў ягоны візіт як красамоўны жэст падтрымання свайго рэжыму на міжнароднай арэне. Італьянскі госць у сваю чаргу заявіў:

«Поспехаў вам і вашаму народу, які, я ведаю, любіць вас. Гэта паказваюць вынікі выбараў».

Хваліў Бэрлюсконі і ўтварэнне Мытнага саюзу ды нават абяцаў узначаліць дэлегацыю італьянскага бізнесу ў Менск. Але абяцанні так імі і засталіся.

Фота: Studio Fotografico BUZZI SRL / imago sport / Forum

Як і Пуцін, Лукашэнка «з вялікім сумам» даведаўся пра смерць Бэрлюсконі:

«Дзякуючы яго асабістаму ўнёску беларуска-італьянскае ўзаемадзеянне атрымала моцны імпульс. Ён быў яскравай і таленавітай асобай, паспяховым прадпрымальнікам і дальнабачным аўтарытэтным палітыкам, які ўмее самастойна ацэньваць абстаноўку, прымаць эфектыўныя рашэнні і несці за іх адказнасць».

У сваю чаргу гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман адзначае, што «менавіта непатапляльны Бэрлюсконі стаў сімвалам карупцыі, амаральнасці і беспрынцыпнасці ў еўрапейскай палітыцы». Паводле яго, «антыдэмакраты накшталт Орбана і аўтакраты накшталт Пуціна і Лукашэнкі пазбавіліся свайго старэйшага прыяцеля».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў