10 снежня, у дзень свайго 16-годдзя, «Белсат» зладзіў у Варшаве прэм’ерны паказ усіх частак серыялу «Працэсы». Мы пабывалі на імпрэзе і спыталі ў гледачоў, актораў і стваральнікаў, чаго ўсё ж болей у фільме – смеху ці страху.
Паказ адбываўся ў будынку, які па праву можна назваць візітоўкай Варшавы, – Палацы навукі і культуры, што напышліва ўзвышаецца ў цэнтры польскай сталіцы. Менавіта ў ім размясцілася варшаўская «Kinoteka», куды 10 снежня бліжэй да 19-й гадзіны імкліва накіроўваліся госці імпрэзы. І выбар менавіта гэтага будынку для паказу «Працэсаў» быў зроблены нездарма.
Падыходзячы да палаца і, задраўшы высока галаву, ты бачыш стромы помнік савецкай эпохі, які ўсім сваім выглядам нібыта нагадвае табе: «Я тут уладар, трапячы перад маёй веліччу».
Яшчэ да пачатку імпрэзы гэта настройвала на адпаведны лад і пагружала ў атмасферу, адлюстраваную ў фільме: у адной з частак серыялу ў гэтым будынку «месціўся» беларускі КДБ. Што ж, трапячыце…
У зале аншлаг. Крыху чакання – і нарэшце гасне святло, а госці пагружаюцца ў атмасферу «беларускага дзяржаўнага абсурду», які, шчыра кажучы, не выглядае нейкім надуманым.
Трэба сказаць, што першыя тры часткі серыялу гледачы ўжо мелі магчымасць убачыць раней: прэм’ера першай часткі «Ператрымка» на YouTube адбылася 25 лістапада, тыднем пазней стала даступная другая серыя «Патрыятычнае практыкаванне», трэцяя серыя «Прыснілася» з’явілася ў сеціве два дні таму (апошняя, чацвёртая серыя «Праграма перадач» стане даступнай 16 снежня). Пры гэтым колькасць праглядаў сведчыць аб тым, што глядач з цікавасцю ўспрыняў гэтае кіно: першыя дзве серыі на YouTube маюць больш за 530 тысячаў праглядаў, а трэцюю серыю толькі за два дні прагледзела больш за 220 тысячаў чалавек.
Адзначылі фільм і кінакрытыкі, серыял атрымаў узнагароды на двух фестывалях: спецыяльны прыз на Фестывалі кіно паўночных і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» і другое месца на амерыканскім фестывалі «ФантЭстык Фэст 2023».
Тым не менш магчымасць ацаніць адразу ўсе чатыры часткі ўпершыню з’явілася толькі 10 снежня, на прэм’еры ў Палацы культуры і навукі.
Адразу пасля прагляду мы спыталі ў рэжысёра Андрэя Кашперскага, як бы ён ацаніў рэакцыю залы падчас дэманстрацыі фільма. Яго здзівіла, што менавіта падчас гэтага сеансу людзі смяяліся ва ўсіх навелах, «нават самых драматычных, самых страшных, на тых момантах, дзе мне самому было страшна як гледачу, і гэта для мяне дзіўная рэакцыя, якой я не чакаў».
Пры гэтым Андрэй падкрэсліў, што многія называюць серыял камедыйным, «але гэта памылка, ён фантастычны, сатырычны, драматычны, але не камедыйны. І мяне здзівіла, што людзі ў зале смяяліся больш, чым я на тое разлічваў».
Пра тое, што фільм правакуе развагі на вельмі сур’ёзныя тэмы, сведчыла і дыскусія, якая была арганізаваная пасля прагляду. Намесніца дырэктара «Белсата» Бэата Красіцка расказала крыху пра ход стварэння фільму і адзначыла, што была вельмі ўзрушаная, прагледзеўшы ўсе серыі фільма. Яна падкрэсліла, што вельмі радая таму, што «Белсат» узяў на сябе рызыку паказаць беларускую абсурдную рэчаіснасць.
Паводле яе, ідэя стварэння серыялу з’явілася яшчэ ў канцы 2019 – пачатку 2020 года, аднак пасля падзеі ў Беларусі вымусілі перанесці прадукаванне фільма ў Кіеў. Але і гэтым планам не наканавана было збыцца: перашкодзіў пачатак вайны. У выніку завяршаць здымкі давялося ўжо ў Варшаве. «Цешуся тым, што з трэцяга разу гэта атрымалася», – адзначыла спадарыня Бэата.
Таксама Бэата Красіцка нагадала, што прама зараз 16 супрацоўнікаў «Белсата» знаходзяцца ў Беларусі за кратамі, а прадстаўнік фонду «Зона салідарнасці» Матэвуш Адамскі распавёў, як можна дапамагчы палітычным зняволеным.
У водгуках на серыял не аднойчы давялося пачуць адсылкі да брытанскага «Чорнага люстэрка». Наколькі яны слушныя, судзіць гледачам. Але падчас прагляду не раз прыходзілася лавіць сябе на думцы, што ўсё, што адбывалася на экране, нагадвала «оруэлаўшчыну». Праўда, часам станавілася незразумела, якую эмоцыю ўсё ж выклікае той абсурд, даведзены ў фільме да скрайняй ступені: смех ад таго, што гэта ўсё здаецца такім недарэчным і гратэскным, ці страх – за тое, што логіка сённяшніх беларускіх падзеяў развіваецца менавіта ў рэчышчы такога абсурду? І гэтае ўражанне асабліва ўзмацнілася падчас прагляду новай, чацвёртай серыі «Праграма перадач».
Ужо пасля паказу фільма з гэтай жа думкай пагадзіўся вядоўца тэлеканала «Белсат» Сяргей Падсасонны, які прыйшоў на імпрэзу ў якасці госця. Ён адзначыў, што серыял можна ахарактарызаваць як «хвалевы»: «Ён адначасова як драматычны, так і смешны, у якім мы маем сумяшчэнне гумару і вельмі сур’ёзных тэмаў». Многія рэчы, на яго думку, паказаныя абсурдна, але «адначасова ты разумееш, што гэтая абсурднасць з кожнай гадзінай, з кожным днём, годам робіцца рэчаіснасцю – і тады ўжо не да смеху».
«Чым далей, тым больш мне падаецца, што серыял настолькі набліжаецца да нашага сучаснага жыцця, што ты зараз смяешся, а праз хвіліну табе становіцца жудасна ад таго, што адбываецца. І гэта такое жыццё на сённяшні час у Беларусі, ты не ведаеш, што будзе заўтра… І ад гэтага жахліва», – пацвярджае выканаўца ролі генерала ў серыі «Патрыятычнае выхаванне» актор Ігар Сігоў.
Аб гэтым жа падчас свайго выступу пасля прагляду фільма казала і дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Яна адзначыла, што гэты серыял «заклікае да роздуму», прычым не толькі пра сучаснасць Беларусі, але і пра ейную будучыню. На яе думку, аднойчы ў Беларусі мысленне будзе мець вельмі вялікую вартасць, бо многіх беларусаў яшчэ чакае змаганне з вялікай колькасцю выпрабаванняў і праблемаў, пра якія раней нават не думалі.
Ужо ў фае цікавімся першымі эмоцыямі ў гасцей. «Я ўражаная, наўмысна не глядзела дагэтуль, каб прагледзець усе часткі разам на вялікім экране. Прызнаюся, нават не чакала, што на мяне зробіць такі эфект», – кажа Ганна. «Гэта прыкольна, якасна, пра нас. Зроблена беларусамі і для беларусаў», – гаворыць ейны спадарожнік Антон.
Але сапраўды, ці толькі для беларусаў зроблены гэты фільм і ці можа чалавек, не паглыблены ў беларускі кантэкст, зразумець яго. Пра гэта мы спыталі ў рэжысёра Андрэя Кашперскага.
«Мы, калі з Мішам прыдумвалі гэты серыял, абапіраліся выключна на адну нашу канкрэтную рэакцыю: мы атрымлівалі навіны ад знаёмых, сяброў, адзін ад аднаго, чыталі навіны ў інтэрнэце, і рэакцыя была адзінай: п******. Мы казалі п****** шмат разоў адно аднаму, і гэта не дапамагала, гэтая эмоцыя, якая ў нас заставалася, не вырывалася з нас… асадачак быў. І таму мы вырашылі, што слоганам нашага серыялу будзе «Гэта п******», і мы пры гэтым абапіраліся на такі беларускі кантэкст».
Але, паводле рэжысёра, калі пісаўся сцэнар, атрымалася, што ў ім усё не толькі для Беларусі: «Не было нечага такога па ментальнасці, чаго не зразумее інтэрнацыянальны глядач». І для яго адной з задач было зняць такую гісторыю, якую зразумеюць усюды. Як прыклад, Андрэй прыводзіць фільм паўднёвакарэйскага рэжысёра Пон Чжун Хо, бо многія яго паглядзелі і палюбілі, але «ані разу не счыталі паўднёвакарэйскі кантэкст, калі яны не з Паўднёвай Карэі».
«У нас было намаганне зняць нешта актуальнае, але каб гэта не было аднадзёнкай або проста рэпартажам. І вось навэла «Ператрымка» трапіла на фестываль «ФантЭстык Фэст 2023», і мы пыталіся ў людзей, як успрымаюць фільм амерыканцы, а нам адказваюць, што глядзяць гэта проста як трылер, і для нас гэта добрая адзнака, што і па-за беларускім кантэкстам фільм успрымаецца», – кажа Міхаіл Зуй.
Паводле словаў рэжысёра Андрэя Кашперскага, у яго ёсць бачанне фінальнай кропкі серыялу «Працэсы», але ён пакуль не хацеў бы пра гэта гаварыць, «бо гэта будзе крыху спойлерам».
«У мяне ёсць задумка апошняй серыі трэцяга сезону, пакуль што так. Але на самой справе не ўзгоджаны ніякі другі сезон, не было ніякіх перамоваў, ніякіх абяцанняў я не магу даваць… і мне ніхто не даваў ніякіх абяцанняў. Але мы пастаянна нешта прыдумваем і генеруем разам з Мішам…» – кажа Кашперскі.
Пра тое ж гаворыць і Міхаіл Зуй: «Мы амаль кожны дзень з Андрэем размаўляем пра тое, як можна працягнуць гэтую гісторыю, з якога боку паказаць. Відавочна, што гэта не хуткі працэс, спадзяюся, можа, атрымаецца сезон ці нешта іншае».
Наогул жа Андрэй Кашперскі адзначыў, што адчувае сябе і пазіцыянуе рэжысёрам кіно, а не серыялаў, і хацеў бы развіваць сябе ў гэтым напрамку. «У мяне ёсць некалькі ідэяў поўнага метру, і адным з фільмаў поўнага метру я мару зняць фільм жахаў», – адказаў Кашперскі.
Раман Шавель belsat.eu