Мастак, перформер, акцыяніст, палітвязень. Памёр Алесь Пушкін, які нічога не баяўся, акрамя Бога


Алесь Пушкін не дажыў месяц да свайго 58-годдзя. Мастак быў за кратамі паводле абвінавачвання ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» і «распальванні варожасці». «Белсат» згадвае адну з самых яскравых асобаў сучаснага беларускага мастацтва, аўтара перформансу з гноем ля адміністрацыі прэзідэнта.

Мастак Алесь Пушкін.
Фота: mediazona.by

Алесь Пушкін нарадзіўся і жыў у вёсцы Бобр Крупскага раёну на Меншчыне.

Атрымаў адукацыю ў менскай гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Упершыню за свае погляды быў пакараны яшчэ за савецкім часам: атрымаў 10 содняў гаўптвахты за «антысавецкі» дзённік, што вёў падчас службы механікам у верталётным палку ў Афганістане.

Артыкулы
Палацы, святыні і памяць пра вайну: 8 аб’ектаў, якія рэстаўраваў мастак Алесь Пушкін
2021.12.27 14:05

Алесь Пушкін займаўся рэстаўрацыяй гістарычных будынкаў, распісваў храмы, у тым ліку царкву Святога Мікалая Цудатворца ў родным Бабры. На адной з фрэсак мастак намаляваў Аляксандра Лукашэнку і тагачаснага мітрапаліта Філарэта ў атачэнні амапаўцаў. Пазней фрэску знішчылі.

Мастак, жывапісец-нонканфарміст, мастак, перформер, акцыяніст, арт-куратар, палітвязень – Алесь Пушкін паспяваў не толькі займаўся творчасцю, ён браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння і наогул у грамадска-палітычным жыцці Беларусі.

Алесь Пушкін, збіты на Акрэсціна пасля выбараў 2020 года.
Фота: асабісты архіў Алеся Пушкіна

Арганізаваў першы гурток Беларускага Народнага Фронту, удзельнічаў у студэнцкім руху. Рыхтаваў мітынг памінання продкаў «Дзяды» у Менску ў 1988 годзе, тады яму далі за гэта 5 содняў арышту. Распачаў сац-арт у беларускім мастацтве: у 1989 годзе на Дзень Волі актывісты пранеслі па Менску напісаныя ім дванаццаць плакатаў, што не адпавядалі дзяржаўнай ідэалогіі. За той перформанс мастаку прызначылі 2 гады зняволення ўмоўна.

Бадай, самай вядомай ягонай акцыяй стаўся «Падарунак прэзідэнту». У ліпені 1999 года, калі скончыўся канстытуцыйны тэрмін праўлення Лукашэнкі, Пушкін прыбыў да адміністрацыі прэзідэнта з тачкаю гною, дэнамінаванымі беларускімі рублямі і шыльдаю з «падзякаю за працу». За гэта мастаку зноў умоўна прызначылі 2 гады.

21 ліпеня 1999 года Алесь Пушкін зладзіў акцыю ля рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Калаж Белсату

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Алеся Пушкіна на 3 дні змясцілі ў СІЗА нібыта за тое, што ў тэлефоннай размове мастак кепска казаў пра тагачаснага старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку. 9 снежня 2010 года, напярэдадні чарговых выбараў, мастака прэвентыўна затрымалі ўдома і абвінавацілі ў хуліганстве. Выйшаў на волю пасля 13 содняў арышту.

У 2019 годзе, прадказаўшы поўнамаштабную вайну ва Украіне, зладзіў у Крупках антываенны пікет з плакатамі «Спыніце расейскую агрэсію ў Еўропе», «Расея – вайна», «Беларусь у NATO» і сцягам альянсу. Акцыя трывала ажно паўгадзіны, мастака пакаралі за яе штрафам.

Артыкулы
Мастак Алесь Пушкін тры месяцы за кратамі. А ці ў карціне справа?
2021.06.30 09:20

У 2020 годзе браў удзел у пратэстах падчас мірнай рэвалюцыі. Налета Генпракуратура завяла супраць Пушкіна крымінальную справу за «рэабілітацыю нацызму». Нагодаю стаўся партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Справу ўзбудзілі, калі Пушкін быў ва Украіне, дзе ладзіў выставу. Нягледзячы на пагрозу зняволення, пастанавіў вярнуцца на радзіму. Яго затрымалі.

Мастак Генадзь Драздоў успамінаў, што пра тое вяртанне Пушкін не шкадаваў. З-за кратаў ён пісаў, што нічога ўжо не баіцца, акрамя Бога і што звыкся са сваім станам, прывык да ладу жыцця ў зняволенні.

Алесь Пушкін у 2013 годзе ля свайго дому ў Бабры, Менская вобласць.
Фота: Siaržuk Holik / Facebook
Hавiны
Мастак Алесь Пушкін заснаваў у турме арт-супольнасць
2021.05.10 15:23

Суд закрылі праз «звесткі, што з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцаю». Абвінавацілі мастака паводле двух артыкулаў: «Распальванне варажнечы» (за партрэт Жыхара) і «Здзек з дзяржаўных сімвалаў» (за выставу ў Кіеве).

Падчас працэсу на знак пратэсту парэзаў сабе жывот.

Вырак, які стаўся апошнім у жыцці Алеся Пушкіна, – 5 гадоў калоніі. Рашэнне вынесла суддзя Алена Шылько, пракурорам быў Аляксандр Кароль.

Летась івацэвіцкі суддзя Аляксандр Кірыловіч пастанавіў перавесці палітвязня на турэмны рэжым на паўтара года.

«Сёння ноччу ў рэанімацыі пры нявысветленых абставінах памёр Алесь Пушкін», – паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Яніна.

Артыкулы
Два дні з жыцця Алеся Пушкіна ў гарадзенскай турме. «На сняданак нам далі па адным фарбаваным у шалупінні яйку»
2021.04.29 13:33

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў