Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 11 сакавіка


«Белсат» падводзіць вынікі 381-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 11 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Часаў Яр, Данецкая вобласць, Украіна, 10 сакавіка 2023 года. Украінскія вайскоўцы адкрываюць агонь з артылерыйскай прылады, цэлячыся ў расейскія пазіцыі паблізу бахмуцкай лініі фронту.
Фота: Narciso Contreras / Anadolu Agency/ Abaca Press / Forum

Цягам апошніх содняў вайны Збройныя сілы Украіны адбілі больш за 100 атак праціўніка на ліманскім, бахмуцкім, аўдзееўскім, мар’інскім і шахцёрскім кірунках на ўсходзе краіны. Між тым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Паводле Генштабу ЗСУ, на ліманскім кірунку Узброеныя сілы РФ няўдала наступалі каля Граныкоўкі, Масютаўкі, Неўскага, Крэмінной, Белагораўкі, Спірнага і Фёдараўкі.

Расейскі ваенны карэспандэнт Сямён Пегаў адзначае ўкраінскую контратаку каля Чэрвонапапоўкі ў Луганскай вобласці.

Цяпер баі ідуць па ўмоўнай лініі Плашчанка – Дзіброва.

Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ штодня прасоўваюцца на захад ад Крэмінной на 100–200 метраў.

На бахмуцкім кірунку расейцы атакавалі каля Залізнянскага, Парасковіеўкі, Дубова-Васілеўкі, Бахмуту, Багданаўкі і Іванаўскага.

Такімі дзеяннямі, паводле праекту «Deepstate», войскі РФ намагаюцца знайсці слабыя месцы ва ўкраінскай абароне. Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца ваколіцам Дубова-Васілеўкі, Багданаўкі і Хромава (на захад ад Бахмуту).

У гэты ж час расейскія крыніцы паведамляюць, што падраздзяленні ПВК Вагнэра пераразаюць апошнюю дарогу ў Бахмут, якая ідзе праз Хромава.

У гэты ж час працягваюцца баі ў самым райцэнтры. Тут войскі РФ ціснуць з поўначы і поўдня. Таксама ёсць паведамленні, што праціўнік перайшоў раку Бахмутку і паступова прасоўваецца да цэнтру гораду.

На аўдзееўскім, мар’інскім і шахцёрскім кірунках расейцы наступалі каля Камянкі, Аўдзееўкі, Тоненькага, Севернага, Вадзянога, Первамайскага, Невельскага, Краснагораўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.

«Deepstate» адзначае цяжкі і амаль няспынны характар баёў на ўсход ад Аўдзееўкі. Такім чынам войскі РФ намагаюцца атачыць горад, у якім ЗСУ ўдала абараняюцца на ўмацаваных пазіцыях.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

У гэты ж час працягваюцца гарадскія баі ў Мар’інцы, але і тут украінскі бок стрымлівае праціўніка.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца адносна стабільнаю. Пры гэтым расейцы працягваюць абстрэльваць украінскія пазіцыі з артылерыі.

Паводле ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў вайны былі знішчаныя каля 1010 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 158 тысячаў чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйных паведамленняў удзельнікаў вайны.

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў