Праваабаронцы: У Беларусі меры па барацьбе з экстрэмізмам выкарыстоўваюцца для кантролю за грамадствам


Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў зрабілі параўнальны аналіз антыэкстрэмісцкага заканадаўства і правапрымянення ў некаторых краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі і прыйшлі да высновы, што ў іх захады дзеля барацьбы з экстрэмізмам выкарыстоўваюцца як інструмент кантролю над грамадствам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе.
Фота: sb.by

Працоўная група платформы «Грамадзянская салідарнасць» у справе контртэрарызму, антыэкстрэмізму і правах чалавека прэзентавала новы даклад, заснаваны на аналізе антыэкстрэмісцкага заканадаўства і правапрымянення ў гэтай сферы ў такіх краінах, як Беларусь, Расея, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Прыднястроўе.

Працоўная група прыйшла да высновы, што меры для барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам прымяняліся ў іх не толькі для супрацьстаяння рэальна існым пагрозам, але і як інструмент кантролю над грамадствам і падаўлення грамадскай актыўнасці, якую нельга аднесці да антыканстытуцыйнай.

У дакладзе адзначаецца, што асабліва такое правапрымяненне інтэнсіфікавалася ў Беларусі і Расеі.

Сярод асноўных пагрозлівых тэндэнцыяў аўтары дакладу вылучаюць празмерна жорсткі, а то і цалкам беспадстаўны пераслед паводле абвінавачвання ў закліках да гвалту, а таксама крыміналізацыю мірнай крытыкі ўладаў або іх «дыскрэдытацыі», санкцыі за распаўсюджванне беспадстаўна забароненых матэрыялаў або сімволікі, суровыя пакаранні толькі за фармальную прыналежнасць да арганізацыяў, прызнаных экстрэмісцкімі ці тэрарыстычнымі, празмерна шырокае выкарыстанне блакаванняў у інтэрнэце.

Аналіз сітуацыі ў Беларусі праводзілі праваабарончыя арганізацыі «Human Constanta» і «Вясна». У частцы, датычнай нашай краіны, аўтары адзначаюць, што выбары прэзідэнта ў жніўні 2020 года сталі асноўным фактарам, які вызначыў палітычную сітуацыю на наступныя два гады, а рэакцыя ўладаў на пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прывяла да вострага крызісу ў вобласці правоў чалавека.

У раздзеле справаздачы, датычным Беларусі, аналізуюцца факты ўзмацнення жорсткасці заканадаўства ў 2021–2023 гадах у сферы супрацьдзеяння экстрэмізму, а таксама прыводзіцца статыстыка правапрымянення, у якой адлюстраваная колькасць асуджаных у краіне паводле рэлевантных артыкулаў Крымінальнага кодэксу за травень 2020 – канец 2022 года. Так, адзначаецца, што за гэты час паводле арт. 342 ч. 1 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх» асуджаныя як мінімум 932 чалавекі, паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» – 663 чалавекі, а за знявагу Лукашэнкі, арт. 368 КК – 346 асобаў.

У дакладзе прыводзяцца рэкамендацыі, сярод іх, напрыклад, неабходнасць прывесці заканадаўства і практыку супрацьдзеяння тэрарызму і экстрэмізму ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека; адмова ад крыміналізацыі неэтычных, непапулярных ці апазіцыйных выказванняў на грамадскія тэмы, неабходнасць прытрымлівацца крытэрыяў крыміналізацыі публічных выказванняў, якія змяшчаюцца ў распрацаваных міжнароднымі экспертамі і ўхваленых ААН рэкамендацыях; адмова ад практыкі складання спісаў «забароненых матэрыялаў» і абгрунтавання блакаванняў доступу да матэрыялаў у інтэрнэце толькі на судовых рашэннях; звужэнне падставы для забароны грамадскіх аб’яднанняў як экстрэмісцкіх і для пераследу за ўдзел у іх.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў