У Беларусі разлічваюць наладзіць фінальную зборку расейскіх ваенных самалётаў Су-25


Беларусь імпартазамясціць тысячы камплектуючых для расейскіх самалётаў і разлічвае на фінішную зборку Су-25. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1», каментуючы вынікі паездкі Лукашэнкі да Пуціна.

Дзмітрый Крутой.
Фота: telegraf.news

«Мы не толькі можам прапанаваць у гэтай частцы свае кампетэнцыі і магчымасці, мы ўжо актыўна гэтым усім займаемся. Казань, Ульянаўск, і вось наступная ў нас паездка будзе ўжо на ўзроўні ўрадавай дэлегацыі ў Іркуцк. Мы хочам, асабіста паразмаўляўшы, сфармаваць доўгатэрміновыя праграмы загрузкі двух нашых прадпрыемстваў – 407-га, 558-га заводаў [ААТ «Менскі завод грамадзянскай авіяцыі №407» і ААТ «558 Авіяцыйны рамонтны завод» у Баранавічах]», – заявіў Дзмітрый Крутой.

Паводле ягоных словаў, ужо вызначаны мадэлі расейскіх самалётаў – па іх вядзецца актыўная работа. Гэта пасажырскі МС-21 (каля 1350 вырабаў і кампанентаў прапанавана Расеяй для вытворчасці ў Беларусі). Самалёты Іл-76 і Іл-78 розных мадыфікацый (больш за 2100 вырабаў), а таксама Ту-204 (прыкладна 700 вырабаў).

Крутой таксама заявіў, што беларускія ўлады ставяць задачу загрузіць авіяцыйнае прадпрыемства да 2030-га года.

«Гэта першая тактычная задача – загрузіць нашы заводы да 2030 года гэтай кампанентнай базай па тых кірунках, якія існуюць. Далей прэм’ер-міністр даручыў актыўна прыцягнуць да гэтай гісторыі не толькі непасрэдна два нашы профільныя прадпрыемствы, але таксама «Інтэграл» і «Гарызонт». Яны тут павінны знайсці сваю нішу ў сферы авіёнікі, мікрасхем, вадкакрысталічных панэляў. Яны зараз таксама гэтым актыўна займаюцца», – сказаў ён.

Задачай «максімум» Крутой назваў фінальную зборку.

«На сённяшні дзень у прапрацоўцы Су-25. Адпаведная дакументацыя зараз вывучаецца, перадаецца расейскім бокам. Але прэмʼер-міністрам нават задача ставіцца больш жорстка: ад зборкі авіяцыйных рухавікоў – і выйсці да фінішнай зборкі самалётаў. Гэта, вядома, суперзадача, задача максімум», – адзначыў пасол.

Найбліжэйшым часам Беларусь павінен наведаць віцэ-прэмʼер Расеі Дзяніс Мантураў з адпаведнай камандай.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў