Урад стымулюе беларусаў браць крэдыты, але людзі асцярожнічаюць


Пачатак 2023 года адзначыўся ажыўленнем крэдытнага рынку – шэраг банкаў абвесціў аб чарговым зніжэнні кошту крэдытаў для насельніцтва. У першую чаргу гэта датычыць крэдытаў на набыццё нерухомасці. Чаму ў мінулым годзе беларусы не вельмі ахвотна пазычалі ў банкаў, з чым звязаная сёлетняя актыўнасць, наколькі выгадныя прапановы банкаў для насельніцтва і чаго чакаць у найбліжэйшай будучыні, мы спыталі ў экспертаў.

Технобанк, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Банкі зніжаюць стаўкі і прапануюць новыя прадукты

Аб чарговым зніжэнні крэдытных ставак абвясцілі шмат якія банкі. Гэтак, «Беларусбанк», які з 1 студзеня ўжо зніжаў да 18 % стаўку за крэдыты на нерухомасць, паведамляе, што цяпер можна пракрэдытавацца на гэтыя мэты пад 17,14 % гадавых. Банк абяцае, што з 1 сакавіка ён знізіць стаўкі паводле раней заключаных дамоваў на куплю або будаўніцтва жылля з дзяржпадтрыманнем да 15,5 % гадавых.

«З 6 лютага 2023 года стаўкі паводле новых крэдытаў на будаўніцтва і набыццё кватэры «Хутка наваселле» і «Будуем разам» пасля заканчэння льготнага перыяду (6 месяцаў) зніжаныя да 16,5 % гадавых (у прывязцы да стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь). Пры гэтым у першыя паўгода стаўка складзе 9,9 % гадавых (у прывязцы да стаўкі рэфінансавання)», – паведамляе «Белгазпрамбанк». Пра будучае зніжэнне кошту сваіх «крэдытных прадуктаў» паведаміў і «Белаграпрамбанк», а «Тэхнабанк» абвясціў, што з 30 студзеня 2023 года ён «запускае крэдытаванне фізічных асобаў на мэты фінансавання нерухомасці». Прапанаваная стаўка – 16,9 % гадавых.

Павялічваецца і колькасць прапановаў пазычыць на спажывецкія мэты. Партал myfin.by налічыў 122 варыянты. Стаўкі ў большасці з іх – 16–17 %.

Статыстыка не зафіксавала вялікай папулярнасці крэдытаў

Паведамленні аб новых крэдытных праграмах і зніжэнні ставак выклікаюць цікавасць у сувязі з тым, што мінулы год быў не вельмі ўдалы для крэдытнай сферы. Паводле статыстычнага бюлетэню Нацыянальнага банку Беларусі, на 1 студзеня 2023 года фізічныя асобы былі вінныя банкам за крэдыты Br 16,9755 млрд у нацыянальнай валюце, што толькі на 3,1 % больш, чым 1 студзеня 2022 года. Гэта заўважна менш у параўнанні з папярэднімі гадамі, бо за 2021 год запазычанасць прырасла на 5 %, за 2020-ы – на 11 %, а за 2019-ы – нават на 22 %. Удакладнім, што ў гэтай суме і новыя крэдыты, і раней узятыя, але нявернутыя.

Большая частка даўгоў – гэта крэдыты на фінансаванне нерухомасці (купля і будаўніцтва жылля), 70 %. Адпаведна, 30 % – гэта спажывецкія крэдыты.

Агляд
Нацбанк даў справаздачы за 2022 год. Што там са стабільнасцю?
2023.01.30 07:00

За 2022 год беларусы ўзялі ў банках крэдытаў на Br 8,9 млрд. Гэта на 0,7 % або Br 65,7 млн менш, чым у 2021 годзе. З іх – 81,5 % ці Br 7,3 млрд былі ўзятыя на спажывецкія патрэбы (на 1 % або Br 75,4 млн больш, чым летась). Яшчэ Br 1,6 млрд (18,5 %) беларусы пазычылі на фінансаванне нерухомасці (менш чым летась на 7,8 % або Br 141 млн).

Увесну 2022 года назіраўся спад крэдытнай актыўнасці. Напрыклад, у красавіку 2022 года беларусы ўзялі крэдытаў на 24,8 % менш, чым у красавіку 2021-га. Падзенне захоўвалася да кастрычніка. У канцы года пайшло ажыўленне, і ўжо ў снежні беларусы ўзялі крэдытаў на 11,9 % больш, чым год таму, і на 14 % больш, чым на месяц раней.

Чаму беларусы неахвотна бралі крэдыты

«У мінулым годзе, а асабліва ў яго першай палове, крэдытны рынак замёр. Пасля пачатку вайны ва Украіне банкі істотна абмежавалі свае праграмы крэдытавання, а стаўкі крэдытаў выраслі. У траўні іх сярэдняя велічыня наблізілася да 20 %, але асобныя прапановы перавышалі гэты ўзровень. Гэта зрабіла крэдытаванне дарагім і малапрывабным для насельніцтва, але банкі такім чынам спрабавалі зменшыць свае рызыкі», – нагадала «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.

Ва ўмовах нестабільнасці Нацбанк з 1 сакавіка 2022 года нават прыпыніў практыку выкарыстання разліковай велічыні стандартнай рызыкі (РВСР) – гэта так званая столь для крэдытных ставак, якая, паводле задумы рэгулятара, павінна абмяжоўваць апетыты банкаў. Тады ж стаўка рэфінансавання была павышаная з 9,25 да 12 % гадавых.

Сваім меркаваннем адносна таго, што адбывалася на крэдытным рынку, з «Белсатам» падзяліўся бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч.

Ён прапануе ўлічваць інфляцыю, якая за год склала 12,8 %. З улікам гэтага выходзіць, што вартасць выдадзеных крэдытаў, іх пакупніцкая здольнасць у 2022 годзе была меншаю, чым год таму. Кныровіч робіць выснову, што і «схільнасць да крэдытаў» у беларусаў паменшала за 2022 год на 12 з лішнім адсоткаў, а не на 0,7 %, як зафіксавала статыстыка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эксперт заўважыў, што ў выдадзеных крэдытах больш за 80 % былі ўзятыя на спажывецкія патрэбы (80,08 % у 2021 годзе і 81,51 % у 2022-м). На суму крэдытаў, выдадзеных летась фізічным асобам на тэрмін звыш 3 гадоў, прыпадае толькі 48,6 %, на 2–3 гады – 17,3 %, а на тэрмін 1 год і менш – 34,1 %. Кныровіч кажа, што значная частка крэдытаў прызначаная на куплю звычайных тавараў у растэрміноўванне або «грошы да заробку». Іх бяруць, бо не хапае сродкаў на буйныя пакупкі. Такія крэдыты не «стратэгічныя» і не значныя для эканомікі. Пры гэтым сума крэдытаў, выдадзеных фізічным асобам на нерухомасць, змяншаецца.

Кныровіч згадвае, што нежаданне беларусаў браць крэдыты пацвярджае нават апытанне Нацбанку. У ім каля 85 % беларусаў паведамілі, што не збіраюцца браць буйных крэдытаў. Нядаўняе апытанне, якое праводзілі на просьбу Нацбанку, паказала: 59,1 % рэспандэнтаў не маюць ніякіх крэдытаў і пазыкаў, і толькі 12,3 % маюць крэдыт на жытло. Кныровіч мяркуе, што доля беларусаў, якія маюць добрыя даходы і спадзяюцца праз буйныя крэдыты «перагуляць рынак», невялікая.

Урад ажыўляе рынак

Першыя прыкметы ажыўлення крэдытавання можна было заўважыць ужо ў ліпені-жніўні, адзначае Анастасія Лузгіна: «Стаўкі пачалі павольнае зніжэнне, якое працягваецца да гэтага часу».

З 12 верасня Нацбанк вярнуўся да практыкі вызначэння РВСР. Згодна з пастановай рэгулятара, крэдыты для насельніцтва не павінны былі быць даражэйшымі за 23,33 % гадавых. Пасля гэты ўзровень штомесяц пераглядаўся ў бок зніжэння, і цяпер ён апусціўся да 17,14 %. Хай нязначна (з 12 да 11, 5 % гадавых), але ўсё ж знізілася стаўка рэфінансавання – ад яе залежаць стаўкі некаторых крэдытаў (стаўка рэфінансавання плюс некалькі адсоткаў). «Акрамя таго, у параўнанні з сярэдзінай года знізіўся ўзровень інфляцыі, а банкі, шмат якія з іх пасля пачатку вайны трапілі пад санкцыі і абмежаванні, цяпер ужо прыстасаваліся да бягучай сітуацыі», – дадала Анастасія Лузгіна.

Каментар
Улады ахвяруюць прадпрымальнікамі і спажыўцамі дзеля выканання прагнозу інфляцыі
2023.02.01 09:51

Калі не будзе нейкіх дадатковых шокаў, то зніжэнне ставак, напэўна, працягнецца і аб’ём крэдытавання будзе расці, рост будзе ўжо з прычыны нізкай базы мінулага года, мяркуе экспертка. Аднак, на ейную думку, такой дынамікі, якая была да 2020 года, чакаць не варта. «На сітуацыю ўплывае настрой грамадства, людзі вельмі асцярожныя ў прыняцці рашэння ўзяць крэдыт на працяглы тэрмін, бо цяпер ніхто не можа планаваць доўгатэрміновага гарызонту. Калі рэзюмаваць, то можам сказаць, што настрой яшчэ недастаткова аптымістычны, а стаўкі недастаткова нізкія, каб вярнуцца да абʼёмаў крэдытавання, якія былі да 2020 года», – канстатавала экспертка.

«Мы пакуль не бачым устойлівага прагрэсу ў росце даходаў насельніцтва, яны застаюцца на ранейшым досыць нізкім узроўні, але ў павелічэнні абʼёмаў крэдытавання зацікаўлены ўрад, які і стымулюе іх метадамі дзяржаўнага рэгулявання, уключаючы абмежаванні росту цэнаў, а таксама грашова-крэдытнай палітыкі. Таму што для запланаванага росту ВУП патрэбныя інвестыцыі, а будаўніцтва жылля – гэта таксама інвестыцыі. Я думаю, што для доўгатэрміновага крэдытавання жылля будуць стварацца больш прывабныя ўмовы, чым год таму», – тлумачыць суразмоўца. Стаўкі спажывецкіх крэдытаў могуць зніжацца павальней, бо занадта актыўны рост такіх крэдытаў ёсць крыніцай празмернага спажывання, што правакуе рост цэнаў і павялічвае рызыкі павелічэння пратэрмінаванай запазычанасці, у чым урад і Нацбанк не зацікаўленыя», – падсумавала Анастасія Лузгіна.

Дарэчы, каментуючы вынікі выдачы крэдытаў у 2022 годзе, Анастасія Лузгіна адзначыла, што прэваляванне спажывецкага крэдытавання не значыць, што беларусы пазычаюць грошы толькі на спажыванне. «Аб’ём выдачы паводле спажывецкіх крэдытаў будзе вышэйшы, у тым ліку за кошт таго, што ўнутры года такія крэдыты вяртаюцца і зноў бяруцца. Таму валавы паказнік досыць вялікі, але іх сукупная маса можа пры гэтым не расці», – сказала экспертка.

Ці варта цяпер браць крэдыт у Беларусі?

Аляксандр Кныровіч мяркуе, што ў Беларусі стаўкі крэдытаў яшчэ занадта высокія:

«Для мяне гэта ўсё яшчэ занадта дарагія грошы, асабліва ў сённяшніх рызыкоўных умовах, – кажа Кныровіч. – Ва ўмовах, калі вайна ў суседзяў, калі Беларусь тэарэтычна можа ўступіць у вайну, не час для доўгіх інвестыцыйных пакупак, калі ты не прафесіянал на гэтым рынку. Шараговаму спажыўцу я б вельмі не раіў нешта браць у крэдыт».

Дарэчы, у краінах Еўразвязу крэдытныя стаўкі ніжэйшыя за беларускія. Гэтак, у найбуйнейшым банку Польшчы, «PKO Bank Polski», спажывецкія крэдыты на тэрмін да двух гадоў даюць пад 9,82 % гадавых, іпатэку на жытло афармляюць паводле ставак ад 9,32 да 11,82 %. У Літве і Латвіі іпатэку на жытло можна ўзяць прыблізна пад 5 % гадавых, спажывецкія крэдыты там звычайна даюць паводле ставак ад 12 % (пры самых няўдалых умовах стаўкі могуць пераваліць за 30 %). Рост цэнаў у Латвіі, Літве і Польшчы апошнія дзесяць гадоў вагаўся ад -1 % (была дэфляцыя) да 5 % за год, толькі летась стаўкі падскочылі: у Польшчы да 15,3 %, у Літве да 20 %, у Латвіі да 20,7 % на снежань 2022 года ў параўнанні са снежнем 2021-га.

Кошт беларускіх «недарагіх» крэдытаў на жытло супастаўны са стаўкамі ва Украіне, якая вядзе вайну. Напрыклад, найбуйнейшы банк Украіны, «Прыватбанк», прапаноўвае крэдыты на жытло пад стаўку UIRD 12М плюс 4 адсоткавыя пункты – на люты гэта агулам 16,03 %.

Меркаванні
У Беларусі знізілі стаўкі па крэдытах на жыллё. Ці бегчы ў банк?
2022.12.08 12:00

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў