«Гэта працяг рэпрэсіяў супраць тых, хто з’ехаў». Па кім найперш б’е закрыццё прыватных школаў


У Беларусі з сярэдзіны верасня закрываюць прыватныя школы. Вядома пра 8 установаў, закрытых адразу, яшчэ 12 атрымалі загад на прыпыненне адукацыйнай дзейнасці – некаторыя з іх таксама ў выніку закрываюцца. Праблемы пасля раптоўнага закрыцця школаў у пачатку навучальнага года паўсталі ўва ўсіх, хто там вучыўся, аднак ёсць катэгорыі вучняў, якім у гэтай сітуацыі цяжэй за іншых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Olia Danilevich / Pexels

«Сёння ў чаце абвесцілі, што адміністрацыя школы пастанавіла закрывацца»

Беларуска Надзея летась была вымушаная з’ехаць з радзімы разам з дачкою Дар’яй. Сям’я пераехала ў Грузію. Дачка Надзеі пайшла вучыцца дыстанцыйна ў 10-ы клас Мужчынскай гімназіі, якая адкрылася ў Менску ў 2020 годзе. Дзеўчына вучылася онлайн паводле індывідуальнага плану. Сёлета Дар’я перайшла ў 11-ы клас. Ужо налета яна хацела паступаць ва ўніверсітэт у Нямеччыне. Але 3 кастрычніка высветлілася, што скончыць сярэдняе навучанне ў беларускай школе Дар’я не здолее.

«Сёння ў чаце нам абвесцілі, што адміністрацыя школы пастанавіла закрывацца, – кажа Надзея. – Хоць яшчэ з тыдзень таму нам казалі, што будуць імкнуцца ўратаваць школу, што ўсё будзе добра, каб мы былі спакойныя. Але што закрыюць усіх, было зразумела адразу, калі толькі пачалі гэта ўсё. Мне стала ясна, што будзе, як з НДА летась, што ўсю прыватную, альтэрнатыўную адукацыю ў Беларусі будуць выразаць».

Надзея лічыць закрыццё прыватных школаў цяпер чарговым вітком рэпрэсіяў супраць беларусаў, асабліва тых, хто з’ехаў, быў вымушаны ўцякаць ад пераследу. Бо менавіта тым, хто за мяжою, цяпер, калі ўжо пачаўся навучальны год, будзе складаней за іншых знайсці альтэрнатыву атрыманню адукацыі, кажа нашая суразмоўца:

«Нават за мяжою нас пераследуе гэтая помста за тое, што мы беларусы. У нас тут і кошты растуць ледзь не штодня, а цяпер яшчэ не ясна, як дзецям далей вучыцца».

Мужчынская гімназія прапанавала сваім вучням альтэрнатывы – далейшае навучанне ў амерыканскім філіяле ды атрыманне амерыканскага атэстату ці расейскага. Коштаў на навучанне пры гэтым абяцаюць не змяняць. Але расейскі атэстат для сваёй дачкі Надзея катэгарычна не хоча, таму разглядае варыянт з амерыканскім філіялам і да яго найбольш схіляецца, як і большасць іншых сем’яў былых навучэнцаў Мужчынскай гімназіі.

«У нашым класе ёсць дзеці палітычных вязняў»

Яшчэ адзін варыянт для сям’і – пайсці ў грузінскую школу, аднак няма ніякіх шанцаў, што ў пачатку кастрычніка ў нейкай школе будзе месца. Яшчэ ўлетку шмат хто з беларусаў сутыкнуўся з адсутнасцю месцаў у школах у расейскамоўным сектары ў Грузіі, таму навучанне онлайн у прыватных беларускіх школах для такіх сем’яў было сапраўдным ратаваннем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Max Fischer / Pexels

Хутчэй за ўсё, Дар’і давядзецца адкласці мару паступіць ва ўніверсітэт яшчэ на год. Які б варыянт дзеўчына ні выбрала – грузінскую ці амерыканскую школу – дзеці там вучацца 12 гадоў.

«Так, Дашу перспектыва вучыцца два гады замест аднаго не радуе, яна ж ужо налета хацела паступаць ва ўніверсітэт, – кажа Надзея. – Аднак тут, магчыма, ёсць і станоўчыя бакі. Амерыканскі атэстат адкрывае дзверы ў шмат якія ўніверсітэты свету, а яго, як выходзіць цяпер, атрымаць прасцей, чымся беларускі».

У цяперашняй сітуацыі Надзеі асабліва шкада тых дзяцей, якія з той ці іншай прычыны не могуць сацыялізавацца і хадзіць у звычайную школу:

«Онлайн-адукацыя была ідэальнаю магчымасцю для дзяцей, якія не могуць навучацца ў вялікім калектыве, маюць асаблівасці. Гэта была форма адукацыі, калі можна было вучыцца і не трываць булінгу ў школе, што ты нейкі не такі. Па такіх дзецях гэта таксама ўдарыць».

Але найбольш пацярпяць дзеці эмігрантаў, перакананая нашая суразмоўца:

«Большасць з тых, хто з’ехаў, аддавалі дзяцей у гэтыя школы. У нашым класе, напрыклад, ёсць дзеці ў тым ліку палітычных вязняў. Пакуль адзін з бацькоў сядзіць, другі быў вымушаны ратавацца за мяжою. Таму закрыццё – гэта працяг рэпрэсіяў найперш у дачыненні тых, хто з’ехаў, уцякаў ад рэпрэсіяў на радзіме».

«Мы найбольш любілі нашую школу за свабоду»

У Мужчынскай гімназіі беларусцы падабалася свабода, адсутнасць прымусу ўступаць у БРСМ, ідэалогіі:

«Дзеці ў гэтай школе атрымлівалі файную адукацыю паводле іншай, чымся ў дзяржаўных школах, методыкі. Маёй Дашы яшчэ асабліва падабалася, што ёсць магчымасць вучыцца паводле індывідуальнага плану. Гэта дае вельмі шмат свабоды і магчымасць зрабіць добры выбар, дзе атрымліваць адукацыю далей, і гэтую свабоду ў школе мы найбольш любілі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Thirdman / Pexels

Калі на Мужчынскую гімназію пачаўся ціск, спачатку на некаторых настаўнікаў, кіраўніцтва наклалі штрафы. Ціск не спыняўся, таму школа пастанавіла закрыцца.

«Наколькі дабравольна – пытанне. Мне падаецца, відавочна, што змусілі, – зазначае беларуска. – З пачатку навучальнага года прыдзіраліся да дзвярных праёмаў, што яны не адпавядаюць нормам. Цікава, што летась адпавядалі, а сёлета ўжо перасталі. Потым паказалі гэтае відэа ў БТ, у якім распавялі, якія жахлівыя прыватныя школы. Было ясна, да чаго ўсё ідзе».

«Не ў ідэалогіі рэч, а ў спакоі дзяцей»

Словы Надзеі пра тое, што закрыццё прыватных школаў адаб’ецца, на дзецях, якім патрэбная асаблівая ўвага, пацвярджае мянчанка, сын якой вучыўся ў адной з такіх школаў. Жанчына апісала ўсё ў Facebook:

«Я не супраць дзяржаўных школаў. Зусім не. Больш за тое, насуперак папулярным меркаванням лічу, што ў нашых школах ёсць цудоўныя педагогі, якія выдатна даюць веды. Зрэшты, у прыватных школах працуюць былыя спецыялісты дзяржаўных установаў».

Мянчанка распавядае, што ейная старэйшая дачка вучыцца ў 3-м класе ў дзяржаўнай школе і не хоча пераходзіць у прыватную. Аднак з сынам сітуацыя іншая – ён патрабуе больш увагі:

«Мяне не пужаюць проста школы. Заўсёды важныя людзі. У нас – цудоўныя! Але Дзімка іншы. Ён калючы ў плане камунікацыі быў, імпульсіўны і звышадчувальны. Мы крок за крокам адаптавалі яго да школы, знаёмілі з новым светам і новаю сістэмай. Ягоную ўвагу адцягваюць гукі і шумы, яму цяжка, калі клас не засяроджаны і ёсць хтосьці, хто дэстабілізуе. Толькі ў другім класе ён навучыўся трымаць увагу і не губляць яе па дробязях. <…> Яму добра было менавіта ў класе, дзе 10 дзяцей, дзе настаўнік водзіць за руку іх у сталоўку і разам з імі робіць хатняе заданне. Гэтае маленькае атачэнне прыняў Дзіма, а яно – яго».

Маці Дзімы піша, што не ўяўляе яго ў дзяржаўнай школе, дзе «дзясяткі дзяцей носяцца па калідорах на перапынку, стаіць шум і гам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yan-Krukov / Pexels

«Ён не гатовы да такой рэчаіснасці. І як яго туды акунуць з галавою – пытанне. <…> Не ў ідэалогіі рэч, а ў спакоі дзяцей», – рэзюмуе мянчанка.

Улады Беларусі шукаюць у прыватных школах антыдзяржаўныя змовы?

У Беларусі на 1 верасня 2022 года працавалі 35 прыватных школаў, 20 з іх – у Менску. Прэтэнзіі з боку ўладаў з’явіліся пасля інцыдэнту 15 верасня ў менскай школе «Smart School» – там адзін з вучняў стрэліў з цацачнага пісталета ў вока вучаніцы. Дзяўчынку агледзеў доктар, ейнаму зроку нічога не пагражае. Аднак Аляксандр Лукашэнка зачапіўся за гэты выпадак і загадаў праверыць усе школы, а таксама паабяцаў увесці для ўстановаў адукацыі ліцэнзаванне. Супраць дырэктаркі «Smart School» Наталлі Базанавай завялі крымінальную справу. Потым стала вядома пра затрыманне настаўніка школы дзіцячага паэта і пісьменніка Дзмітрыя Юртаева.

«Пачалі разбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта па першай інфармацыі, на дух не ўспрымае беларускай дзяржавы. Гэта што, там муць нейкая, нейкая клаака ўтварылася антыдзяржаўная?» – заявіў тады Лукашэнка.

Гэтую рыторыку працягнуў міністр адукацыі Андрэй Іванец, які заявіў, што шмат якія з прыватных школаў маюць дачыненне «да несяброўскіх Беларусі краінаў», якія ўмешваюцца ў выхаванне пакалення, якое падрастае». У сюжэце на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» заявілі, што большасць прыватных школаў у Беларусі былі створаныя пасля жніўня 2020 года.

«Ужо высветлена, што замежныя дзяржавы – несяброўскія да нас краіны – маюць дачыненне да цэлага шэрагу прыватных школаў. Менавіта таму ў іх маюцца так званыя філіялы і ў Літве, і ў Латвіі, і ў іншых дзяржавах», – сказаў міністр адукацыі.

У выніку адразу цягам тыдня ў другой палове верасня закрылі 8 прыватных школаў, яшчэ 12 атрымалі прадпісанні аб прыпыненні адукацыйнай дзейнасці. Некаторыя з іх паступова закрываюцца. Бацькі ж вымушаныя пераводзіць сваіх дзяцей у дзяржаўныя школы ці шукаць іншыя варыянты.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў