Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на сайд-івэнце АБСЕ наконт Беларусі, які сёння прайшоў у Варшаве. На мерапрыемстве было абвешчана аб стварэнні групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» з краін-удзельніцаў АБСЕ, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Абраная прэзідэнтка Беларусі ў сваёй прамове канстатавала, што выканаўчыя структуры АБСЕ мала што зрабілі ў пытанні крызісу ў Беларусі. Ціханоўская заклікала БДіПЧ і Сакратарыят да выканання ўжо наяўных у іх мандатаў:
«БДіПЧ і Сакратарыят павінны самым рашучым чынам запатрабаваць наведвання палітычных зняволеных у Беларусі. Чаму АБСЕ не звярнулася з публічнай ініцыятывай наведаць у турме лаўрэата Нобэлеўскай прэміі 2022 года Алеся Бяляцкага? Ёсць шмат іншых людзей, умовы ўтрымання якіх патрабуюць неадкладнага ўмяшання».
Таксама Ціханоўская заклікала БДіПЧ запытаць доступ да судовых працэсаў у Беларусі
Абраная прэзідэнтка Беларусі падкрэсліла, што гэтыя запыты мусяць рабіцца публічна – канфідэнцыйных лістоў недастаткова.
Акрамя таго, у сваёй прамове Ціханоўская папрасіла дапамагчы прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць украінскіх дзяцей, а таксама падтрымаць беларусаў, якія ўцяклі ў Еўразвяз, у ініцыяванні імі крымінальных справаў на падставе ўніверсальнай юрысдыкцыі.
Глеб Нержын belsat.eu