Ядравая зброя ў Беларусі пагоршыць сітуацыю Лукашэнкі. Інтэрв’ю з брытанскім палкоўнікам


Беларускія патрыёты могуць узарваць расейскія пускавыя сістэмы «Іскандэр» у Беларусі, калі там размесяць ядравую зброю. Так лічыць палкоўнік брытанскай арміі ў адстаўцы Глэн Грант (Glen Grant). Былы вайсковец разважае пра тое, ці магчымы ў прынцыпе наступ беларускага войска на Украіну. У інтэрв’ю, якое запісаў Сяргей Пеляса, адстаўны афіцэр з Вялікай Брытаніі тлумачыць, як можна спыніць расейцаў ва Украіне, які ў іх самы слабы бок і што трэба зрабіць, каб прымусіць Пуціна саступіць у вайне.

Сяргей Пеляса: Вас здзівіла заява Пуціна аб размяшчэнні ядравай зброі ў Беларусі?

Глэн Грант: Не, зусім не. Я чакаў нечага падобнага апошнія некалькі месяцаў. Наколькі я памятаю, ён ужо размясціў ядравую зброю ў Крыме і ў калінінградскім анклаве, але гэта не дае ніякай ваеннай перавагі, бо Расея і так размяшчаецца побач з Эстоніяй, Фінляндыяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай. Так што не варта шукаць тут нечага новага ў ваенным сэнсе. Насамрэч гэта праблема для Расеі, бо размяшчэнне ядравай зброі цягне неабходнасць ахоўваць яе на мясцовасці, а я ўпэўнены, што знойдзецца дастаткова беларускіх патрыётаў, якія хочуць падарваць пускавую ўстаноўку. Так што прыйдзецца ахоўваць і іх, захоўваць ракеты асобна ад пускавых установак. Таму калі яны і напраўду на гэта пойдуць, то расейскія вайскоўцы нажывуць сабе дадатковы галаўны боль, а ім яго і так хапае. Гэта не дасць ім ніякай прыкметнай ваеннай перавагі ў параўнанні з бягучым становішчам. Дык навошта гэта трэба? Я думаю, што прычыны гэтага рашэння больш унутраныя, а не вонкавыя. Вайна паказала іхнае войска ў вачах уласнага насельніцтва ў вельмі непрывабным святле. А калі расейская армія выглядае нядобра, то і Пуцін выглядае гэтак жа. Пуцін, які прыйшоў да ўлады як «моцны мужык», пачынае выглядаць няўстойліва, вельмі няўстойліва, асабліва ўлічваючы, як ён за апошні час некалькі разоў падаў, і гэта стала здабыткам публікі. Так што яму трэба зрабіць нешта як «моцны мужык». Давайце будзем сумленнымі, тут у яго не такі ўжо вялікі выбар. Размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі якраз з гэтага шэрагу, выглядае як «моцны крок», узбуджае людзей, якія не разумеюць, што ўзбуджацца тут няма чым. Такім чынам, ён набірае пункты ў вачах народу, які працягвае думаць, што «наш Пуцін яшчэ ого-го».

А што атрымвае Лукашэнка? Ці ў стане ядравая зброя ў Беларусі абараніць яе, даць яму пачуццё бяспекі? Ці ж наадварот, ядравая зброя ў Беларусі стане цэллю для NATO?

Так, гэта цікавае пытанне. Я думаю, Лукашэнка атрымае тое, што ён хоча атрымаць. Калі ён супакоіцца, ён супакоіцца. Але на справе гэта нічога для яго не мяняе. Ён нелегітымны прэзідэнт, а дакладней – нелегітымны дыктатар. Які ён прэзідэнт, калі яго не выбралі. І як нелегітымны дыктатар ён у любым выпадку застаецца ў хісткім становішчы пасярод гэтага канфлікту. Цалкам магчыма, што ён сам пра гэта папрасіў, але як гэта бывае і з многімі іншымі ягонымі заявамі датычна вайны, відавочна, што ён сам не разумее, пра што кажа. Ён не вайсковец, ён селянін. Гэтыя рэчы для яго маюць хутчэй ментальнае, чым рэальнае значэнне. Ну, скажам, ягоныя словы пра боегалоўкі са збедненага ўрану. Ну гэта ж проста дзяцінства. Можа, некаму ў Беларусі і падасца, што ён гаворыць з веданнем справы, але любы вайсковец толькі засмяецца ў адказ на ягоныя заявы і ўсумніцца ў адэкватнасці іх аўтара. Я ўвогуле не разумею, як гэта яму дапаможа. Гэта толькі пагаршае ягонае становішча ўнутры краіны, і гэта пры тым, што ён і так слабы.

Можна смяяцца з Лукашэнкі, што мы, уласна, і робім, але мы ўсё ж бачым, што беларускія войскі так і не ўзялі ўдзелу ў наземным наступе супраць Украіны. Як вы думаеце, наколькі гэта важна для Украіны, што яе паўночная мяжа застаецца параўнальна спакойнай?

Відавочна, што для Украіны важна тое, што яны могуць ахоўваць мяжу, задзейваючы для гэтага меншыя сілы. Але беларуская мяжа і так вельмі няўдалае месца для наступу на Украіну. Па гэтай мясцовасці вельмі цяжка наступаць, там адны балаты. Дык яшчэ і бабры, як гэта ні смешна гучыць. Бабры, якія ў ковідны перыяд гаспадарылі там, як хацелі, зрабілі гэтую сельскую мясцовасць непраходнай, са мноствам паваленых дрэваў, абсалютна «супрацьтанкавай». Існуе не больш за 4 або 5 памежных пераходаў, якія пры жаданні можна адносна лёгка абараняць сіламі пяхоты, узброенай супрацьтанкавымі сродкамі. Я ўпэўнены, што ўкраінцы ў гэтым ужо спрактыкаваліся, так што я не ўпэўнены, што наступ там удаўся б лёгка. Паглядзіце, напрыклад, на другую бітву пад Ардэнамі, дзе Гітлер аправіў ледзь не ўсе наяўныя сілы па адзінай дарозе. Там усе яны былі адкінутыя, так было б і ў гэтым выпадку. І, шчыра кажучы, многія беларусы не прамінулі б падзяліцца інфармацыяй пра тое, што яны бачаць, калі яны, напрыклад, бачаць засяроджванне сілаў. У беларусаў усё яшчэ моцныя сувязі паміж сабой і з украінцамі, а інтэрнэт немагчыма цалкам заглушыць. Так што, магчыма, гэта менш прыкметны аспект гэтай сітуацыі – што справа не толькі ў Лукашэнку, але і ў найвышэйшым генералітэце беларускага войска, які бачыць, што такі наступ немагчымы. Аднак цяпер Беларусь выкарыстоўваецца як трэнавальны палігон і склад абсталявання для Расеі.

Расейцы павольна прасоўваюцца ва Украіне практычна штодня, як мінімум пад Аўдзееўкай і Бахмутам. Мы ведаем, што ўкраінскае камандаванне ведае, што робіць, але што б вы ім параілі, як цяпер спыніць расейцаў?

Я думаю, што рэцэпт, як прыпыніць расейцаў, даволі просты: трэба зайсці ім у тыл. Рассекчы іхныя шыхты і зайсці ім у тыл, любым спосабам і ў любым месцы, дзе гэта атрымаецца. Калі праціўнік аказваецца ў іх у тыле – яны бягуць, як мы ўжо бачылі. У Ізюме, як толькі 93-я брыгада зайшла ім у тыл, яны пабеглі, кідаючы тэхніку. І яны зробяць так зноў. І справа не толькі ў расейскім характары, але і ў тым факце, што іхнае войска слаба забяспечанае сродкамі радыёсувязі. Рэальна, вельмі слаба. Агулам, калі ваюеш так, як яны цяпер, радыёсувязь не асабліва патрэбная, каб падняць салдатаў у атаку. Але калі ўзнікае патрэба ў любым выглядзе манеўранасці, у адступленні або ў агнявым адступленні, вось тады патрабуецца аснашчанасць радыёсувяззю, бо патрэбная пастаянная камунікацыя. А ў іх яе няма. Гэта азначае, што калі ў расейскіх падраздзяленняў на лініі фронту губляецца сувязь з суседзямі і тылам, то яны губляюць уяўленне пра сітуацыю, і гэта іх ломіць. Неабавязкова ўкраінцы ў гэты час застаюцца ў іх у тыле, але ўсё роўна ўзнікае нявызначанасць, якую расейскае камандаванне і Генштаб не ў стане пераадолець з банальнай прычыны – не хапае сродкаў радыёсувязі. Яны проста не могуць звязацца з франтавымі часткамі. У іх няма іншага спосабу камунікацыі, акрамя як калі генерал прыязджае на пазіцыі, каб асабіста скамандаваць: «Хлопцы, наперад, у атаку, руш!» Гэта працуе, калі яны ваююць так, як ваююць цяпер, тады і радыёсувязь ім асабліва не патрэбная. Але варта гэта змяніць, і імгненна зменіцца ўся парадыгма бою – на карысць Украіны.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 31.03.23. Поўную версію глядзіце ў відэа вышэй.

belsat.eu

Стужка навінаў