Кіраўнік СБУ Васіль Малюк: Сінхронна нанеслі глабальны ўдар па ўнутраным ворагу


Ударам па ўнутраным ворагу назваў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк шэраг ператрусаў і затрыманняў, хваля якіх пракацілася па краіне ў сераду, 1 лютага. Аб гэтым паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал СБУ. Паводле кіраўніка спецслужбы, у бліжэйшыя дні СБУ працягне публікаваць звесткі пра карупцыянераў.

Васіль Малюк.
Фота: СБУ / Telegram / SBUkr

Паводле кіраўніка СБУ Васіля Малюка, шэраг праведзеных 1 лютага маштабных аператыўна-следчых мерапрыемстваў – гэта «адпрацоўка асоб, якія сваімі дзеяннямі шкодзяць бяспецы дзяржавы ў розных сферах: здраднікаў Украіны і агентаў расейскіх спецслужбаў; прадстаўнікоў арганізаванай злачыннасці; службовых асоб, чыноўнікаў і карупцыянераў, якія падрываюць эканоміку краіны і стабільнае функцыянаванне абаронна-прамысловага комплексу».

Паводле Малюка, па ўсёй Украіне прайшлі дзясяткі ператрусаў і ўручэнняў падазрэнняў фігурантам спраў у межах выканання даручэння кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

«Мы выконваем задачу, пастаўленую прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, і сінхронна наносім глабальны ўдар па ўнутраным ворагу. І яркае сведчанне гэтаму – масавыя ператрусы, уручэнне падазрэнняў і затрыманне зламыснікаў рознага калібру», – адзначыў Васіль Малюк.

Паводле кіраўніка спецслужбы, прайшоў толькі першы этап «комплекснай і сістэмнай працы», якую праводзіць СБУ. Грамадства будзе дадаткова праінфармавана аб выніках мерапрыемстваў 1 лютага, «нягледзячы на вялікі абʼём матэрыялаў».

Паводле паведамленняў СБУ і ўкраінскіх СМІ, 1 лютага прайшлі следчыя дзеянні ў шэрагу дзяржструктур і ў дачыненні некаторых вядомых асоб Украіны:

  • удома ва ўкраінскага бізнесмена Ігара Каламойскага прайшоў ператрус, які правялі супрацоўнікі СБУ і Бюро эканамічнай бяспекі ў межах расследавання ў дачыненні кампаніяў «Укртатнафта» і «Укрнафта», акцыянерам якіх зʼяўляецца Каламойскі;
  • ператрус прайшоў і ўдома ў забудоўшчыка і дэпутата ад забароненай ОПЗЖ Вадзіма Сталара;
  • новае падазрэнне прадʼяўлена былому прэзідэнту «Матор Січы» Вячаславу Багуслаеву «з-за супрацоўніцтва з расейскімі тэрарыстамі»;
  • экс-міністру энергетыкі Ігару Насаліку паведамлена аб падазрэнні ў службовай халатнасці і нанясенні 1, 5 млрд грывень шкоды дзяржбюджэту;
  • кабінет міністраў Украіны адправіў у адстаўку кіраўніцтва мытні, там выкрыта злачынства з шкодай дзяржаве амаль на 400 млн грывень;
  • паведамлялася і аб выкрыцці ў кіраўніцы падатковай Кіева Аксаны Дацій у незаконных схемах узбагачэння.

Аб падрыхтоўцы маштабных крокаў супраць карупцыі стала вядома 24 студзеня, калі сышлі ў адстаўку адразу некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў украінскага ўраду. Сярод звольненых па падазрэннях у карупцыі аказаліся намеснік міністра абароны Вячаслаў Шапавалаў, намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Кірыла Цімашэнка, намеснік генпракурора Аляксей Сіманенка. Медыі паведамлялі ў той дзень пра магчымыя найбліжэйшым часам адстаўкі міністраў энергетыкі і спорту, а таксама кіраўнікоў Сумскай, Дняпроўскай, Запарожскай і Херсонскай абласных вайсковых адміністрацыяў.

Каментуючы тады антыкарупцыйныя высілкі ўкраінскіх уладаў, паліттэхнолаг Сяргей Гайдай адзначыў, што такмі чынам Украіна дэманструе свету жаданне пазбавіцца ад рэпутацыі карумпаванай краіны, але гэта можа выявіцца і імітацыяй.

Каментар
Паліттэхнолаг Гайдай пра шэраг адставак ва Украіне: дэманструюць Захаду барацьбу з карупцыяй
2023.01.24 17:09

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў