«Я атрымліваю асалоду ад таго, што хаджу ў лякарню да хворых дзяцей і дапамагаю ім»


У Гомлі ўжо ў восьмы раз правялі дабрачыннае сямейнае свята «Дзень чырвонага носу». Арганізатарам па традыцыі стала Гомельскае гарадское моладзевае дабрачыннае грамадскае абʼяднанне «Бальнічныя клоўны Funny nose».

У цэнтральным парку для дзяцей і іх бацькоў зладзілі разнастайныя конкурсы, майстар-класы ды гульні.

Марына Ермакова

«Група бальнічных клоўнаў «Funny nose» узнікла ў Гомелі яшчэ ў 2008 годзе, – распавядае кіраўніца аб’яднання Марына Ермакова. – Па адукацыі я псіхолаг і заўжды цягнулася дапамагаць іншым, а калі ў Італіі ўбачыла, як працуюць бальнічныя клоўны, то фактычна перастала быць псіхолагам і стала бальнічным клоўнам. Можна сказаць, што гэта – пэўны лад жыцця. Немагчыма прыйсці і граць – ты заўжды бальнічны клоўн. Ідэя ладзіць Дзень чырвонага носа ўзнікла ў нас фактычна адразу, паколькі гэта цудоўная магчымасць паказаць людзям хто такія бальнічныя клоўны і чым яны займаюцца. Кожны год мы пашыраемся, кожны год у нас новыя сябры і калегі».

На дадзены момант у гомельскай групе бальнічных клоўнаў 15 чалавек. Яны дапамагаюць дзеткам пераадольваць хваробы і наведваюць іх у аддзяленні гематалогіі Цэнтра радыяцыйнай медыцыны ў Гомлі, дзіцячай хірургіі абласной лякарні, карэкцыйных цэнтрах і групах палеатыўнага нагляду. Наведваюць бальнічныя клоўны па магчымасці і дзіцячыя дамы, а нядаўна наладзілі супрацу з дамамі для састарэлых.

Вольга Грынь (бальнічны клоўн Буказявачка) кажа:

Вольга Грынь

«Можна з пэўнасцю сказаць, што жаданне быць клоўнам узнікла ў мяне яшчэ ў дзіцячым садку. Калі ж я прыйшла ва ўніверсітэт, то на другім курсе даведалася пра існаванне групы бальнічных клоўнаў у Гомлі. Цяпер я ў руху ўжо восем год.

Важна адзначыць, што мы не простыя клоўны і працуем з дзецьмі, якія хварэюць. Першым месцам, куды патрапіла я, было аддзяленне гематалогіі, дзе знаходзяцца дзеткі з вельмі сурёзнымі захворваннямі. Таму найбольш цяжкім выпрабаваннем на той час было глядзець, як некаторыя з іх сыходзяць з жыцця».

Далучыцца да бальнічных клоўнаў можа кожны, але трэба разумець, што справа гэта вельмі сурʼёзная і адказная.

«Трэба ведаць асновы псіхалогіі, бо дзеці і іх бацькі часта знаходзяцца ў няпростай сітуацыі. Прыйсці і далучыцца да нашага руху можа кожны. Мы навучым таму, што трэба, але не кожны ў выніку становіцца бальнічным клоўнам.

Раней шмат людзей не разумелі мяне, маўляў «навошта вы марнуеце свой час і грошы». На гэта я адказвала, што некаторыя любяць хадзіць у кіно, а я атрымліваю асалоду ад таго, што хаджу ў лякарню да дзяцей і дапамагаю ім».

Дзякуючы «Funny nose» Вольга пазнаёмілася і са сваім мужам:

«Ён знайшоў мяне ў сацсетках, убачыў, што я займаюся клоўнатэрапіяй і папрасіў распавесці яму пра гэта пры сустрэчы. І ўжо менш чым праз год мы ажаніліся, а цяпер гадуем уласнае дзіця. Нашы клоўны зладзілі нам да таго ж яшчэ і клоўнскае вяселле. Мой муж таксама ўцягнуўся ў наш рух і пэўны час дапамагаў дзеткам у якасці клоўна, але апошнім часам больш займаецца валанцёрствам».

Вольга Грынь з мужам і сынам

На дадзены момант бальнічныя клоўны з’явіліся таксама ў Берасце і ў Менску. Але ў бліжэйшых планах «Funny nose» майстар-класы для ахвотных дапамагаць дзецям ува ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і стварэнне філіялаў бальнічных клоўнаў па ўсёй краіне.

Марына Драбышэўская, Яўген Меркіс, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары