Не пра падзеі, а пра людзей. Прафесар Швед прэзентаваў свой «Рэквіем паўстанцам 1863 – 1864 гадоў»

photo

У гарадзенскім цэнтры гарадскога жыцця ўпершыню прадставілі новую кнігу доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа.

Kніга «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гг.» Горадня 30 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат. Горадня 30 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Як адзначае сам гісторык, гэтая кніга, як даніна памяці ўдзельнікам студзеньскага паўстання, таму і носіць назву «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гадоў. Гарадзенская губерня». Даследчык распавёў Belsat.eu не толькі пра сваю новую кнігу, але і пра актуальныя праблемы ў вывучэнні паўстання на сённяшні дзень.

На прэзентацыі кнігі «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гг.» Горадня 30 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Не пра падзеі, а пра людзей

У сваёй кнізе прафесар Швед канцэнтруе ўвагу на персаналіях а не на падзея паўстання. Тут прадстаўлены ўдзельнікі маніфестацыйнага руху перад паўстаннем, стваральнікі і чальцы патаемнай гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, камандзіры атрадаў інсургентаў ды звычайныя людзі, якія дапамагалі паўстанцам:

«Паўстанцамі я называю і ўсіх тых, хто спачуваў інсургентам. Людзі, што давалі харчаванне, вопратку, хавалі ў сваіх хатах паўстанцаў, выратоўвалі параненых – яны ўсе паўстанцы. Бо часам да такіх людзей, пакаранні былі не менш жорсткімі, чым з тымі, хто быў у паўстанцкіх атрадах»- рэзюмуе аўтар.

Кніга «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гг.» Горадня 30 верасня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат. Горадня 30 верасня 2017 г.

Кніга з’яўляецца добрым даведнікам па асобам паўстанцаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Гарадзенскай губерні. Карысным выданне можа быць і тым, хто хоча адшукаць сваіх продкаў сярод паўстанцаў. На днях з дапамогай кнігі Вячаслава Шведа, якую ён прэзентаваў свайму польскаму калегу, той знайшоў там свайго продка сярод удзельнікаў паўстання. Гісторык дадае адрасы паўстанцаў у Горадні ды месцы, звязаныя з паўстаннем 1863-1864 гадоў на Гарадзеншчыне: «Кніга прафесара Шведа з’яўляўляецца такім зборнікам інфармацыі па гарадзенскай губерні. Проста каб была крыніца аб адным рэгіёне – узяў і пачытаў хуценька» – лаканічна апісвае выданне Вольга Сямашка – апякун праекту.

На прэзентацыі кнігі «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гг.» Горадня 30 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Кніга была выдадзена з дапамогай краўндфаўдынгавай платформы Talaka.by. Вольга Сямашка сама прапанавала даследчыку сваю дапамогу ў зборы фінансаў. Збор сродкаў пачаўся ў студзені 2017 году: «Сродкі мы сабралі вельмі хутка, хаця шмат хто ў нас не верыў ды казаў, што тэма паўстання нікому непатрэбна. Людзі падтрымалі і я вельмі задаволена вынікам» – радасна зазначае Вольга. Гэта кніга з’яўляецца падсумаваннем навуковых пошукаў гісторыка за некалькі апошніх дзесяцігоддзяў.

Пра паўстанне ўсё яшчэ мала напісана

Вячаслаў Швед займаецца вывучэннем грамадска-палітычнага руху на Беларусі ў ХІХ стагоддзі ўжо каля 30 год і лічыць тэму паўстання 1863-1864 гадоў актуальная з пачатку 1960-х гадоў. Хоць з цягам часу яна набывае розныя афарбоўкі, тэма застаецца запатрабаванай грамадствам ды мае дастаткова белых плямаў: «Тады звярталі ўвагу на паўстанне, як на сацыяльную барацьбу сялянаў супраць царызму. Мы зараз глядзім на паўстанне, як на частку нацыянальнага руху і таму варта тэму надалей даследаваць».

На прэзентацыі кнігі «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гг.» Горадня 30 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат
На прэзентацыі кнігі «Рэквіем паўстанцам 1863-1864 гг.» Горадня 30 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

З пачатку 1990-х гадоў на паўстанне даследчыкі паглядзелі з іншага ракурсу, але ідэалагічныя спрэчкі вакол тых падзей працягваюцца і сёння: «Менавіта нацыянальны аспект паўстання – недаследаваны да канца. Гаворыцца да гэтага часу, што гэта польскае паўстанне, а трэба на матэрыялах архіўных, на аснове мемуарнай літаратуры, успамінаў і дзённіках паказаць, што гэта было паўстанне на зямлі беларускай і ў ім удзельнічалі менавіта тыя, хто тут жыў» – дзеліцца сваймі думкамі прафесар Швед.

Падзеі паўстання, як выхаваўчы матэрыял

Больш за 150 год мінула з часоў паўстання. Трактоўкі тых падзей мяняліся, а асобы паўстанцаў абрасталі міфамі. У сучасным уяўленні паўстанец 1863 году – бравы касінер, які ішоў ваяваць «За нашу і Вашу свабоду». На самой справе кожны ўдзельнік паўстання меў уласную мэту. Хтосьці спадзяваўся атрымаць кавалак зямлі, пасля перамогі паўстання. Нехта хацеў зарабіць грошай або атрымаць пасаду ў будучай незалежнай дзяржаве. Былі выпадкі, калі людзей гвалтам заганялі ў шэрагі паўстанцкіх атрадаў, або самі далучаліся, каб адпомсціць пану, які да адмены прыгону здзекаваўся над сваймі сялянамі. Такія гісторыі трапляліся прафесару на яго даследчым шляху і ён гэта паказвае ў сваёй кнізе. Вячаслаў Швед лічыць міфалагізацыю пэўных гістарычных падзей ці асоб карыснай на першапачатковым этапе: «На пэўны перыяд мы можам ствараць герояў, міфалагізацыяй займацца і легенды прыдумваць, але потым трэба на чарговым этапе імкнуцца да больш аб’ектыўнага паказвання паўстання».

Вячаслаў Швед, прафесар, аўтар кнігі. Горадня 30 верасня 2017 г. Васіль Малчанаў/ Белсат

Гісторык мяркуе, што падобны міф быў вельмі актуальным на пачатку ХХ стагоддзя, калі зараджаўся беларускі нацыянальны рух: «Падзеі 1863 – 1864 гадоў, людзі якія там удзельнічалі – сталі гістарычнай памяццю. Гэта памяць грукала ў грудзях нацыянальна-свядомых людзей пачатку 20 стагоддзя. Гэта быў патрыятычны выхаваўчы матэрыял, без якога было б значна цяжэй».

На прыкладзе ўдзельнікаў вызвольнага паўстання амаль 150-гадовай даўніны выхоўваюцца маладыя людзі і сёння. А кніга прафесара Шведа з’яўляецца тым самым патрыятычным выхаваўчым матэрыялам для недасведчаных людзей у тэме паўстання 1863 – 1864 гадоў.

Вячаслаў Швед і Вольга Сямашка выказваюць падзяку ўсім, хто падтрымаў праект па збору сродкаў на выданне кнігі.


Вячаслаў Швед нарадзіўся 7 кастрычніка 1956 года ў Горадні, доктар гістарычных навук (2001), прафесар (2005). Выкладаў у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я. Купалы, працаваў прарэктарам у абласным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, загадчыкам кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, з сакавіка 2008-га па 1 красавіка 2013-га – загадчык гэтай кафедры.

Вячаслаў Швед. Васіль Малчанаў/ Белсат

Звольнены з пасады загадчыка кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, а 1 красавіка 2013 года Рада ўніверсітэту не абрала яго на пасаду прафесара па конкурсе. Выступіў у медыях з адкрытым лістом, заявіўшы, што звальненне зʼяўляецца палітычным.

Звальненне Вячаслава Шведа асудзіў, між іншым, польскі кінарэжысёр Кшыштаф Занусі. Цяпер Вячаслаў Швед выкладае ў Польшчы. Прафесар мае каля 300 навуковых працаў. Сферы навуковых інтарэсаў: сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў першай палове XIX стагоддзя, грамадска-палітычнае развіццё зямель Беларусі ў 1772–1863 гадах, гісторыя Горадні і Гарадзеншчыны.

АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары