Навукоўцы прапанавалі падзяліць Беларусь на 15-18 «вобласцяў»


Навукоўцы прапанавалі новую сістэму адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі, якая прадугледжвае стварэнне 15-18 акругаў.

Тэарэтычны праект рэформы абмяркоўваўся падчас круглага стала, прысвечанага мясцоваму самакіраванню. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі верхняй палаты беларускага парламента, эксперты з Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Грэцыі, Румыніі і Беларусі. Круглы стол быў арганізаваны з нагоды візіту ў Беларусь дэлегацыі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савету Еўропы.

«Калі браць радыкальны варыянт, ён уяўляе сабой пераход ад трохузроўневай сістэмы да двухузроўневай. Гэта значыць ліквідацыя цяперашніх вобласцяў і стварэнне 15-18 акругаў. А на нізавым узроўні – ліквідацыя сельсаветаў і раёнаў і стварэнне 400-450 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Сёння мы можам весці размову і аб мяккім варыянце. Неабходна аб’ядноўваць сельсаветы. Можна ўзбуйняць раёны. Са 118 раёнаў 30 маюць колькасць насельніцтва менш за 20 тысяч чалавек», – кажа Таццяна Вярцінская, загадчыца аддзелу сусветнай эканомікі і вонкаваэканамічных даследаванняў Інстытуту эканомікі НАН Беларусі.

Канцэпцыя рэфармавання мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі была распрацаваная яшчэ ў 2003 годзе. Тады нават паўстала адмысловая працоўная група пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Летась лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк напісаў разам з аднадумцамі праграму развіцця краіны «Вольная Беларусь». У ёй прапанавалася падзяліць Беларусь на 16 ваяводстваў.

Былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Алесь Міхалевіч прапанаваў у сваёй перадвыбарчай праграме падзяліць існуючыя 6 вобласцяў на 17 паветаў.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары