У адной з вайсковых частак Пухавіцкага гарнізону атруціліся некалькі салдатаў. З гэтай прычыны яны былі шпіталізаваныя, паведамляе МЛЫН.BY.
Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства абароны Беларусі Наталля Гаўрусік, 13 вайскоўцаў адной з вайсковых частак Пухавіцкага гарнізона 6 сакавіка звярнуліся па медычную дапамогу ў сувязі з атручваннем. Іх шпіталізавалі ў галоўны ваенны клінічны медычны цэнтр Узброеных Сілаў у Менску.
Паводле начальніка цэнтру Ігара Касінскага, вайскоўцы адчуваюць сябе выдатна, іх стан здавальняючы. Яны рыхтуюцца да выпіскі.
Наталля Гаўрусік адзначыла, што атруціліся выключна жаўнеры, афіцэраў і сяржантаў сярод іх няма.
«Высветлілася, што ўсе гэтыя салдаты паспрабавалі на смак выбуховае рэчыва. Навошта яны гэта рабілі? Цяжка сказаць. Ніякіх рытуалаў пасвячэння ў салдаты, пры якіх трэба ёсць выбухоўку, у беларускім войску няма», – сказала яна.
Паводле яе, ежа, якой кормяць вайскоўцаў гэтай вайсковай часткі Пухавіцкага гарнізона, не магла стаць прычынай атручвання, бо пацярпелых было б значна больш.
МГ belsat.eu