Наркаманы вайны: французскі канал паказаў фільм пра расейскіх баевікоў на Данбасе


«Выбар Алега» – гэтак называецца дакументальны фільм журналісткі Алёны Валошынай і аператара Джэймса Кіоха, у якім няма аніводнага слова ад аўтараў. Усе рэплікі фільма – простая мова саміх яго герояў: расейскіх баевікоў, якія ваявалі і ваююць супраць Украіны, іх знаёмых і сваякоў.

Для франкамоўных гледачоў аўтары наклалі цітры, тыя ж, хто разумее па-расейску, можа глядзець фільм без перакладу.

Стужка паказвае эпізоды з штодзённага жыцця падраздзялення «ДНР» «Барс», якое складаецца прыкладна з 60 баевікоў, амаль усе з якіх прыехалі з Расеі.

«Тут засталіся адныя расейцы. Уся мясцовая кампанія разʼехалася», – кажа галоўны герой стужкі, 32-гадовы Алег з Цюмені, адзін з камандзіраў падраздзялення. Ён прыехаў у Украіну летам 2014 года «на два тыдні, калі быў адпачынак», аднак застаўся там надоўга (фільм здымаўся ў 2015 годзе).

oleg1-1024x576

Часам густа перасыпаныя матам рэплікі паказваюць, як лёгка згуляць на стэрэатыпах і выкарыстаць нават найлепшыя намеры людзей.

«Я ехаў сюды з мэтай дапамагаць абараняць мірных грамадзянаў Данбасу… Шчыра, я праз два тыдні расчараваўся ў гэтай вайне, я ўбачыў усё гэтае беззаконне, пастаянную канфрантацыю паміж падраздзяленнямі, проста татальнае бязладдзе, усе гэтыя бясконцыя рабункі. Я хацеў зʼехаць, не ведаю, што мяне спыніла», – кажа Алег.

Камера фіксуе шмат – вось баевікі ў разнастайнай уніформе выпраўляюцца ў начную атаку на Марʼінку 3 чэрвеня 2015 года, якая дрэнна для іх заканчваецца. Вось яны ж глядзяць расейскае ТБ, якое распавядае, што «на самой справе» атакавалі ўкраінцы. Запалоханы палонны ўкраінскі жаўнер кажа на тэлекамеру тое, што яму загадалі.

oleg2-1024x576

«Бачыш, як прапаганда працуе», – кажуць «барсаўцы», але не бачна, каб пераймаліся тым, што гэтае ж тэлебачанне завабіла іх на гэтую вайну.

За што яны цяпер змагаюцца, ім цяжка сказаць. Можа проста помсцяць за палеглых сваіх сяброў, у выніку толькі павялічваючы колькасць забітых з абодвух бакоў. Цяжкія думкі, боль ад раненняў і пачуццё бязсэнсоўнасці трохі дапамагае зняць алкаголь.

«Буду рабіць сваю працу, я цяпер гэта працай называю. Толькі, на жаль, бясплатнай… Падсеў ужо на гэтую вайну», – распавядае малады Макс з Татарстана, які прыехаў, бо пасварыўся з дзяўчынай.

«Арганізацыя ніякая. Зараз у атаку ісці, а мы нават не ведаем паслядоўнасць груп. Дзе танкі, якія нам абяцалі? Дзе бэхі (БМП, БТР)?», – шчыра кажа Алег, які служыў у расейскай марской пяхоце.

Саўндтрэк карціны таксама асаблівы – у ёй гучыць тая музыка, якую слухаюць баевікі.

Маналогі герояў зліваюцца з песнямі ў адну відэа- і аўдыё-плынь, з якой можна было б лёгка зняць штосьці падобнае да «Брата-3». Дый самі персанажы, якія часам скардзяцца на «пустую галаву», адсутнасць рэфлексіі, лёгка маглі б здымацца ў ролі Данілы Багрова, хіба што слухаюць не расейскі рок 1990-х, а пераважна ваенна-«патрыятычную» папсу.

Хтосьці з расейцаў вяртаецца з вайны, для кагосьці яна робіцца сэнсам жыцця, новым статусам, наркотыкам, ад якога немагчыма адмовіцца. Вынік адзіны – цяжка апазнавальныя трупы, цалкам пакрытыя чарвякамі пасля пары дзён на гарачым украінскім сонцы. Грузавікі з надпісам «200» вязуць іх назад у Расею.

oleg3-1-1024x576

«Гэта не мая Радзіма, не мая зямля… Але я не магу сабе гэтага [вярнуцца ў Расею] дазволіць. Я прыехаў сюды дапамагаць!», – з імпэтам кажа Алег.

Пʼяны і ўзброены баевік едзе на джыпе па начным горадзе і тэрарызуе мясцовых жыхароў, якім прыехаў «дапамагаць», «за якіх» пралівае кроў сваю і чужую.

Дакументальны фільм без аўтарскага тэксту не распавядае пра вялікія палітычныя і ваенныя падзеі на Данбасе. Ён прымушае задумацца над важным пытаннем – як зрабіць так, каб жыхары суседняй краіны, якія можа быць, і зусім нядрэнныя людзі, заставаліся ў сябе ўдома? Як звузіць гэтую занадта шырокую душу?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары