У выніку серыі нападаў ісламістаў у правінцыі Паўночны Сінай у Егіпце загінулі найменш 26 асобаў.
З дапамогай мінамётаў, агнястрэльнай зброі і прынамсі аднаго замініраванага аўтамабіля ў некалькіх гарадах былі атакаваныя кантрольна-прапускныя пункты, паліцэйскія офісы і вайсковыя базы. Дзясяткі людзей атрымалі раненні, падае Бі-Бі-Сі.
Адказнасць за напад узяла на сябе групоўка, звязаная з баевікамі «Ісламскай дзяржавы». Чальцы групоўкі заклікалі егіпцянаў пратэставаць супраць прэзідэнта Сісі.
Пасля звяржэння прэзідэнта Егіпту Мухамэда Мурсі ў 2013 годзе Сінай ператварыўся ў адзін з галоўных агмянёў супраціву ісламісцкіх груповак новым вайсковым уладам краіны.
За апошнія два гады ў розных раёнах Сінаю перыядычна ўспыхвалі сутыкненні паміж ісламістамі і ўрадавымі войскамі.
Напружанасць узрасла ў краіне на мінулым тыдні, калі егіпцяне адзначалі трэцюю гадавіну рэвалюцыі 2011 года, у выніку якога быў зрынуты тагачасны лідар Хосні Мубарак.
У нядзелю прынамсі 16 чалавек загінулі ў сутыкненнях з паліцыяй у Каіры.
Большая частка ахвяраў прыпала на пратэсты ва ўсходніх прыгарадах егіпецкай сталіцы, дзе моцныя пазіцыі забароненага ісламісцкага руху «Браты-мусульмане».
Улады адмянілі афіцыйныя імпрэзы, прымеркаваныя да гадавіны пачатку народнага паўстання, і ўзмацнілі меры бяспекі па ўсёй краіне.
Аднак гэтых мер аказалася недастаткова, каб перадухіліць кровапралітныя сутыкненні паміж паліцыяй і дэманстрантамі.
МЯ, паводле Бі-Бі-Сі.