Намеснік дзяржсакратара ЗША падтрымаў ідэю ўзбраення Украіны


Тоні Блінкен, высунуты Баракам Оўбамам на пасаду намесніка дзяржсакратара ЗША, падтрымаў ідэю паставак зброі Украіне. «Думаю, мы павінны разгледзець гэтае пытанне», – прыводзіць словы амерыканскага чыноўніка «Reuters».

Сёлета амерыканскі парламент не ўхваліў законапраект аб прадстаўленні ўзбраенняў Кіеву, які знаходзіцца ў стане вайны з Масквой. Паводле Тоні Блінкена тэма паставак будзе абмяркоўвацца 21 лістапада ў Кіеве падчас візіту віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.

Украіна прыярытэтны партнёр

Напрыканцы кастрычніка амерыканскі сенатар з камітэту па ўзбраеннях Джейм Інгоф заявіў, што Украіна сёння з’яўляецца прыярытэтным партнёрам Злучаных Штатаў. У верасні шэраг амерыканскіх кангрэсменаў заклікалі Белы дом дапамагчы ўкраінцам у вайне з Пуціным.

Кіеў звяртае ўвагу міжнароднай супольнасці на парушэнне прарасейскімі баевікамі Менскіх дамоўленасцяў аб прыпыненні агню. А НАТА ў сваю чаргу заяўляе пра непасрэдны вайсковы ўдзел Расеі ў канфлікце на ўсходзе Украіны, ахвярамі якога ўжо сталі каля 4300 асобаў.

Сланы ў пасуднай лаўцы

Пасля перамогі рэспубліканцаў на выбарах у кангрэс антырасейская палітыка ЗША ўзмацніцца. «Рэспубліканцы ў кангрэсе – гэта сланы, а не каалы. Будзем спадзявацца, што гэта не сланы ў пасуднай лаўцы. І што Крэмль не захоча правяраць іх баявы дух. Дрэнны кампраміс заўсёды лепшы, чым добрая вайна», – канстатуе ў артыкуле «Forbes» Арыэль Коэн, дырэктар кампаніі «International Market Analysis Ltd».

ЮВ, паводле forbes.ru, Reuters

Стужка навінаў