На Сахаліне адчынілі «расейска-беларускі аграгарадок»


Аграгарадок на Сахаліне

У сяле Раздольнае на востраве Сахалін адчынілі расейска-беларускі гарадок, павеламляе ўрад Сахалінскай вобласці.

У аграгарадку 50 аднапавярховых дамоў, пабудаваных «пад ключ», плошча кожнага – 100 квадратных метраў. Першыя дзевяць сем’яў ужо ўсяліліся ў новыя дамы. У дадатак да новага дому даецца надзел у 10 сотак.

Жыллё ў аграгарадку будзе службовым – яго атрымаюць працаўнікі саўгасу «Карсакоўскі».

Наступныя засяленні пройдуць пасля запуску малочна-таварнай фермы, якая будуецца сумеснымі сіламі Расеі ды Беларусі.

«За аснову ўзяты лепшы досвед падобных інвестыцыяў у братэрскай краіне», – адзначаецца на сайце ўраду Сахалінскай вобласці.

Дзякуючы рэалізацыі праекту, працу атрымаюць 60 асобаў. Жывёлагадоўчы комплекс на тысячу галоў дойнага статка стане найбуйнейшым на Далёкім Усходзе. Пры выхадзе на праектную магутнасць ён будзе штогод вырабляць больш за 7 тыс. тонаў малака.

НМ, belsat.eu, фотаздымак sakhalin.gov.ru

Глядзі таксама
Каментары