Вяскоўцы ўжо два гады змагаюцца за аднаўленне фельчарска-акушэрскага пункту


Жыхары вёскі Праснакі, што пад Капылём, працягваюць змагацца за годныя ўмовы жыцця. Улетку яны адстаялі дзіцячы садок, цяпер дамагаюцца адкрыцця фельчарска-акушэрскага пункту, які закрылі яшчэ 2 гады таму.

Садок хацелі зачыніць у сувязі з дзяржаўнай эканоміяй сродкаў. Людзі сабралі подпісы, далі розгалас у медыях, пабывалі на прыёме ў старшыні райвыканкаму. У выніку рашэнне аб закрыцці дашкольнай установы адмянілі. Медпункт жа не працуе, бо няма фельчара.

«35 год у нас фельчарска-акушэрскі пункт быў увесь час. А цяпер мы не просім яго адкрыць, просім аднавіць!» – кажа жыхарка вёскі Галіна Галуза.

Усяго ў Праснаках жывуць каля 300 чалавек, шмат з іх – ужо ў сталым веку. Мясцовыя скардзяцца, што вёска занепадае. Працы не стае, забаваў аніякіх няма ўвогуле, моладзь з’язджае ў гарады.

«У нас была пральня, бібліятэка, клуб – чаго ў нас толькі не было. А цяпер у нас, дзякуй богу, крама і пошта, больш нічога», – працягвае Галіна Галуза.

У Капыльскім раённым шпіталі жыхарам паведамілі, што медпункт не працуе часова, і прапанавалі ездзіць за сем кіламетраў, у вёску Грозава. Старыя і хворыя, у якіх няма аўтамабіляў, фактычна застаюцца без медычнай дапамогі. Таксама мясцовым паабяцалі, што раз на месяц у вёску будзе прыязджаць доктар, а раз на тыдзень – фельчар-акушэр.

«Ніводнага разу мы не чулі, каб нехта прыязджаў, і хаця б гадзіну пасядзеў тут, каб нехта прыйшоў. Вы бачыце, колькі сабралася сталых людзей, якія за пяць хвілінаў не могуць прыйсці, а хварэць па раскладзе, што раз у месяц альбо раз у тыдзень, гэта таксама вельмі складана», – адзначае жыхар вёскі Мікалай Смірноў.

Галоўны ж доктар Капыльскага цэнтральнага раённага шпіталю ніякай праблемы ў сітуацыі, якая склалася ў Праснаках, не бачыць.

«Пункт не зачынены, там няма працаўніка. І будзе ездзіць туды лекар з амбулаторыі, і сярэдні медпрацаўнік з амбулаторыі. Проста цяпер перыяд адпачынкаў. Так што лічыце, што гэтае пытанне вырашанае», – адказвае галоўны доктар Капыльскага шпіталю Аляксандр Гайдэль.

Цяпер мясцовыя жыхары чакаюць адказу з Капыльскага райвыканкаму і маюць намер працягваць змаганне за аднаўленне працы фельчарска-акушэрскага пункту.

Стужка навінаў