Праваабаронца Андрэй Стрыжак разам з жонкаю Яўгеніяй, рэдактаркай сайта прафсаюзу РЭП, былі затрыманыя ўвечары 13 сакавіка для паглыбленага дагляду на памежным пераходзе «Каменны Лог». Праз тры гадзіны ім вярнулі дакументы і адпусцілі.
Андрэй і Яўгенія вярталіся аўтобусам з Літвы. На мяжы падчас пашпартнага кантролю на маніторы засвяцілася чырвоная рамка. Памежнікі накіравалі іх на паглыблены дагляд.
Як сказаў belsat.eu Андрэй Стрыжак, затрыманне звязанае з пераследам незалежнга прафсаюзу РЭП.
«Калі памежнік сказаў нам пакінуць аўтобус, то не паказаў ніякага дакументу, не патлумачыў, на якой падставе нас затрымліваюць. На маіх вачах яны пагутарылі па тэлефоне з намеснікам начальніка мытні, паколькі для паглыбленага дагляду неабходная адпаведная пастанова. На момант затрымання гэтай пастановы не было – яе афармляюць проста цяпер», – распавёў Стрыжак.
Праваабаронца падкрэсліў, што гэтаму будзе дадзена належная прававая ацэнка.
UPD У 22:20 Стрыжак паведаміў карэспандэнтцы belsat.eu, што дагляд яны прайшлі «без прэтэнзіяў» і цяпер чакаюць, калі ім вярнуць дакументы.
У 23.20 Стрыжакам вярнулі дакументы і адпусцілі. Аднак на цягнік да Гомля Андрэй і Яўгенія не паспелі.
***
Нагадаем, што 8 сакавіка на мяжы знялі з цягніка для паглыбленага дагляду намесніцу старшыні прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк і моладзевую актывістку Ганну Дусь.
ГА, belsat.eu