На другім энергаблоку БелАЭС усталявалі корпус рэактара


фота БелТА

Корпус рэактара ўсталяваны на другім энергаблоку Беларускай АЭС, паведамілі БелТА ў прэс-службе групы кампаніяў ASE, якая выступае генеральным праектыроўшчыкам і генеральным падрадчыкам збудавання.

Устаноўка ажыццяўлялася ў два этапы. Спачатку корпус рэактара агульнай вагой больш за 330 т, даўжынёй 11 м і дыяметрам 4,5 м узнялі на транспартны партал і на спецыяльнай калясцы па рэйках перамясцілі ўнутр гермазоны. Далей з дапамогаю палярнага крану корпус перанеслі ў цэнтральную залу рэактарнага аддзялення і ўсталявалі на апорныя кольцы ў шахту рэактара.

«Усталяванне корпуса ў праектнае становішча – адна з самых складаных аперацый на этапе будаўніцтва і патрабуе асаблівай дбайнасці выканання, – адзначыў віцэ-прэзідэнт па праекце Беларускай АЭС групы кампаніяў ASE Віталь Медзякоў. – Паколькі на апорныя кольцы даводзіцца ўся вагавая нагрузка, то дапушчальнае адхіленне пры сумяшчэнні восяў корпуса рэактара і апорнага кальца складае ўсяго адзін міліметр».

Нагадаем, атамная станцыя ў Астраўцы пачне цалкам дзейнічаць улетку 2020 года. Падчас яе будаўніцтва неаднаразова здараліся інцыдэнты: загінулі двое працаўнікоў і былі пашкоджаныя пры транспартаванні корпусы рэактару.

Нягледзячы на пратэсты і дыпламатычныя ноты ад Літвы будаўніцтва спрэчнага аб’екту працягваецца. Афіцыйныя Вільня і Варшава ўжо дамовіліся не купляць электраэнергію з Беларускай АЭС.

КА, belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары