«Кожны з нас» – новае ток-шоу «Белсату», удзельнікам якога можа стаць кожны беларус


 

У праграме «Кожны з нас» у фармаце ток-шоу будуць абмяркоўвацца пытанні, пра якія беларусы звычайна маўчаць. Вядоўца праграмы – Глеб Лабадзенка.

На тэлеканале «Белсат» з 1 красавіка пачне выходзіць у эфір новая праграма «Кожны з нас». Першыя тэмы закрануць праблемы, што датычаць многіх людзей у Беларусі, але пра іх не так шмат гавораць. Напрыклад, прысуды за наркотыкі або суіцыды і дэпрэсіі дзяцей і падлеткаў. «Белсат» сабраў спецыялістаў і гасцей, якія абмеркавалі гэтыя няпростыя пытанні.

Вядоўца праграмы Глеб Лабадзенка падкрэслівае, што ўдзельнікам ці героем праграмы можа стаць кожны беларус, у тым ліку ад боку дзяржавы.

«Мы б вельмі хацелі, каб у гэтай студыі былі не толькі незалежныя эксперты, прадстаўнікі трэцяга сектару або праваабаронцы. Ужо ў першых перадачах, поруч з незалежнымі адмыслоўцамі, сярод экспертаў будуць дэпутат і праўладны палітолаг. Дзяржава – гэта інструмент, які можа вырашыць шмат з гэтых праблемаў. Таму, калі ласка, прыходзьце, паслухайце пацярпелых, экспертаў, публіку. Можа, мы падкажам што-небудзь».

Сюжэты для праграмы «Кожны з нас» будуць адбірацца з самых гучных тэмаў у краіне і абмяркоўвацца з розных бакоў.

«Гэтыя тэмы самі да нас прыходзяць. Мы толькі бачым сігналы пра тыя ж наркотыкі, пра педагагічныя праблемы, гісторыі, якія здараюцца з дзецьмі. Я лічу, што ў гэтым ток-шоу мы можам раскрыць любыя тэмы. Я гарантую, што мы будзем рабіць гэта вельмі аб’ектыўнаШоу будзе сапраўды незалежным, сапраўды не будзе перагібаў, і мы кожнаму зможам даць слова – абсалютна любому чалавеку», – кажа рэдактар праграмы Яўген Валошын.

У першы час праграма будзе выходзіць два разы на месяц. Прэм’ернае выданне чакайце ў эфіры 1 красавіка а 21:15.

Каб стаць героем ці прапанаваць тэму, звяртайцеся ў «Белсат» праз сацыяльныя сеткі.

Стужка навінаў