МЗС: Не ставім мэтай уступіць у Еўразвяз


Беларускія дыпламаты заяўляюць, што нашая краіна не хоча выбіраць паміж Усходам і Захадам.

Міністэрства замежных спраў Беларусі заяўляе, што ўдзел краіны ў еўрапейскіх інтэграцыйных працэсах «не заўсёды правільна тлумачыцца».

«У адрозненне ад шэрагу іншых краін Беларусь не ставіла і не ставіць сваёй мэтай уступленне ў Еўрапейскі звяз», – заявіла ў інтэрв’ю «БелТА» намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына.

Паводле Купчынай, еўрапейскія інтэграцыйныя працэсы не абмяжоўваюцца для Беларусі толькі Еўразвязам.

«Гэта і Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва, і АБСЕ, і Савет Еўропы, і «Усходняе партнёрства»- усе пляцоўкі, накіраваныя на развіццё канструктыўнай і ўзаемавыгаднай супрацы ў еўрапейскім рэгіёне», – сказала дыпламатка.

Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва была створана ў 1989, і прайшла шлях ад арганізацыі, закліканай наладзіць сувязі паміж Заходняй і Усходняй Еўропай да структуры, мэтай якой стала зблізіць краіны ЕС з краінамі не-ЕЗ у нашым рэгіёне.

У арганізацыю на сёння ўваходзяць 18 краін: Аўстрыя, Албанія, Беларусь, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Італія, Македонія, Малдова, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Украіна, Харватыя, Чарнагорыя і Чэхія.

Сёлета старшыня арганізацыі – Боснія і Герцагавіна, налета ёй будзе Беларусь.

Купчына падкрэсліла, што адзіную ўмову, якую пераследуе Беларусь у інтэграцыйных працэсах з Еўропай – узаемавыгадная супраца і «ненавязванне штучнага выбару паміж Усходам і Захадам».

ДД

Глядзі таксама
Каментары