Мясніковіч: Пасылкі з-за мяжы абвалілі гандаль


Старшыня Савету Рэспублікі скардзіцца, што пасылкі з замежных інтэрнэт-крамаў падрываюць беларускую прамысловасць.

Ацэначны кошт пасылак з таварамі з-за мяжы, якія замаўляюцца праз інтэрнэт-крамы, наўмысна заніжаецца, мяркуе старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч.

«Яны ацэньваюцца ў $5, $10… Хаця на самай справе фактычны кошт зусім іншы, таму бюджэт недаатрымлівае ПДВ, мыты. Я не супраць таго, каб куплялі гэта, але ідзе проста падлог фактычнага кошту. Што дае магчымасць адыходзіць ад мытаў, плацяжоў і гэтак далей», – заявіў Міхаіл Мясніковіч на пасяджэнні маніторынгавай групы па разглядзе праектаў указаў Прэзідэнта Беларусі і законаў у Савеце Рэспублікі.

Чыноўнік нагадаў пра сваю ранейшую прапанову ўвесці ПДВ на такія пасылкі, з якой не згадзіўся ў свой час Нацбанк. Аргумент просты: у Нацбанку няма праграмнага забеспячэння, з дапамогай якога можна было б кантраляваць пасылкі.

На думку Мясніковіча, праз замежныя пасылкі абваліўся беларускі гандаль, а таксама ўзнікла праблема для прамысловасці.

«І, вядома, гэта вялікія страты для бюджэту», – падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго звестак, ЕЭК ужо абмяркоўвае пытанне ўвядзення падатку на такі інтэрнэт-гандаль. Размова ідзе аб прагрэсіўнай шкале падатку на пасылкі з таварамі з інтэрнэт-крамаў, якія паступаюць у ЕАЭС звонку.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары