Мянчук уладкаваўся на «Менск Крышталь» па падробленым дыпломе


Па падробленым дакуменце ён працаваў таксама ў «Белрыбе» і на Камароўскім рынку.

Прэсавы сакратар Ленінскага РУУС г. Менска Таццяна Кавалёва паведаміла, што аператыўнікі атрымалі звесткі аб магчымым выкарыстанні былым начальнікам аддзелу бяспекі і рэжыму ААТ «Менск Крышталь» падробленага дыплома аб вышэйшай адукацыі пры працаўладкаванні на працу.

Асноўным патрабаваннем прызначэння на пасаду начальніка аддзелу было заканчэнне вышэйшай навучальнай установы.

Мужчына прад’явіў дыплом, выдадзены Маскоўскім дзяржаўным адкрытым універсітэтам – цяперашнім Гуманітарна-эканамічным інстытутам імя Чарнамырдзіна, які ўваходзіць у склад Універсітэту машынабудавання.

Беларускія праваахоўнікі накіравалі туды запыт і атрымалі адказ, што беларус там не навучаўся, а дыплом аб заканчэнні ім універсітэту ў 2000-м годзе не значыцца ў рэестрах выдачы дыпломаў.

Паводле Сяргея Супрановіча, старшыні Аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Ленінскага РУУС, аператыўнікі ўсталявалі, што раней пры ўладкаванні на працу мужчына падаваў падроблены дыплом у аддзелы кадраў прадпрыемстваў «Белрыба» і «Менскі Камароўскі рынак».

Ленінскі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў у дачыненні крымінальную справу на падставе арт. 380 КК (падробка, выраб, выкарыстанне або збыт падробленых дакументаў, штампаў, пячатак, бланкаў).

Паводле прысуду суда Ленінскага раёну сталіцы ён прызнаны вінаватым і аштрафаваны на Br 16,8 млн недэнамінаваных рублёў.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары