Мы нашмат больш, чым набор цукерак і патэльня

Калумністка Крысціна Вязоўская ўпэўненая, што ў эпоху разнастайнасці падарункавых сэрвісаў і артыкулаў з рэкамендацыямі мужчыны ўсё яшчэ на дзіва аднастайныя.

У гэтым годзе асаблівая мода на калонкі феміністак да 8 сакавіка. Нашыя крыкі пачутыя. І вось адна за адной мы пішам пра падарункі для жанчын на 8 сакавіка. Зрэшты, сёлета не адстаюць і піяр-аддзелы: то бясплатны транспарт жанчынам у Маскве, то ўваход у заапарк, зноў жа, бясплатны, для наведніц «у леапардах». Не засталіся ў баку і фемінітывы, над якімі ўжо амаль і не смяюцца: гіпермаркет з тэхнікай сёлета залік з нацяжачкай.

Падарункавая міфалогія восьмага сакавіка

Фемінізм, нарэшце, пачаў хадзіць з размахам, і тое, што асноўная маса пакупак здзяйсняецца жанчынамі – ужо дааааўно не сакрэт. Пытанне толькі ў тым, колькі і чаго атрымаецца прадаць гэтым новым патрабавальным жанчынам у бліжэйшае дзесяцігоддзе. Бо некаторыя аналітыкі мяркуюць, што ў наступныя 5 гадоў жанчыны стануць зарабляць (глабальна) амаль на 50 % больш – рост з $ 13 трлн да $ 18 трлн.

Сюрпрыз: практычна кожная гараджанка зможа сама купіць сабе кветкі, панчохі і цукеркі, а таксама аплаціць візіт у СПА-салон.

Так што надышла пара дэканструяваць падарункавую міфалогію восьмага сакавіка.

Фемінізм у пары з капіталізмам мяняе традыцыі занадта хутка для т. зв. патрыярхату сыноў: яшчэ дзесяць гадоў таму пажаданне заставацца «такімі ж жаноцкімі» каціла, а цяпер выклікае ў жанчын, у масе, толькі рознага ўзроўню агрэсію. Вы сабе ўяўляеце прыкладна, колькі каштуе сучасны «касцюм слабой жанчыны» з манікюрам-педыкюрам-касметолагам-касметыкай-эпіляцыяй-фітнэсам?

Дадамо туды яшчэ лячэнне наступстваў ад сінтэтычнай пушапнай бялізны, абутку, панчохаў, тугіх паясоў і абліпальных спадніц/нагавіц – усяго таго «жаноцкага» гардэроба, які на самай справе вельмі нядобразычлівы да нас. Ці не таму, што асноўны спажывец гэтай жаноцкасці зусім не жанчыны?..

Не можа пральная машына быць падарункам

Адсюль першае правіла падарункаў: не жадайце глупства і лухты.

Мы даўно не хочам марнаваць свае грошы на тое, каб натхняць вас на вялікія заробкі пры дапамозе ўлады слабых. Мы хочам роўнасці заробкаў, без шкляных столяў і ліпкіх падлог.

Другое і галоўнае: паколькі некаторыя правы ў нас, усё ж, ёсць, не трэба, калі ласка, дарыць кухоннае начынне і іншыя прыстасаванні для бытавога абслугоўвання пары або сям’і. Ні робат-пыласос не трэба, ні прас, ні нават сціралку з сушкай. Гэта вульгаршчына і дрэнь: прыстойныя людзі даўно дзеляць побыт, а не «дапамагаюць па гаспадарцы».

Такія элементы сумеснага побыту аплачваюцца з сямейнага / парнага бюджэту і не могуць служыць падарункам нават у страшным сне.

Хацелася б і пазбягаць сюрпрызаў: мяркуючы па жаночых справаздачах, сюрпрызы мужчыны дораць часцей за ўсё сабе, бо чамусьці лічаць добрай ідэй падарыць нешта для рэалізацыі сваіх жа сэксуальных фантазій. Хочаце сапраўды падарыць нешта для сэксуальнага жыцця жанчыны? Падарыце сацісфайер (не дзякуйце) або бэстсэлер «Як хоча жанчына».

Падарункі – усяго толькі сімвал

Але я хацела трохі пра іншае. Пра тое, што ў эпоху разнастайнасці падарункавых сэрвісаў і артыкулаў з рэкамендацыямі мужчыны ўсё яшчэ на здзіўленне аднастайныя ў гендэрна абумоўленым рытуалізаваным дарэнні коней з дрэннымі зубамі.

Свет змяніўся і цяпер можна не жыць разам. Больш за тое, даследаванні прама кажуць: свабодныя, single, жанчыны на 60 % больш шчаслівыя за замужніх.

Магчыма, вы – мужчыны, што ня ведаюць, што дарыць партнёркам – недзе згубілі ці не знайшлі тое, дзеля чаго ўся гэтая марока з сумесным пражываннем мае хоць нейкі сэнс: выяўленне сябе праз кантакт з іншым і звычайнае паляпшэнне якасці жыцця.

На днях памёр Улай, шматгадовы партнёр Марыны Абрамовіч, мастак у шырокім сэнсе. Разам яны рэалізавалі дастатковую колькасць перформансаў, якія раскрываюць ідэю ўнікальнасці ўзаемадзеяння паміж рознымі людзьмі.

Падарункі, па-за залежнасцю ад полу, гендару, сацыяльнага становішча, з’яўляюцца ўсяго толькі часткай адносінаў, дзе зараз пачынае вяршэнстваваць (і гэта выдатна) прынцып «ці бачыш ты мяне? Ці бачу я цябе?» Пра гэта быў, падобна, іх апошні сумесны перформанс, які некалькі апярэдзіў развіццё сацыяльных падзеяў (выпадковы або запланаваны – не важна).

Падарункі – усяго толькі сімвал. Прызнання, павагі, любові – чаго заўгодна. Той (тая), хто дорыць, паказвае пры дапамозе падарунка нам толькі адно: што тут і цяпер відаць у тым (той), каго адорваюць. Якую ідэнтычнасць вялізнага жаночага жыцця вы бачыце, калі дорыце ёй абанемент у фітнес? Што вы сапраўды маеце на ўвазе, калі ладзіце паход на квэст у пакой жахаў? Якія намеры дэкларуеце пры дапамозе савецкага шампанскага і грэбеню, сдобрыўшы гэты набор крэмам для пятак? Што ўва мне прызнаеш, калі дорыш патэльню? Пра што ўва мне гэты зʼедлівы сінтэтычны пеньюар?

Мы значна больш, шырэй, глыбей і больш значныя для свету, чым набор цукерак і патэльня. Мы значна разумнейшыя, чым вашыя стандартныя тэксты ў дзень 8 сакавіка і абсалютна больш тонкія за пахабненькія пажаданні. Незалежна ад даты і пары году, свята з падарункамі – дастаткова рэдкая магчымасць даць права на размяшчэнне ў вашых адносінах розных жаночых ідэнтычнасцяў.

Адаптуйцеся!

І, на самой справе, пакуль мы хочам не так ужо і шмат: сапраўднай, а не дэклараванай роўнасці. Роўнасці, у якой ёсць месца нашым асобам i сапраўдным жаданням, дзе вы, пакуль яшчэ ёсць такая магчымасць, можаце нешта ўбачыць у нашых вачах. Пакуль яшчэ мы, па сацыяльнай звычцы, глядзім на вас хоць часам.

Таму што, хлопцы, доўга гэта не працягнецца. 18 трыльёнаў долараў штогадовага даходу зробяць сваю справу. Псіхатэрапеўты сямейнага толку могуць марнаваць сотні і сотні чалавека-гадзін на ідэю аб тым, што любіць можна проста за праявы, але праўда жыцця ў тым, што ох як не ўсе праявы патрыярхату сыноў можна не тое што любіць, а нават цярпець.

І калі вы не адаптуецеся пад тое, што мы ёсць і мы жывыя, то так і загінеце пад кучай штогадовых шкарпэтак, пачухваючы піўныя падбародкі і, нарэшце, не чысцячы на ноч зубы.

Фэмінь.

P.S.: І, дарэчы, бясплатны транспарт – добрая ідэя для падарунка ў маштабах гораду, так.

Крысціна Вязоўская, псіхалагіня, радыкальная феміністка і Ironman спецыяльна для Belsat.eu/ІР

Малюнкі: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў