Мітынг у акупаваным Данецку. Сотні грамадзянаў на акцыі пратэсту


Жыхары Данецку, у якім уладу трымаюць прарасейскія сепаратысты, зладзілі акцыю пратэсту супраць АБСЕ (Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе), прадстаўнікі якой назіраюць за падзеямі на Данбасе.

Пратэстоўцы сабраліся каля гатэлю, дзе жывуць прадстаўнікі АБСЕ з плакатамі: «Вашае маўчанне забівае дзяцей!», «У той час як вы жывяце прыпяваючы, мірныя жыхары гінуць».

Чальцы місіі АБСЕ прыйшлі, каб пагаварыць з пратэстоўцамі, але былі не ў стане супакоіць іх.

«Мы ўжо зразумелі, што місія АБСЕ тут непатрэбная», – крычала жанчына, якая трымала ў руках фатаграфію разбуранага дому.

«Яны проста сядзяць тут і ядуць бясплатна. Няхай яны ідуць і жывуць у сутарэннях, дзе гінуць дзеці. Няхай дзеці жывуць тут», – сказала іншая жанчына пра прадстаўнікоў АБСЕ.

Пратэстоўцы напісалі на аўтах АБСЕ і Чырвонага Крыжа: «Мы за мір» і «Данецк за мір».

Акцыя прайшла праз некалькі дзён пасля паўторнага абстрэлу Данецку, падчас якога было знішчана шмат будынкаў. Украінскія вайскоўцы і прарасейскія сепаратысты абвінавачваюць адзін аднаго ў абстрэле жылых раёнаў.

15 чэрвеня ў Данецку абураныя гараджане перакрылі вуліцы і патрабавалі ад правадыроў ДНР спыніць абстрэлы.

Больш за 6,5 тыс. чалавек загінулі з пачатку канфлікту ва ўсходняй Украіне ў красавіку мінулага года. Атакі зменшыліся з часу мірнага пагаднення, падпісанага 5 месяцаў таму ў Менску, але ўсцяж абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэннях.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў