Міхаіл Жураўкоў сустрэўся з чальцамі Рэспубліканскага моладзевага савету пры Міністэрстве адукацыі. Чыноўнік пракаментаваў дзеянні актывістаў руху – «Студэнты супраць, якія выступаюць супраць платных пераздачаў у БДУ.
– Можа, нам трэба быць больш агрэсіўнымі. Гэты рух незразумелы, нібыта называецца «Студэнты супраць», але там студэнтаў фактычна няма. Вось як на яго рэагаваць і што нам рабіць, думаю, таксама варта падумаць пра гэту праблему.
Таксама ён выказаў меркаванне, што дэмакратыя ў сацыяльных сетках не павінна асацыявацца з поўнай анархіяй, запрапанаваўшы праводзіць «працу ў інтэрнэце».
– Як вы зараз бачыце, у інтэрнэце, у сацыяльных сетках адбываецца поўная вакханалія. Гэта абавязкова трэба рэгуляваць. На жаль, тое смецце, тая ўсёдазволенасць, якія цяпер існуюць, не павінны быць. Трэба ўсё-такі глядзець, што там размяшчаецца.
У адказ на гэта старшыня моладзевай рады, дэпутат Інэса Кляшчук заявіла, што ў членаў савету гатовая прапанова: праводзіць семінары, на якіх можна казаць, што за інфармацыю бяспечна выкладваць на сваёй старонцы, а што – не.
Першы за апошнія дзесяць гадоў пратэст навучэнцаў галоўнага ВНУ Беларусі супраць платных пераздачаў прайшоў 2 снежня. Каля 200 маладзёнаў сабраліся пад сценамі альма-матэр. Рэктар БДУ, які 12 лістапада падпісаў палажэнне пра платныя адпрацоўкі з 1 студзеня, на сустрэчу са студэнтамі не з’явіўся, хоць тыя выклікалі яго на «дыван».
ДР, belsat.eu паводле belapan.com