Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне газеце «Борисовские новости» за згадванне акцыі Статкевіча


Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне юрыдычнай асобе, на якую ўскладзеныя функцыі рэдакцыі газеты «Борисовские новости», за парушэнне арт. 38 закона «Аб сродках масавай інфармацыі» («Інфармацыя, распаўсюд якой у сродках масавай інфармацыі забаронены»).

Мінінфарм лічыць, што рэдакцыя газеты парушыла палажэнні арт. 8 закона «Аб масавых мерапрыемствах», размясціўшы ў артыкуле «Рассерженные люди выйдут на площадь» (№ 40 (1324) ад 4 кастрычніка 2017 г.) інфармацыю наступнага зместу:

«Відэаролік заканчваецца заклікам паўдзельнічаць у чарговым Маршы раззлаваных беларусаў 2.0, які плануюць правесці лідары Беларускага нацыянальнага кангрэса 21 кастрычніка ў 14 гадзін на Кастрычніцкай плошчы ў Менску».

Гэтая ж норма закона «Аб масавых мерапрыемствах», на думку Мінінфарма, была парушаная размяшчэннем на інтэрнет-рэсурсе borisovnews.by 25 жніўня 2017 г. у артыкуле «Военные РФ прибыли в Печи» інфармацыі наступнага зместу:

«…Таму былы палітзняволены Мікалай Статкевіч, адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, заклікае ўсіх неабыякавых грамадзянаў сабрацца 8 верасня ў 19 гадзін у Менску на Кастрычніцкай плошчы і правесці Акцыю папярэджання з патрабаваннем адмены вучэнняў «Захад-2017».

Як вынікае з тэксту папярэджання, Міністэрства інфармацыі дзейнічала з улікам пазіцыі Міністэрства ўнутраных спраў.

28 лістапада галоўны рэдактар газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас быў выкліканы ў РУУС Барысаўскага раёну наконт адміністратыўнай справы, звязанай з вынесеным Мінінфармам пісьмовым папярэджаннем. Суд адбудзецца бліжэйшым часам.

ІІ, belsat.eu, паводле baj.by

Глядзі таксама
Каментары