Мінінфарм абмежаваў доступ для двух сайтаў за «вульгарную лексіку»


Два сайты трапілі пад забарону ў Беларусі, але якія канкрэтна не паведамляецца.

«Міністэрства інфармацыі Беларусі 22 студзеня абмежавала доступ да двух інфармацыйных рэсурсаў, што выкарыстоўваюць вульгарную і табуяваную лексіку», – паведамляе БелТА са спасылкай міністэрства.

Рашэнне аб забароне прынятае ў межах выканання закона Беларусі «Аб Сродках масавай інфармацыі». Гэты закон быў прыняты ў двух чытаннях Палатай прадстаўнікоў 17 снежня мінулага года, а на наступны дзень – адобраны Саветам Рэспублікі, дзейнічаць пачаў 1 студзеня 2015 года. Хуткае прыняцце закона юрыст БАЖу Андрэй Бастунец у размове з Belsat.eu тады патлумачыў набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў.

Фактычна цяпер Мінінфарм можа дыктаваць сайтам, што пісаць, а што не. У выпадку непадпарадкавання сайты будуць блакавацца.

НМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары