Мінабароны РФ выклала фэйкавыя фота «бясспрэчнага» доказу супрацы ЗША з тэрарыстамі. Выдаліла і зноў выклала


Міністэрства абароны Расеі 14 лістапада апублікавала ў сваім Twitter серыю чорна-белых фота -«бясспрэчнае пацверджанне забеспячэння Злучанымі Штатамі прыкрыцця баяздольных атрадаў ІД». Нібыта здымкі былі зробленыя 9 лістапада ў ваколіцах гораду Абу-Кемаль у Сірыі.

Даследчая група Conflict Intelligence Team (CIT) у сваю чаргу звярнула ўвагу на тое, што сярод гэтых здымкаў – скрыншот мабільнай гульні «AC-130 Gunship Simulator: Special Ops Squadron». На фота Мінабароны, у прыватнасці, бачны надпіс «Development footage. This is a work in progress. All content subject to change» з мабільная гульні.

Іншыя кадры, выкарыстаныя МО РФ для абвінавачванні ЗША, гэта насамрэч відэа іракскіх вайскоўцаў.

Пасля выкрыцця расейскага фэйку твіт Мінабароны знік.

Аднак праз некаторы час ведамства змясціла ў сваім Twitter новыя здымкі дрэннай якасці. Карыстальнікі сацсетак жартуюць, што гэта кадры з гульні Mineсraft і Шалёнага Макса.

У ведамстве таксама заявілі, што ў дачыненні да супрацоўніка, які выклаў фэйкавыя фотаматэрыялы, праводзіцца праверка.

ІІ/ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары