Маладыя людзі запісалі відэазварот да ўладаў, у якім просяць пакараць супрацоўнікаў міліцыі, якіх іх збівалі. Таксама просяць вярнуць уладальнікам канфіскаваную апаратуру коштам $ 5 тыс.
Панк-канцэрт адбываўся 1 жніўня ў лесе пад Менскам, на якім павінны былі выступіць гурты «Destroyers», «Chaos Machine», «Grosman», «Time2Begin», «The Small» і інш.
Імпрэза ў грубай форме была спыненая супрацоўнікамі АМАП.
«Мы адпачывалі. Мы нікому не перашкаджалі. Калі стала цёмна, прыехаў аўтазак, прыехалі супрацоўнікі міліцыі. Пачалі валіць усіх на падлогу. Сказаць, што гэта было «культурна» – нічога не сказаць. Яны ўжывалі сілу і лаянку», – згадвае адзін са відавочцаў.
У аўтазак запіхалі каля 50-60 чалавек і даставілі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі, што ў пасёлку Ратамка. Музычныя інструменты і апаратуру пры гэтым канфіскавалі.
Большасць затрыманых адпусцілі пасля праверкі дакументаў. У дачыненні да пяці маладых людзей склалі пратаколы, некаторых з іх моцна збілі. Некаторыя правялі содні ў аддзяленні міліцыі і яшчэ адны содні ў ізалятары часовага ўтрымання Менскага раёну.
Канфіскаваную апаратуру пакуль вярнуць не ўдалося. Згодна з дакументамі, Менскае РУУС, абсталяванне было канфіскаванае праз парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, аднак адміністратыўная справа па гэтым факце пасля была спыненая. На шматразовыя просьбы вярнуць апаратуру і інструменты міліцыя адказвае адмовай на падставе таго, што ўладальніца не мае дакументаў, якія б пацвердзілі, што гэта яе ўласнасць.
«Уся апаратура набывалася мной цягам некалькіх гадоў на тэрыторыі розных краінаў. Нешта набывалася ў крамах, і рахункі я не захоўвала. Нешта набывалася з рук у інтэрнэце. Нешта мне дарылі сябры. То бок ніякіх дакументаў, акрамя пары інструкцый і скрынак, у мяне няма», – распавядае ўладальніца апаратуры.
Маладыя людзі маюць намер дабівацца вяртання апаратуры, якая, згодна з іх ацэнкамі, каштуе каля $ 5 тыс.