Масква пагражае ўдарамі ў адказ на абстрэлы войск Асада

Амерыканскія ракеты, якія будуць скіраваныя ў бок войскаў сірыйскага дыктатара Башара Асада, будуць збівацца, і Расея будзе адказваць ударамі па носьбітах ракет, заявіў амбасадар Масквы ў Ліване.

Гэтыя дзеянні могуць прывесці да рэзкай эскалацыі сітуацыі вакол Сірыі, а таксама выклікаць абвастрэнне, напрыклад, і на Данбасе.

Інтэрв’ю для ісламістаў

Расейскі амбасадар Аляксандр Засыпкін вечарам у аўторак выступіў на тэлеканале al-Manar, які належыць групоўцы Хезбала, якая ставіць за мэту пабудову ісламскай дзяржавы ў Ліване.
“Калі адбудзецца амерыканскі ўдар, тады… ракеты будуць збівацца, і нават носьбіты, з якіх выпускаліся ракеты”, – сказаў Засыпкін.
Пры гэтым ён дадаў, што сутыкненне “павінна быць выключана, таму мы гатовыя на правядзенне перамоваў”, піша reuters.com.

Запускі ракет Tomahawk па базе Шайрат. Відэа US Naval Institute

Хезбалу лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй Ліга арабскіх дзяржаў, Аўстралія, Бахрэйн, Канада, Францыя, Ізраіль, Японія, Нідэрланды, ЗША.
“Расея абяцае збіваць любыя ракеты, якія будуць выпушчаныя па Сірыі. Рыхтуйся, Расея, таму што яны прылятуць, прыгожыя, новенькія і “разумныя”! Не варта быць партнёрам з жывёлай, якая забірае ўласны народ газам і атрымлівае задавальненне ад гэтага”, – напісаў у адказ Трамп у сваім твітэры ў сераду.
Зараз Злучаныя Штаты і іхныя хаўруснікі плануюць абстрэльваць войскі і ваенную інфраструктуру Асада ў адказ на хімічную атаку, якая, па дадзеных медыцынскіх дабрачынных арганізацый, адбылася ў горадзе Дума ў суботу і забіла дзясяткі людзей.
Перадгісторыя
У 2013 годзе пасля аналагічных хімічных атак пад пагрозай амерыканскага ўдару Башар Асад падпісаў Канвенцыю па забароне хімічнай зброі і пагадзіўся аддаць усю сваю хімічную зброю. Расея стала гарантам працэсу гэтага раззбраення.
Аднак, інцыдэнты з выкарыстаннем хімічнай зброі ў Сірыі працягваліся – гэтак закрыты даклад ААН у жніўні 2016 года адкрыта паведамляў, што сілы Асада выкарыстоўвалі хімічную зброю ў красавіку 2014 года падчас бамбардыроўкі горада Талменес і ў сакавіку 2015 года падчас бамбардыроўкі горада Сармін.
Спадарожнікавы здымак базы Шайрат, прааналізаваны сайтам imagesatintl.com. Пазначаны 44 удары “тамагаўкаў” 7 красавіка 2017 году.
4 красавіка 2017 года адбылася хімічная атака на горад Хан-Шейхун, у выніку якой загінулі як мінімум 74 чалавекі. Дадзеныя амерыканскай выведкі засведчылі, згодна словаў прадстаўніка ЗША ў ААН Нікі Хэйлі, што атаку правяла сірыйская авіацыя пад камандваннем Башара Асада.
Амаль роўна год таму 7 красавіка 2017 году амерыканскія караблі абстралялі крылатымі ракетамі Tomahawk авіябазу Шайрат.
Ці змогуць збіць?
Мінулагодняя атака сірыйскай авіябазы паставіла пад сумніў здольнасць і жаданне Масквы абараняць свае і асадаўскіх войскі ад ўдараў ЗША з паветра. Больш за тое, на працягу апошняга году адбыліся новыя бамбардыроўкі войск і аб’ектаў Асада.
Ці не найбольш гучным з іх стаў паветраны разгром групіроўкі, у якую ўваходзілі расейскія найміты з так званай “групы Вагнера” – шчыльна звязанай з Мінабароны РФ групіроўкай наймітаў, якая ўжо выконвала замовы Масквы ў Украіне. Тады ад амерыканскай авіяцыі загінула як мінімум 100 расейскіх баявікоў.
Маскоўскі піяр для ўнутранага карыстання за некалькі месяцаў да ўдараў па базе Шайрат.
Справа ў тым, што пасля знішчэння расійскага бамбардыроўшчыка турэцкім самалётам у канцы 2015 года ў Сірыю былі накіраваныя расійскія найноўшыя зенітныя ракетныя і ракетна-пушачныя комплексы С-300, С-400, Панцирь-С1.
Прычым афіцыйна заяўлялася, што расійскія зенітныя комплексы будуць абараняць не толькі расійскія, але і сірыйскія войскі, а іхная эфектыўнасць абмяжоўваецца толькі баезапасам. Аднак аніводнага разу за мінулы расейскія зенітныя комплексы нікога не абаранілі ад удараў ЗША, Ізраіля ці іхных хаўруснікаў.
Канфрантацыя?
Такім чынам новыя пагрозы Масквы, калі яны будуць ажыццяўляцца, азначаюць чарговае падвышэнне ставак у канфлікце паміж Крамлём і Захадам.
Асабліва небяспечна гучаць пагрозы пра ўдары па носьбітах амерыканскіх крылатых ракет – падобныя заявы не гучалі з часоў Карыбскага крызісу, калі свет стаў перад небяспекай глабальнай атамнай вайны.
Расейскі зенітна-ракетны комплекс С-400 у Сірыі. Фота Мінабароны РФ.
Пры гэтым сам расейскі кантынгент у Сірыі, які налічвае каля 5.000 чалавек і некалькі дзясяткаў паветраных апаратаў, у выпадку канфлікту з ЗША без выкарыстання атамнай зброі можа быць знішчаны за лічаныя дні. Альбо расейскі корпус проста паступова перастане існаваць як баявая сіла з-за таго, што ЗША і іхныя хаўруснікі, выкарыстоўваючы мінімум сіл, могуць легка перакрыць усё снабжэнне расейцаў.
Такім чынам узорнае вайсковае злучэнне, якое мае ці не самую сучасную расейскую зброю, фактычна з’яўляецца закладнікам добрай волі тых жа ЗША і сябра НАТО – Турцыі. З вялікай верагоднасцю гэта азначае, што гучныя заявы расейскага амбасадара ў Ліване застануцца толькі гучнымі заявамі.
Аляксандр Гелагаеў

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў