У вайсковай частцы нумар 31612 у горадзе Ялань Свярдлоўскай вобласці адбылася масавая бойка з удзелам больш за 150 жаўнераў, піша выданне «Ура.ру» са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Паводле дадзеных выдання, канфлікт адбыўся ў цэнтры падрыхтоўкі маладых спецыялістаў паміж групай з 60 вайскоўцаў з Тувы, якія прыехалі на трохмесяцовыя курсы выжывання, і прыкладна сотняй службоўцаў з Яланскага гарнізона. Усе ўдзельнікі канфлікту – кантрактнікі.
«Ура.ру» сцвярджае, што службоўцы з Тувы адзначалі сканчэнне вучобы і ўжывалі спіртное, пасля чаго вырашылі напасці на казарму гарнізона. Яны былі ўзброеныя нажамі і завостранымі прадметамі.
У выніку масавай бойкі пацярпелі 14 чалавек.
У казарме былі выбітыя вокны і пабітая мэбля. Звестак пра затрыманні ў сувязі з масавай бойкай пакуль няма.
У Цэнтральнай вайсковай акрузе, як паведамляе РИА Новости, пацвердзілі факт сутычкі, падкрэсліўшы, што вайскоўцы атрымалі лёгкія траўмы і не ўжывалі халодную зброю.
КА, belsat.eu