Беларуска за 6 год пабывала ў 50 краінах. «Я з дзяцінства марыла пра дзікія вандроўкі»


Карына Добрыкава, вандроўніца з Менску, наведала 58 краінаў на пяці кантынентах, з іх 50 – за апошнія некалькі год. Як беларусу аб’ехаць паўсвету, і чаму вучаць вандроўкі, дзяўчына распавяла «Белсату».

У Еўропу трэба ехаць на пенсіі, а пакуль малады – у Афрыку ды Азію

Карына, калі і куды ты здзейсніла сваю першую вандроўку?

Яшчэ ў дзяцінстве. У вёсцы ў бабулі мы з кузінай на роварах аб’ездзілі ўсе ваколіцы. Нават на самаробных платах праз рэчку перапраўляліся. Гэта ў мяне ад таты. Ён любіць прыгоды, у маладосці аўтаспынам ездзіў, пешшу межы пераходзіў. Я, слухаючы яго, таксама марыла пра такія дзікія вандроўкі. А першы раз за мяжу паехала ў сем год – з бацькамі ў Крым. Потым, у 15 год, – у Балгарыю, праз год – у Турцыю.

Але гэта былі арганізаваныя паездкі. А першая самастойна спланаваная вандроўка?

Калі мне быў 21 год, мы з сяброўкай паехалі ў Індыю, куды самі спланавалі маршрут. Пасля Індыі я зразумела, што не магу спыніцца, што хачу вандраваць далей. І на наступны год мы выправіліся ў Тайланд, Камбоджу, Малайзію.

У спісе тваіх вандровак – шмат вельмі экзатычных краін, у якія з Беларусі нават турфмірмы не возяць. А Еўропа цябе не цікавіць, ці ты яе ўжо ўсю аб’ехала?

Я шмат дзе была і ў Еўропе таксама. Але Еўропа, па-першае, дарагая, у параўнанні з той жа Азіяй ці Афрыкай. Да таго ж, лічу, што Еўропа – гэта калі ты ўжо на пенсіі захочаш узяць нейкую экскурсію, каб проста адпачыць. А пакуль ты малады – трэба ехаць у Афрыку, Азію, за акіян. У такіх месцах часта бывае цяжка. Але гэта цябе выпрабоўвае і загартоўвае, фармуе як асобу, і гэты досвед потым прыносіць плён праз усё жыццё. Вандроўкі дапамагаюць перамагчы свае страхі. А асабліва калі ты вандруеш адзін, як я часта. Да таго ж, я імкнуся не па турыстычных маршрутах ісці, а пазнаваць краіну знутры, мясцовыя адметнасці, адчуваць сябе так, нібы жыву ў гэтай краіне, а не назіраю звонку.

«Напачатку прадзіраешся праз джунглі, а потым, наверсе, у аблоках…»

А якое самае экзатычнае месца табе давялося наведаць?

Востраў Амітэпэ ў Нікарагуа. Гэта востраў на возеры ў выглядзе пясчанага гадзінніка з двума вулканамі. Казачнае месца, якое цяжка апісаць словамі – нібы з іншай планеты. Мы ўздымаліся там на вулкан. Было цяжка. Напачатку ты прадзіраешся праз джунглі, вялікая вільгаць, потым сонца, вулканічная глеба, зусім нестабільная. Без гіда туды нельга падымацца. Было шмат смяротных выпадкаў – людзі губляліся, падалі, бо наверсе ты ідзеш ужо ў аблоках, тумане, дрэнна бачна. Але ўсе гэтыя цяжкасці вартыя таго, каб іх вытрымаць, бо наверсе, ты бачыш усю гэтую прыгажосць, і гэтае адчуванне – я гэта зрабіла, я пераадолела свае страхі і немач! Успаміны яшчэ доўга жывуць у сэрцы, і ад іх нейкую эйфарыю адчуваеш.

Гэта прырода. А людзі і культуры – што найбольш уразіла?

Гасціннасць Каўказу. Так прымаць гасцей больш ніхто не ўмее. Яшчэ разнастайнасць плямёнаў у Афрыцы, і адкрытасць ды гатоўнасць афрыканцаў дапамагчы. Калі там на вуліцы ты ў некага папросіш тэлефон пазваніць, то ён не толькі дасць табе яго, але яшчэ пацікавіцца, ці няма ў цябе якіх праблем, ці не заблукаў ты, і зробіць усё, каб дапамагчы.

«Калі ўсяго баяцца – лепш дома сядзець»

Як у цябе атрымліваецца – вучыцца, працаваць і столькі вандраваць?

Я так планую свой час, каб не сядзець дома. Я – чалавек руху, хатняя рутына мяне стамляе. Падчас вучобы ў Менскім лінгвістычным універсітэце я ўдзельнічала ў студэнцкіх абменах, так трапіла ў Лондан ды ЗША. Потым пайшла працаваць у ІТ-кампанію спецыялістам па міжнародных зносінах. На выходных часта ездзіла ў Еўропу. Калі працавала лагістам у Сочы, наведала суседнія Абхазію ды Чачэнію. І збірала грошы, каб паляцець на Карыбы. Калі мела патрэбную суму, дамовілася на дыстанцыйную працу, і на 4 месяцы выправілася ў Цэнтральную Амерыку – у Мексіку, Нікарагуа, Сальвадор, Коста-Рыку, Панаму, Дамінікану.

А кажуць, што для беларуса вандраваць – гэта вельмі дорага…

Залежыць ад таго, якую вандроўку хоча сам чалавек. Можна жыць у люксусовых гатэлях. А можна – у мясцовых жыхароў, шукаць танныя пералёты. Але такія вандроўкі – сапраўды не для ўсіх. Бо самастойнае планаванне – гэта таксама праца, якая стамляе. Для беларусаў яшчэ дадатковая цяжкасць – візы. Часта бывае складана без турыстычнай агенцыі зрабіць візу. Але галоўнае – адчуваць сябе свабодным і не баяцца. Калі я яшчэ была студэнткай, то вельмі ашчаджала – я мала ела ў паездках, ездзіла аўтаспынам, шукала жытло на каучсёрфінгу, бюджэтныя авіялініі.

Ці здараліся з табой падчас вандровак нейкія небяспечныя сітуацыі?

Неяк пасярод белага дня ў цэнтры Мехіка, хоць там і шмат людзей, раптам два мужчыны з нажамі напалі. На шчасце, нічога страшнага не здарылася, але сяброўка была вымушана аддаць свой айфон. У паліцыю мы не пайшлі, бо ў такім вялікім горадзе няма сэнсу. А другі раз у Ніцы, сёлета, я вярталася дамоў позна ўвечары і нейкі мужчына накінуўся, паваліў мяне на зямлю, нават сінякі засталіся. Мне пашанцавала, што нейкія людзі з балкона пачулі мой крык, і адпужнулі яго, ён уцёк. Цяжка сказаць, як гэтага пазбегнуць. Не заходзіць у загадзя небяспечныя раёны. Але з іншага боку, калі ўсяго баяцца, лепш увогуле дома сядзець.

У Аўстраліі думаюць, што Беларусь – у Афрыцы

А што ў той жа Афрыцы ды іншых далёкіх краях ведаюць пра Беларусь?

На Кубе добра ведаюць Беларусь, бо шмат хто з кубінцаў у 70-я гады ў Менску вучыўся. У іншых краінах Цэнтральнай Амерыкі пра Беларусь некаторыя нават не чулі. У Малайзіі нас ведаюць дзякуючы нашым спартсменам. А вось Лукашэнка знаёмы толькі еўрапейцам – у Афрыцы ды Цэнтральнай Амерыцы не ведаюць яго. Там я нават сутыкнулася з тым, што думалі, што ў Беларусі размаўляюць па-ангельску, бо я амаль без акцэнту размаўляю. Ад аўстралійцаў пачула, што Беларусь – гэтая такая краіна ў Афрыцы.

Ці меў рацыю паэт, калі сказаў, што каб любіць Беларусь, трэба ў розных краях пабываць?

Я люблю Беларусь, заўсёды сэрцам я тут. У нас шмат хто скардзіцца, саромеюцца за нашую краіну, кажуць, што ў нас нічога няма. Але гэта гледзячы з чым параўноўваць. Калі з багатай Еўропай, то канешне падумаеш, што ў Беларусі няма нічога. Але, можа, у нас дрэнна з забаўляльнай інфраструктурай, але вельмі цікавая культура, і шмат месцаў, дзе можна безліч цікавага адкрыць пра наш народ. Прыгожая прырода. Так, сапраўды трэба пабачыць розныя краіны, каб ацаніць, а не скардзіцца ўсцяж. Калі б людзі паехалі ў Афрыку, і паглядзелі, што там, яны б палюбілі Беларусь нарэшце.

А можаш пахваліцца колькасцю вандровак па Беларусі?

Па Беларусі, на жаль, я няшмат ездзіла. Падчас вучобы былі экскурсіі, ездзіла ў Слонім, Віцебск, Нясвіж. Няшмат, на жаль.

У вандроўцы галоўнае – замежная мова

Ці можаш сказаць, што вандроўкі цябе нечаму навучылі, неяк змянілі?

Вандроўкі ўзбагачаюць тваю душу, робяць цябе мацнейшым, дадаюць вытрымку. Але гэта мусіць быць вандроўка, якую ты сам сабе арганізоўваеш, у якой трэба разлічваць, каб хапіла на ўсё грошай, каб паспець на аўтобус ці самалёт. Часта пасля такіх вандровак ты вяртаешся стомленым. Але для мяне гэта вельмі каштоўнае. Я пазнаю свет, людзей, не з тэлевізара, а ўжывую. А як вяртаюся, звычайна вельмі хачу працаваць, маю шмат энергіі і новых ідэй.

Куды яшчэ хочаш паехаць?

Шмат куды. Свет вялікі. Вельмі хачу ў Папуа. Паглядзець на нешта дзікае, куды турысты не ездзяць – як жывуць плямёны ў афрыканскіх джунглях. Як даследчык у экспедыцыю паехаць. У Антарктыду, напрыклад.

Што б ты параіла чалавеку, які вырашыў – еду вандраваць?

Нічога асаблівага – проста ўзяць і паехаць. Але галоўнае – ведаць замежныя мовы, хоць бы ангельскую. Без мовы ты будзеш адчуваць сябе як у каробцы, вельмі абмежавана. Для мяне самым страшным было б, калі б у мяне забралі веданне моваў (Карына размаўляе на ангельскай, гішпанскай, французскай – ДБ). Мне падабаецца глядзець на прыгажосць прыроды, але мне трэба размаўляць і чуць чалавека. Бо для мяне кожная вандроўка – гэта найперш камунікацыя з мясцовымі людзьмі. Мне цікава як мага больш людзей пазнаваць на планеце.

Данута Бароўская для belsat.eu

Стужка навінаў