Максім Чыгунка: Казка пра тое, як цар Газпром «па вушы ўлез» у беларускую трубу


Шмат вякоў таму праз беларускія палі і лугі праклалі трубу, па якой ад цара Газпрому ў Еўропу ішоў газ. Троху гэтага газу браў сабе беларускі князь, каб людзі маглі сагрэцца і прыгатаваць ежу. Беларускі князь, які хацеў быць сябрам цара Газпрому, вельмі смуціўся, што мусіў плаціць за ўзяты газ.

– Хопіць, столькі плаціць за ваш газ не будзем, – сказаў ён у адзін цудоўны дзень – і не заплаціў.

Цар Газпром не доўга думаў:

– Ах, вось ты які! – і закруціў кран, але не цалкам, бо ў Еўропе таксама хацелі сагрэцца і прыгатаваць ежу.

Беларускі князь на гэта адказаў:

– Вы забіраеце ад нас газ, каб наш народ сядзеў у халадэчы і сілкаваўся астылымі закускамі…

І – бац! Князь замест таго, каб пусціць газ у Еўропу, даў яго свайму народу.

У канцы цар і князь селі разам і дамовіліся – Беларусь заплаціла доўг, але і сабе ўзяла больш золата за тое, што па яе трубах газ цёк на Захад.

Цар Газпром падумаў аднак:

– Чаму мы будзем плаціць за транзіт і разам з тым баяцца, што іхны беларускі князь украдзе наш газ ізноў, калі мы пасварымся.

Цар сеў і прыдумаў, каб выкупіць цэлую беларускую трубу. Як вынайшаў, гэтак і зрабіў.

Усе дзівіліся беларускаму князю, які аддаў такое багацце – бо цяпер Газпром дасць газ толькі тады, калі захоча. Але беларускі князь быў не такі дурань, якім ён часам выглядаў – ціха сядзеў і чакаў.

Ішлі дні за днямі, а газ таннеў, таму беларускі князь сказаў Газпрому:
– Гэтак шмат золата за газ мы вам не дамо – давайце зніжку!

Але цар Газпром не хацеў даваць ніякай зніжкі.

– Мы дамовіліся пра большы кошт. Ці памятаеш, беларускі княжа? Ты ж сам падпісваў дамовы! – казаў Газпром.

Але беларускі князь праславіўся тым, што рабіў усё паводле сваёй волі, таму адказаў:

– Мы будзем плаціць столькі, колькі хочам, і калі вам не падабаецца, то ідзіце і шукайце справядлівасці ў нашых судах.

Хоць труба ўжо не належала беларускаму князю, але ўсцяж знаходзілася ў ягонай зямлі, таму толькі ягоны суд мог разглядаць гэтую справу. А суды ў Беларусі былі надта суровыя – адзін раз нават пакаралі аднарукага за тое, што «хлопаў у ладкі на вуліцы» і тым самым чыніў бязладдзе.

– Ідзі, ідзі, але не думай, што наш суд будзе шкодзіць простаму народу і 46 кампаніям «Белтопгазу», – сказаў беларускі ўладар.

Зажурыўся цар Газпром, бо ён ведаў, што з такім судом не выйграе нават самы магутны цар, нават ён, які сам дае газ. Таму цар папрасіў замежны трыбунал, каб той разглядаў гэтую справу. Але было вядома, што пройдуць гады, пакуль трыбунал разбярэцца ў справе і абвесціць прысуд. Так мінаюць гады за гадамі, а цар Газпром як не бачыў свайго золата, так і дагэтуль яго не мае.

Ужо даўно існавалі асцярогі, што Расея прыватызуе найлепшыя беларускія прадпрыемствы ў абмен на крэдыты. Беларускія аналітыкі скардзіліся тады, што Беларусь згубіць сваё «фамільнае срэбра». Справа аднак суцішылася з простай прычыны – любая спрэчка замежнага інвестара з дзяржавай або іншымі беларускімі кампаніямі будзе разглядацца беларускім судом, які несумненна выдасць рашэнне на карысць беларускага боку.

І дзеля гэтага не будзе патрэбны нават тэлефонны званок з Адміністрацыі прэзідэнта. Аказваецца, што цалкам залежная ад уладаў судовая сістэма зʼяўляецца інструментам дзеля падтрымання нацыянальнага суверэнітэту і абароны ад замежных уплываў – пераважна расейскіх.

На жаль, гэты медаль мае і свой адваротны бок. У такой сітуацыі ў Беларусь ніколі не прыйдуць сурʼёзныя інвестары, бо яны ведаюць, што ў адзін цудоўны дзень можа аказацца, што яны занадта дорага прадаюць сваю прадукцыю альбо Лукашэнка заднім чыслом падпісаў указ пра дадатковыя падаткі. Эканоміка без прытоку інвестыцыі ў сваю чаргу асуджаная на павольнае паміранне.

Максім Чыгунка, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары