Пра падрыхтоўку да сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзінь Пінам стала вядома пасля сустрэчы кіраўніка Беларусі з міністрам грамадскай бяспекі Кітая.
На сустрэчы з міністрам грамадскай бяспекі Кітая Го Шэн Кунам прэзідэнт Беларусі заявіў пра намер актывізаваць супрацу з кітайскімі праваахоўнікамі.
«Часы змяніліся, свет стаў вельмі цесным, злачыннасць – інтэрнацыянальнай. Таму перад намі вельмі вялікія задачы, якія мы павінныя вырашаць разам», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
«Беларусы едуць у Кітай, кітайскія грамадзяне – у Беларусь. Мы будуем шмат супольных прадпрыемстваў у Кітаі, і тут, у Беларусі, працуе мноства грамадзянаў з Кітаю. Натуральна, што з усімі станоўчымі і негатыўнымі тэндэнцыямі ў нашых краінах ідуць плыні праблемаў, – кажа Лукашэнка. – Таму ўзнікае неабходнасць больш актыўнай і цеснай працы паміж праваахоўнымі ўстановамі».
Апроч барацьбы са злачыннасцю, супраца з Кітаем у галіне бяспекі будзе адбывацца таксама ў рэчышчы абмену досведам у арганізацыі маштабных спартовых імпрэзаў, барацьбою з кіберзлачыннасцю, працы пракуратураў і праваахоўных органаў, лічыць БДГ.
Неўзабаве мае адбыцца сустрэча беларускага прэзідэнта і старшыні КНР.
«Калі сустрэча з таварышам Сі адбудзецца, яна будзе значнай для Менску і заўважнай у свеце, бо гэта адбудзецца адразу пасля таго, як кітайскі лідар сустрэўся з прэзідэнтам ЗША», – заяўляе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
За час кіравання краінай Лукашэнка здзейсніў 9 візітаў у Кітай.
ДД
Глядзіце таксама: