Кіраўнік Беларусі 5 сакавіка правёў сустрэчу са старшынёй Савету Федэрацыі Расеі Валянцінай Матвіенкай. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.
На сустрэчы кіраўнік Беларусі ўручыў Валянціне Матвіенцы ордэн Францішка Скарыны «за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне дружалюбных стасункаў і развіццё супрацы паміж Беларуссю і Расеяй». Указ аб узнагароджанні быў падпісаны амаль год таму.
«У кабінеце я не ўручаю нікому ўзнагароды, акрамя сваіх людзей», – падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама падарыў Матвіенцы букет беларускіх кветак, абраз святой Валянціны Менскай і кнігу «Смак беларускай кухні».
У гэты ж дзень Матвіенка сустрэлася са старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай, каб абмеркаваць «новыя эфектыўныя фарматы, кантакты». Былі дасягнутыя дамоўленасці, накіраваныя на ўмацаванне гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязяў паміж краінамі, паведамілі ў Савеце Рэспублікі.
Качанава і Матвіенка таксама ўзялі ўдзел у першым сумесным пасяджэнні арганізацыйных камітэтаў для падрыхтоўкі ды правядзення VII Форуму рэгіёнаў Беларусі ды Расеі.
Апроч таго, яны паўдзельнічалі ў цырымоніі перадачы капсулы з зямлёй з месцаў баёў пад Ржэвам у 1941 годзе менскай святыні-помніку ў гонар Усіх Святых. Пасля завяршэння цырымоніі мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел падарыў Валянціне Матвіенка ікону прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Ордэн Скарыны быў заснаваны ў 1995 годзе як адна з найвышэйшых дзяржаўных узнагародаў Беларусі за асаблівыя заслугі ў справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння.
Сярод лаўрэатаў ордэну – спявак Уладзімір Мулявін, актор Расціслаў Янкоўскі, расейскі фізік беларускага паходжання Жарэс Алфёраў, а таксама былы расейскі прэзідэнт Барыс Ельцын, былы мэр Масквы Юрый Лужкоў і расейскі кампазітар і музычны прадзюсар Віктар Дробыш.
МГ belsat.eu