Лукашэнка: «Пройдзены няпросты шлях нармалізацыі адносінаў з Еўразвязам»


Беларусі прынцыпова важна ў роўнай ступені развіваць супрацу з Усходам і Захадам, не робячы выбару паміж імі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па прыярытэтам вонкавай палітыкі Беларусі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што шматвектарнасць застаецца адным з найважнейшых прыярытэтаў беларускай вонкавай палітыкі. Між тым, «стратэгічным саюзнікам нашай краіны была, ёсць і застанецца Расея». Ён падкрэсліў, што Расея застаецца таксама асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі, «нягледзячы на ​​ўсе перашкоды, якія ўзнікаюць для нас на гэтым рынку, у тым ліку штучныя».

«І па заходнім вектары ёсць канструктыўныя зрухі. Пройдзены няпросты шлях нармалізацыі адносінаў з Еўразвязам. Паступова нарошчваюцца тэмпы развіцця супрацы з ЗША», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Паводле Лукашэнкі, у ліку знешнеэканамічных прыярытэтаў застаецца і далейшая нармалізацыя адносінаў з Еўразвязам.

«Наш сусед – Еўрапейскі звяз – перажывае няпростыя часы. Сёння там сутыкнуліся з цэлым шэрагам сурʼёзных выклікаў. Але, смею запэўніць, з гэтымі выклікамі Еўразвяз справіцца. Я ўжо шмат разоў казаў, што нам патрэбны моцны Еўрапейскі звяз як у эканамічных, так і ў палітычных адносінах. ЕЗ – гэта магутная, адна з апор шматпалярнага свету. Гэтым усё сказана», – заявіў ён.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь не павінна ўпусціць магчымасці ў плане супрацы з ЕЗ.

«Трэба літаральна ўгрызацца ў еўрапейскі рынак, які зʼяўляецца найбольш плацежаздольным і тэхналагічным. І гэта задача для ўсіх», – заявіў ён.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары