Лукашэнка прагназуе 500 млн долараў прыбытку ў бюджэт ад вытворчасці і продажу цыгарэтаў


Прапановы па змене сістэмы працы ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў вынесеныя на нараду ў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць дзве прычыны для правядзення гэтай нарады. Першая – гэта вялікі попыт за межамі Беларусі на адпаведную прадукцыю. «Ясна, што гэта падакцызны тавар, што бюджэт ад гэтага атрымлівае вялізарныя сродкі. У гэтым годзе мы чакаем 1 млрд, рублёў то бок 0,5 млрд долараў. Гэта вялікія падатковыя паступленні», – перадае БелТА словы Лукашэнкі.

Лукашэнка дадаў, што асабіста ён не прымае тых, хто паліць або злоўжывае алкаголем.

«Але, тым не менш, гэтая галіна ў Беларусі развіваецца актыўна, і не толькі ў сувязі з тым попытам, які існуе на прадукцыю. Праўда, што да Беларусі, то ў апошні час, як мяне інфармуюць, у нас попыт на гэты тавар стабілізаваны і росту ніякага няма. Гэта ўжо добра», – заўважыў Лукашэнка.

Другая прычына для правядзення нарады – прапановы асобных прадстаўнікоў беларускага бізнесу аб удасканаленні вытворчасці і рэалізацыі гэтай прадукцыі.

«Як сцвярджаюць самі бізнесмены, патэнцыял нашай тытунёвай галіны далёка не вычарпаны. Ёсць прапановы па змене сістэмы работы ў гэтай сферы », – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што пастаянна павялічваюцца аб’ёмы выпуску тытунёвай прадукцыі, высокімі тэмпамі нарошчваецца і экспарт.

«Да мяне нават у апошні час звярнуліся замежныя прадпрымальнікі пра тое, што нашы прадпрыемствы не хочуць прадаваць прадукцыю на экспарт. Ёсць вялікія нішы, нават у Еўрапейскім звязе. Яны нам выгадныя. Чаму мы не хочам іх запаўняць? Я даручаў праверыць гэтую інфармацыю. Сёння пра гэта даложаць. Гаворка ідзе пра адну са значных крыніц папаўнення бюджэту. Таму калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прадамо мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя», – сказаў Лукашэнка.

Ён запэўніў, што прапанаваныя схемы рэалізацыі будуць ажыццяўляцца неадкладна, «калі будуць адпавядаць інтарэсам дзяржавы».

Паводле справаздачы віцэ-прэмʼера Міхаіла Русага, у параўнанні з 2000 годам вытворчасць тытунёвых вырабаў у Беларусі ўзрасла больш чым у 3 разы, экспарт – больш чым у 16 ​​разоў, а імпарт скараціўся больш чым у 25 разоў. Ўнутраны рынак на сённяшні дзень больш чым на 95% забяспечваецца прадукцыяй уласнай вытворчасці.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў