Разам з палёгкаю для вядзення бізнесу ён адзначыў, што павысіцца адказнасць прадпрымальнікаў.
На адмысловай нарадзе, прысвечанай прапановам для стымулявання бізнес-ініцыятывы, Лукашэнка запатрабаваў падрыхтаваць усе неабходныя дакументы да 1 кастрычніка.
«Не дай бог, пасля першага кастрычніка, калі гэтыя дакументы набудуць моц, нехта недзе не так будзе сябе паводзіць – мала не пакажацца, я вам гарантую», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што ад уладаў чакаюць рашэнняў, якія дазволяць любому чалавеку адкрыць свой бізнес і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў.
«Усе непатрэбныя адміністрацыйныя бар’еры і працэдуры, якія замінаюць працы, неабходна ліквідаваць. Іх, на жаль, на сённяшні дзень нямала», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава «не павінная і не страціць кантролю ў эканоміцы».
«Людзі нам потым гэтага не даруюць. Калі нешта здарыцца, пытацца з нас, з улады, і менш – з бізнесу», – сказаў ён.
Плануецца, што ў пакет дакументаў па пытаннях стымулявання дзелавой ініцыятывы ўвойдуць каля дзесяці нарматыўна-прававых актаў. Калі будзе прынятае канчатковае рашэнне па дакументах, Лукашэнка не агучыў.
ДР belsat.eu паводле belta.by