Кіраўнік Беларусі паскардзіўся на пленарным пасяджэнні II З’езду навукоўцаў на тое, што яго папракаюць «у мяккай беларусізацыі».
«Неабходна шукаць новыя формы прапаганды беларускай культуры і навукі і навучыцца рабіць гэта цікава ды займальна», – мяркуе Лукашэнка.
Паводле Лукашэнкі, «рознага роду дзеячы» нават «у роднай Расеі» не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі.
«Мяне ў чым папракаюць? Што я ў Беларусі зладзіў мяккую беларусізацыю. Слухайце, мне што, германізацыю тут зладзіць?», – запытаўся Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка назваў такі падыход «заказухаю» і параіў беларускім навукоўцам і журналістам працаваць, каб «расейцы ведалі, што адбываецца ў самай блізкай для іх краіне».
Таксама кіраўнік Беларусі паведаміў, што за 5 гадоў вытворчасць інавацыйнай прадукцыі вырасла ў два разы і паабяцаў падняць навукоўцам заробак. Адпаведны ўказ ён плануе падпісаць яшчэ ў гэтым годзе.
У з’ездзе бяруць удзел 2600 чалавек.