Лукашэнка хоча паглядзець, як бегаюць, скачуць і страляюць беларускія афіцэры


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер праверыць фізпадрыхтоўку афіцэраў беларускага войска.

«Трэба ўзмацніць патрабаванні да фізічнага выхавання вайскоўцаў. Таму падтрыманне добрай фізічнай формы павінна стаць паўсядзённым нормай кожнага афіцэра. І ў такой справе, вядома, важны асабісты прыклад камандзіра», – сказаўЛукашэнка падчас сустрэчы з камандным складам Узброеных сілаў, паведамляе interfax.by са спасылкай на дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У сувязі з гэтым прэзідэнт даручыў дзяржсакратару Савету бяспекі Аляксандру Мяжуеву распрацаваць праграму, «каб я мог дзесьці праверыць нашых афіцэраў: як яны бегаюць, скачуць, кіруюць транспартам, валодаюць зброяй».

«Мы мусім у гэтым годзе паглядзець на наш афіцэрскі корпус, пачынаючы ад цэнтральнага апарату і заканчваючы канкрэтнымі падраздзяленнямі», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка запэўніў, што калі ўзнікне неабходнасць ваеннай абароны дзяржавы, то пойдзе ваяваць у першых шэрагах.

«Вы мусіце ведаць: у неабдуманыя, непатрэбныя для краіны авантуры я вас ніколі не ўцягну. Але, калі давядзецца абараняць сваю зямлю і стаяць спіной да спіны, плячом да пляча, вы можаце быць упэўненыя, што мяне вы там убачыце ў першых шэрагах», – падкрэсліў лідар Беларусі.

У час наведвання Міністэрства абароны Аляксандру Лукашэнку  падарылі аўтамат Калашнікава. «Добрая зброя, мая», – сказаў Лукашэнка, прыняўшы падарунак.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў